Skip to main content

Душпастырства глухіх як асаблівы клопат Касцёла: як мінскія католікі моляцца на мове жэстаў

  • 15 сакавіка, 2025
  • Рэпартаж і фота: Ганна Краснадэмская // Catholicminsk.by

Мінскія католікі, якія маюць інваліднасць па слыху, ужо год маюць магчымасць маліцца на “сваёй мове”. Менавіта ў лютым 2024 года па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілеўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага адноўлена душпастырства глухіх, і з гэтага часу вернікі кожны тыдзень збіраюцца на адмысловай Імшы з сурдаперакладам у галоўнай святыні горада ― Архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. А галоўнае ― яны займелі свайго душпастыра, які валодае мовай жэстаў. Ім стаў ксёндз Ян Кузюк, вікарый катэдральнай парафіі.

Нядзеля, 16:30, некалькі хвілін да Імшы, а ў катэдры незвычайная цішыня, людзей няшмат, няма звыклага шэпту… 

Распачынаецца Імша і чуецца павольны голас святара, які дублюе сказанае жэстамі. Перад ім ― людзі з асаблівасцямі слыху, і трэба данесці духоўны сэнс з дапамогай таго інструмента, які яны разумеюць. І добра, што такая магчымасць у беларускіх католікаў ёсць. 

На гэтай Імшы няма звыклых спеваў, а ў якасці літургічнай ― руская мова. Падчас казання ксёндз Ян падыходзіць бліжэй да прысутных, каб у інтэрактыўнай форме яшчэ раз абмеркаваць змест прачытанага. Гаворка на мове жэстаў ідзе пра чытанне з Евангелля паводле Лукі, саракадзённае прабыванне Хрыста ў пустыні і д’ябальскія выпрабаванні ― зараз час Вялікага Посту.

Вернікі радуюцца магчымасці супольна праслаўляць Бога і пазнаваць Яго Слова.

Мы шчаслівыя, што Бог пачуў нас і мы можам маліцца разам. Біблія ― гэта як гісторыя нашага жыцця. У гэтай мудрай кнізе мы знаходзім вырашэнне сваіх жыццёвых праблем. Для нас вялікая радасць, што праз чалавека, ксяндза Яна, Бог прамаўляе да нас”, ― падзялілася спадарыня Святлана Ганеева. Жанчына цудоўна размаўляе, нават не верыцца, што чалавек цалкам глухі, а разумее, толькі чытаючы па вуснах.

Імшы папярэднічае не толькі духоўная, але і практычная падрыхтоўка: рыхтуецца да чытанняў і казання святар, каб найбольш дакладна і зразумела перадаць жэстамі змест Евангелля; пад яго кіраўніцтвам адпрацоўваюць знакі адказныя за чытанні і псальм вернікі, для чаго трэба прыйсці ў касцёл на гадзіну раней.  У гэты раз адказнымі былі спадарыня Святлана Ганеева і спадар Тадэвуш Бекіш. Яны дасканала валодаюць жэставай мовай, і нават малазразумелыя шараговаму слухачу “аспид и василиск” з 91-а Псальма (віды атрутных змей ― заўвага аўтара) у іх тлумачэнні не выклікаюць цяжкасцей у прысутных. Такой уважлівай працы з тэкстамі Святога Пісання не лішнім будзе павучыцца і верніку без праблем са слыхам.

Сам я родам з Гродна і штолета туды езджу. Раней, калі прыязджаў, наведваў нядзельную Імшу для глухіх, якая ўжо даўно ёсць у Гродне. Святар, а гэта быў ксёндз Валерый Лісоўскі, заўважыўшы новага чалавека, запытаўся, адкуль я. Я патлумачыў, што жыву і працую ў сталіцы і што хаджу на звычайную Імшу. Ксёндз даручыў мне сабраць групу глухіх у Мінску, а сам дамовіўся, каб нам выдзелілі час для малітвы ў Чырвоным касцёле, і пачаў да нас прыязджаць”, – патлумачыў спадар Тадэвуш.

Спадарыня Ірына Мароз у сваю чаргу апавядае, як распачыналася душпастырства глухіх, з асаблівай падзякай і цеплынёй узгадваючы былога пробашча парафіі святых Сымона і Алены ксяндза прэлата Уладзіслава Завальнюка і новага пробашча названай парафіі, а таксама парафіі Маці Божай Будслаўскай, ксяндза каноніка Францішка Рудзя, былога душпастыра глухіх. Аднак у Чырвоным касцёле вернікам даводзілася маліцца ў невялікім падвальным памяшканні, а ў парафію на Каменнай горцы не ўсім зручна было дабірацца і ўздымацца на ўзвышша. 

“Зараз усё нашмат зручней, бо Імша ў цэнтры і штонядзелю, а веліч катэдры дапамагае ўзнёсла маліцца, заўважае ксёндз Ян.

Ксяндза Яна вернікі ўспрымаюць як сапраўдны падарунак, ласкава называючы яго “наш Янак”. У супольнасці пануе сяброўская атмасфера, удзельнікі даўно знаёмыя паміж сабой, і сённяшняга душпастыра таксама ведаюць яшчэ з першай сумеснай экскурсіі для глухіх асоб з Гродна ў Польшчу ў 2014 годзе.

