Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праводзіць майстар-класы ў дзіцячых школах-інтэрнатах (ВІДЭА)
- 28 лістапада, 2024
- Тэкст, фота і відэа: Caritas (Minsk) / VK / Instagram // Catholicminsk.by
Супрацоўнікі і валанцёры Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі 23 лістапада правялі майстар-класы для дзяцей у Гарадзейскай школе-інтэрнаце.
Паездкі супрацоўнікаў і валанцёраў Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў школы-інтэрнаты да дзяцей – гэта стварэнне асяроддзя, якое спрыяе іх гарманічнаму развіццю і паспяховай інтэграцыі ў грамадства. Менавіта з гэтай мэтай на рэгулярнай аснове арганізуюцца паездкі ў Гарадзейскую і Бялыніцкую школы-інтэрнаты.
У суботу быў праведзены шэраг навучальных майстар-класаў у Гарадзеі, накіраваных на развіццё розных навыкаў у дзяцей.
Так, майстар-клас па стрэтчынгу дапамог дзецям палепшыць фізічны стан і развіць каардынацыю і пластычнасць.
Заняткі па вырабах з коркаў і пластыліну раскрылі творчы патэнцыял дзяцей, навучылі іх працаваць з рознымі матэрыяламі і ствараць арыгінальныя рэчы сваімі рукамі.
Падчас кулінарнага майстар-класа дзеці вучыліся новым спосабам прыгатавання, а потым з задавальненнем спрабавалі свае ж кулінарныя шэдэўры на смак.
Прадстаўнікі Caritas і на гэты раз прывезлі перасоўную гульнявую пляцоўку «Рух у радасць», якая стала сапраўдным цэнтрам прыцягнення.
Разнастайнасць інклюзіўных гульняў дазволіла кожнаму дзіцяці знайсці нешта па душы, незалежна ад ягоных фізічных магчымасцяў ці індывідуальных прыхільнасцяў.