Skip to main content

Межы навукі і этыка: у Рыме абмеркавалі будучыню біятэхналогій

  • 18 лістапада, 2024
  • кс. Раман Суша

18-19 лістапада 2024 года ў Папскай дзіцячай бальніцы Bambino Gesù — «Дзіцятка Езус» — у Рыме праходзіць сімпозіум на тэму «Этыка інжынерыі жыцця». Падчас сустрэчы эксперты абмяркоўваюць межы і перспектывы сучасных біямедыцынскіх тэхналогій, у тым ліку генетычнае рэдагаванне і сінтэтычную біялогію. Адной з асноўных тэм стала выкарыстанне тэхналогіі CRISPR/Cas9, якая дазваляе змяняць геном чалавека, адкрываючы новыя магчымасці для лячэння складаных захворванняў, але разам з тым выклікаючы этычныя пытанні. З даручэння Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў сустрэчы прымае ўдзел кс. Раман Суша.

Адным з першых дакладчыкаў выступіў доктар Ральф Штуцкі са Швейцарыі, падкрэсліўшы важнасць усталявання этычных прынцыпаў і адказнасці пры распрацоўцы новых біямедыцынскіх тэхналогій. Ён нагадаў пра старажытныя міфы, такія як міф пра Праметэя, які падкрэслівае небяспеку некантраляванага выкарыстання ведаў, і заклікаў да адкрытага дыялогу і празрыстасці ў навуковых даследаваннях.

Прафесар Рэндал Плат з Швейцарскай вышэйшай тэхнічнай школы Цюрыха прадставіў дасягненні ў галіне рэдагавання геному з дапамогай CRISPR/Cas9, адзначыўшы, што тэхналогія дазваляе ўносіць змены ў ДНК з высокай дакладнасцю, што можа стаць прарывам у лячэнні генетычных захворванняў. Аднак ён таксама падкрэсліў важнасць абмеркавання патэнцыйных рызык і пабочных эфектаў, звязаных з гэтымі метадамі.

Асаблівая ўвага на канферэнцыі была нададзена пытанням даступнасці і кошту генетычных тэрапій. Удзельнікі адзначылі, што сучасныя метады, такія як клетачная тэрапія, могуць каштаваць да мільёна еўра за працэдуру, што абмяжоўвае іх даступнасць. Быў прыведзены прыклад з Бразіліі, дзе дзяржаўныя субсідыі дазволілі знізіць кошт і зрабіць лячэнне даступным для большай колькасці пацыентаў.

Важнай тэмай абмеркавання таксама стала сінтэтычная біялогія і стварэнне штучных клетак. Даклады тычыліся распрацоўкі клетак, здольных да самасінтэзу, і вывучэння магчымасцей іх прымянення ў медыцыне. Удзельнікі адзначылі, што сінтэтычная біялогія адкрывае новыя гарызонты ў разуменні жыцця, але патрабуе ўважлівага этычнага аналізу і міжнароднага рэгулявання.

Арганізатары сустрэчы падкрэслілі важнасць міждысцыплінарнага падыходу і супрацоўніцтва паміж навукоўцамі, філосафамі і прадстаўнікамі рэлігійных арганізацый для распрацоўкі адказных і этычна абгрунтаваных рашэнняў у галіне біямедыцынскіх тэхналогій.