Чаму святы Крыштаф стаў заступнікам кіроўцаў?
- 25 ліпеня, 2024
- Тэкст: Slowo.grodnensis.by, кс. Павел Эйсмант, фота: Catholic.by

25 ліпеня ў літургічным календары, апроч абавязковага свята святога Якуба, апостала, запісаны ўспамін святога Крыштафа, які паўсюдна вядомы як заступнік кіроўцаў.
У гэты дзень на прыкасцёльнай тэрыторыі асвячаюцца транспартныя сродкі: аўтамабілі, матацыклы, веласіпеды, конныя павозкі, а таксама электрасамакаты, гіраскутэры, монаколы і іншыя. У гэтым артыкуле спрабуем даць адказ на пытанне, чаму менавіта святы Крыштаф быў абраны заступнікам кіроўцаў, якімі на сённяшні дзень з’яўляецца большасць людзей.
Пра жыццё св. Крыштафа ў нас няма дакладных звестак. Хутчэй за ўсё, ён жыў у пачатку ІІІ стагоддзя і памёр мучаніцкай смерцю. Астатняя інфармацыя грунтуецца на вусных пераказах і легендах. У легендзе гаворыцца, што бацькі далі яму імя Рэпробус, што азначае “Той, які выклікае агіду”. Ён быў вельмі непрыгожым: высокі рост, магутнае цела і бясформенная галава, што нагадвала галаву сабакі. Ён таксама валодаў нечалавечай сілай. Можа таму ён вырашыў пайсці на службу да самага магутнага валадара. Спачатку гэта быў правіцель яго краіны. Але хутка Рэпробус пераканаўся, што кароль вельмі баіцца д’ябла, таму ён падаўся на службу да д’ябла. Упэўніўшыся, што д’ябал вельмі баіцца імя Хрыста, Рэпробус зацікавіўся: хто ж такі гэты Хрыстус, якога баіцца д’ябал. Гэта паспрыяла таму, што ён зацікавіўся Хрыстом, пазнаў Яго вучэнне і прыняў хрост. У якасці пакаяння ён выбраў пасяліцца на беразе ракі Ярдан і пераносіць людзей праз раку на сваіх магутных плячах.
Аднойчы ноччу Рэпробус пачуў, што нейкае дзіця просіць перанесці яго на другі бераг. Узяўшы дзіця на плечы, пачаў яго несці. Дзіця станавілася ўсё цяжэйшым, і ў пэўны момант Рэпробус мог патануць. Але ён дабраўся да другога берага і спытаўся: “Хто Ты?”. У адказ ён пачуў: “Я Езус, твой Збаўца. Несучы Мяне, ты нясеш увесь свет”. На памяць аб гэтай падзеі Рэпробус атрымаў грэчаскае імя Крыштаф ці Хрыстафор (грэч. Christophoros), што азначае “Той, які нясе Хрыста”. Таксама легенда гаворыць, што Пан Езус вярнуў Крыштафу нармальны выгляд.
Іншая легенда расказвае, як Крыштаф быў схоплены і кінуты ў турму сваім імператарам, жорсткім пераследнікам хрысціян. Гэта адбывалася каля 250 года, у час панавання Дэцыя. Цяжка было прыгаварыць яго да пакут, бо салдаты баяліся Крыштафа з-за яго незвычайнай сілы. Многія салдаты, бачачы яго стойкасць у пакутах, паверылі ў Хрыста. Іншыя звярнуліся да Бога, калі ўбачылі, як выпушчаныя ў напрамку Крыштафа стрэлы спыняюцца ў паветры або адбіваюцца ад яго цела. Яго цэлы дзень засыпалі стрэламі, якія, аднак, не забілі яго. Калі ён, абяздолены, урэшце ўпаў на зямлю, імператар загадаў адсекчы яму галаву.
Некаторыя крыніцы падаюць, што Крыштаф загінуў мучаніцкай смерцю падчас пераследу ў часы Дыяклетыяна. У сярэднявеччы святы Крыштаф быў залічаны да кола 14-ці так званых “Дапаможнікаў”, гэта значыць да асаблівых заступнікаў. Лічылася, што ён апякуецца падарожнымі, пілігрымамі, праваднікамі, плытагонамі, маракамі. Сёння яго лічаць заступнікам кіроўцаў, руху і камунікацыі, а таксама шматлікіх звязаных з імі прафесій (у дадатку да пералічаных): возчыкаў, яхтсменаў і бегуноў, апекуном горных дарог, заступнікам шахцёраў, сталяроў, цесляроў, капялюшнікаў, фарбавальшчыкаў, пераплётчыкаў, скарбашукальнікаў, прадаўцоў агародніны, садоўнікаў, апекуном крэпасцей і фартэцый, заступнікам дзяцей. Мы звяртаемся да яго ў выпадку неспадзяванай смерці, эпідэміі і чумы, небяспекі ад агню і вады, засухі, непагадзі і граду, у выпадку захворвання вачэй, зубнога болю і ран. Святы Крыштаф з’яўляецца заступнікам Амерыкі і Вільні (яго постаць знаходзіцца на гербе гэтага горада), сядзіб і садоў, а таксама хрысціянскай моладзі. Ён таксама заступнік падчас смяротнай небяспекі.
Людзі здаўна верылі, што той, хто раніцай паглядзіць на абраз святога Крыштафа, будзе ў бяспецы да самага вечара. Таму раней яго постаць малявалі пры ўваходзе ў касцёлы, на гарадскіх вежах, на ферэтронах і харугвах, а таксама на многіх камяніцах пры ажыўленых вуліцах – такія камяніцы ў сярэднявеччы называлі “хрыстафорамі”.
Малітва вадзіцеля
Божа, дай мне ўпэўненую руку і пільнае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо калецтва для тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і адвядзі ад мяне спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды спадарожнічалі мне. Амэн.