Skip to main content

Сяброўства як крыніца надзеі. Частка I.

  • 19 студзеня, 2025
  • Кс. Раман Суша

Часта, калі мы вяртаемся дадому пасля цяжкага працоўнага дня, наша душа прагне супакою, натхнення і цеплыні. Сярод многіх рэчаў, якія даюць нам сілы, асаблівае месца займаюць сапраўдныя адносіны з людзьмі вакол. Для кожнага з нас сяброўства можа стаць не проста прыемнай магчымасцю пабыць разам, але і шляхам да глыбейшага пазнання Хрыста.

Аднак ці можна паглядзець на сяброўства як на сапраўдную духоўную з’яву? Прапануем зазірнуць у погляд вядомага багаслова і філосафа, айца Паўла Фларэнскага, які разважаў пра сяброўства як пра штосьці больш глыбокае, чым звычайныя сацыяльныя сувязі.

Што такое «сяброўства»?

Фларэнскі адзначае, што сяброўства – гэта не проста спантанная сімпатыя ці маральная падтрымка[1]. Для яго сяброўства мае сапраўднае анталагічнае (г.зн. датычнае да сутнасці быцця) і містычнае вымярэнне. У адрозненне ад звыклых уяўленняў, ён бачыць у ім не толькі псіхалагічныя перажыванні (калі мы рады адно аднаму, смуткуем з ім ці дзелімся перамогамі і паразамі), але і асаблівы «запавет» – даручэнне, якое патрабуе сталых намаганняў і адданасці справе адзінства людзей.

Такі падыход радыкальна адрозніваецца ад больш «бытавых» уяўленняў пра сяброўства. Напрыклад, калі нехта скажа, што сяброўства – гэта проста прыемная з’ява, якая дае нам радасць і падтрымку, Фларэнскі на гэта адказвае: «Але ці не забываем мы, што сапраўднае сяброўства выходзіць за межы эмпірычных праяў, такіх як слёзы або абдымкі? Яно караніцца ў глыбіннай любові, здольнай да ахвярнасці і самавыпусташэння». У тэалогіі такое самавыпусташэнне (кенозіс) часта разумеюць як прыклад бязмежнай любові Бога да чалавека, калі Хрыстос аддае сябе дзеля нашага збаўлення.

Чатыры тыпы любові

Каб лепш асэнсаваць феномен сяброўства, Фларэнскі звяртаецца да чатырох старажытнагрэчаскіх дзеясловаў, якія раскрываюць розныя бакі любові[2]:

  1. ἐρᾶν (эра́н) – любіць са страсцю, натхненнем і жаданнем.
  2. φιλεῖν (філе́йн) – любіць пяшчотна, з блізкасцю і сардэчнасцю.
  3. στέργειν (стэ́ргейн) – любіць спакойна і трывала, як бацькі любяць дзяцей або як грамадзяне любяць радзіму.
  4. ἀγαπᾶν (агапа́н) – любіць свядома і рацыянальна, з адданасцю і жаданнем дабра для іншага[3].

Фларэнскі акцэнтуе ўвагу на тым, што φιλεῖν (філе́йн) можа найбольш адпавядаць паняццю «сяброўства» ў звыклым для нас сэнсе: гэта пяшчотная, добразычлівая любоў, якая нараджае спантаннае жаданне быць разам і дзяліцца сваімі радасцямі ці цяжкасцямі. Тым не менш, сапраўднае сяброўства можа спалучаць у сабе і іншыя вымярэнні любові – ад лёгкага натхнення да цяжкага ахвярнага клопату[4].
Далей Фларэнскі гаворыць пра галоўную адметнасць сапраўднага сяброўства: яно з’яўляецца крыніцай надзеі, сімвалам будучыні, бо яднае «Я» з «іншым» у адно цэлае. Гэта не проста эмоцыі ці выгадная сувязь[5], але глыбінная агульнасць жыцця. У сваім галоўным творы «Слуп і падмурак ісціны» ён называе такое адзінства сутнасным, або «адзіным патокам жыцця». Тут няма месца паняволенню аднаго чалавека другім, прымусу або кампрамісу. Гэта менавіта гарманічная еднасць, дзе кожны жыве жыццём іншага праз агульныя волю, думкі і пачуцці (падобна як на сяброўства глядзеў і Цыцэрон).