“Распачалася мая гісторыя знаёмства з глухімі людзьмі яшчэ на трэцім курсе Гродзенскай духоўнай семінарыі ў 2008 годзе. У нядзелю Добрага Пастыра ўсіх семінарыстаў скіравалі ў розныя касцёлы. Мяне ― у пабрыгіцкі касцёл у Гродне (Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ― заўвага аўтара). Там ужо тады была Імша для глухіх, я прыняў удзел ва ўсіх пяці Імшах, якія служыліся ў гэты дзень, і пасля апошняй пазнаёміўся з двума глухімі хлопчыкамі школьнага ўзросту, Жэнем і Лёшам. У той час футбольная каманда семінарыі ўдзельнічала ў розных спаборніцтвах, хлапчукі сачылі за гэтымі навінамі ў інтэрнэце і пазналі мяне. Яны так імкнуліся хоць нешта сказаць мне, што пачалі пісаць на паперы. Мяне гэта ўзрушыла. З таго моманту думка пачаць вучыць мову жэстаў мяне ўжо не адпускала”, ― падзяліўся ўспамінамі святар.

Ці варта казаць, што ксёндз Ян прыехаў і на наступную Імшу для глухіх? І ездзіў ўсе наступныя гады навучання ў семінарыі і нават пасля яе сканчэння падчас служэння ў Путрышках каля Гродна. За гэты час ўдалося на пэўным узроўні вывучыць мову, у тым ліку дзякуючы дапамозе ксяндза Валерыя Лісоўскага, душпастыра глухіх у Гродне. Пасля дадаткова цягам года ксёндз Ян два разы на тыдзень наведваў заняткі пры Гродзенскім таварыстве глухіх.

Затым былі іншыя месцы служэння: Ашмяны, Ваўкавыск… У святара ўжо не было магчымасці прыязджаць і на некалькі год давялося забыцца пра адмысловую Імшу. Страчваліся навыкі валодання жэстамі. Аднак усяго толькі тры месяцы спатрэбілася, каб іх аднавіць, калі ў 2018 годзе ў Гродне ўзнікла патрэба ў душпастыры глухіх у пабрыгіцкім касцёле. Сваё асноўнае служэнне ксёндз Ян нёс у пабернардынскім касцёле ў якасці вікарыя (Касцёл Адшукання Святога Крыжа ― заўвага аўтара). У гэтым касцёле, дарэчы, калісьці яшчэ ў 90-я гады ксёндз Андрэй Радзевіч цэлебраваў самую першую Імшу для глухіх з дапамогай сурдаперакладчыка.

Летам 2022 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звярнуўся да ксяндза Яна з просьбай пачаць выкладаць у Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля новую спецыяльнасць “Сурдапераклад”. Паразважаўшы, ксёндз Ян даў згоду. Пачаў добрасумленна ўдасканальваць валоданне жэставай мовай, прайшоў курсы павышэння кваліфікацыі па сурдапедагогіцы (і зараз павышае свой узровень, навучаючыся ў БДПУ імя Максіма Танка) і з лютага 2023 года стаў выкладаць у каледжы.

Паступова да выкладання дадалося і душпастырства глухіх. Група вернікаў налічвае 25 чалавек. Сваіх мінскіх падапечных ксёндз Ян любіць, як дзяцей, хоць гэта ў асноўным людзі старэйшага ўзросту, ведае, чым яны жывуць, займаюцца, расказвае пра іх таленты. Так мы даведваемся, што спадарыня Святлана Ганеева да выхаду на пенсію ўзначальвала Рэспубліканскі Палац культуры Беларускага таварыства глухіх,  а таксама займала пасаду намесніка дырэктара названага таварыства і што яна любіць маляваць, а спадар Тадэвуш Бекіш ― заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, акцёр, рэжысёр і маэстра пантамімы, акрамя гэтага, займаўся таксама спортам і з’яўляецца мастаком.

На сустрэчы прысутнічаюць і студэнткі спецыяльнасці “Сурдапераклад” спадарыні Ірына Чаглей і Ірына Дзенісенка. Яны таксама ўжо паўнапраўныя члены супольнасці.

Як і любая натуральная мова, мова жэстаў вымагае практыкі, інакш усё хутка забываецца. Мы прыходзім паўдзельнічаць у адмысловай Імшы, каб замацаваць атрыманыя на занятках веды і таксама вучыцца камунікацыі з тымі, каму маем намер служыць. Ксёндз Ян плануе паступова даручаць нам пэўныя заданні. Гадзін у каледжы недастаткова, каб усё засвоіць, будзем працягваць займацца з нашым выкладчыкам і па-за каледжам. Нам падабаецца навучанне і тое, што мы можам прыносіць карысць, – падкрэслілі студэнткі каледжа.

Жанчыны дадалі таксама, што сустракаючы ў горадзе інвалідаў па слыху вельмі радуюцца, калі разумеюць іх камунікацыю, а тыя ў сваю чаргу цешацца, што нехта ў стане паразмаўляць на іх мове.

Ксёндз Ян упэўнены: патрэба ў сурдаперакладчыках вялікая. Гэта датычыць як грамадства ўвогуле, так і Касцёла ў прыватнасці.

Святар не можа рабіць усё адзін. І Богу, і святару патрэбныя рукі іншых. Ёсць неабходнасць у валанцёрах і падчас Імшы, і на розных выездах, напрыклад, на Будслаўскі фэст. Глухім людзям таксама вельмі важнае сяброўства і адкрытасць людзей, якія чуюць. Канешне ж, яны вельмі цэняць тое, што нехта навучаецца жэставай мове і спрабуе з імі камунікаваць. І ў гэтым наша місія як хрысціян быць адкрытымі на патрэбы бліжняга, – падкрэсліў святар.

У наступную нядзелю яны ўсе разам зноў збяруцца на Імшы, якую правядзе на мове жэстаў іх душпастыр. Зноў стануць яшчэ бліжэй да Бога, пачуўшы Яго не з дапамогай слыху, але сэрцам.