Духоўнае вымярэнне сяброўства

Духоўны аспект сяброўства раскрываецца і ў тым, што мы глядзім на іншага як на вобраз Божы. Для хрысціянскай традыцыі гэта асабліва блізка: любоў да бліжняга заўсёды мае на ўвазе павагу да годнасці чалавека, створанага па вобразе і падабенстве Божым. У такім ракурсе «прыняцце ў душу сяброўскага “Я”» [6] робіцца не проста эмацыйным спалучэннем, а сапраўднай духоўнай практыкай, якая патрабуе ад нас адкрытасці, прабачэння і ўмення ахвяраваць сабой.

Чым сяброўства адрозніваецца ад саюза?

Фларэнскі робіць важнае адрозненне паміж «саюзам» і «яднаннем». Саюз можа быць проста дамовай – зручнай або выгаднай пагадненнем паміж двума бакамі. Але су­тнаснае яднанне – гэта нашмат больш: двое робяцца адзіным цэлым[7]. Так, і ў сямейным жыцці, і ў сяброўстве, і ў касцёльнай супольнасці мы гаворым пра адзінства, якое пераадольвае вузкія межы «я» і «ты». Такім чынам, у сапраўдным сяброўстве паўстае новае «мы», якое дае прадсмак надзеі. Гэты прадсмак падобны да той супольнасці надзеі, якую бачыць святы Аўгустын у візіі Нябеснага Ерузалема (пар. Disc. 313/F). Надзеі не на зямныя супольнасці, якія расчароўваюць, а будаванне супольнасці, якая будзе трываць навекі. Супольнасці надзеі, для якой мэта – неба.

Заключэнне

Многія з нас, верагодна, адчувалі, як прыгожа мець хаця б аднаго сапраўднага сябра, з якім можна падзяліцца самым дарагім і атрымаць у адказ разуменне і любоў. Праз прызму ідэй айца Паўла Фларэнскага становіцца відавочным, што сяброўства – гэта не проста «кароткая сустрэча» або «перакрыжаванне інтарэсаў». Гэта шлях да духоўнага ўзрастання.

Для каталіцкай супольнасці, якая жыве сакрамэнтамі і супольнай малітвай, ідэя еднасці асабліва каштоўная. Яднаючыся з Хрыстом у Эўхарыстыі, мы адначасова вучымся аддаваць сябе іншым (сінэргія камуніі). Такім чынам, сяброўства, пра якое гаворыць Фларэнскі, можа стаць для нас напамінам, што сапраўдная любоў да Бога заўсёды ідзе поруч з любоўю да бліжняга. І калі мы, стомленыя ад штодзённых клопатаў, вернемся дадому, магчыма, знойдзем хвілінку часу, каб з удзячнасцю задумацца: хто ж у маім жыцці дорыць мне такі каштоўны дар сапраўднага сяброўства? І ці аддаю я дастаткова сябе, каб быць такім жа сябрам у адказ?

Перайсці да спісу ўсіх тэм праекта.


[1] Пар.Pantchenko, T., «Friendship in the Economy of the Church (Reflections of Fr. Pavel Florensky)», у Вестник СвятоФиларетовского института 20 (2016), 72.

[2] Пар. Флоренский, Столп и утверждение истины, CTO, 2013, 320-322.

[3] Пар. Флоренский, Столп и утверждение истины, 320-321.

[4] Пар. Флоренский, Столп и утверждение истины, 319-320.

[5] Пар. Флоренский, Столп и утверждение истины, 333.

[6] Флоренский, Столп и утверждение истины, 347.

[7] Пар. Флоренский, Столп и утверждение истины, 334-335.