Біскуп Яшэўскі ў Папяльцовую сераду: Зразумець неабходнасць пакаяння і пакутаў
- 6 сакавіка, 2025
- Тэкст: Дар’я Семянько, фота: Catholic.by // Catholicminsk.by
5 сакавіка, у Папяльцовую сераду, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў адказны за Магілёўскі рэгіён, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У прамоўленай гаміліі іерарх нагадаў прысутным, што першы дзень Вялікага посту запрашае нас да аскезы. Наперадзе вернікаў чакае 40-дзенны перыяд пакаяння, які папярэднічае Вялікадню. Таму біскуп Аляксандр прапанаваў вернікам паразважаць над прычынамі пакаяльнага характару Вялікага посту, разглядаючы гісторыю жыцця і прыклад трох асоб: святой Марыі Магдалены, святога Францішка Асізскага і Найсвяцейшай Панны Марыі.
“Святая Марыя Магдалена каялася, таму што зграшыла. Без сумневу, яна цяжка зграшыла, таму што вяла распусны лад жыцця. Але, кранутая ласкай Божай, яна навяртаецца. І таму яна вырашае адарвацца ад усяго, што магло б уцягнуць яе ў грэх. Жэст любові Марыі Магдалены да нашага Пана прынёс ёй яшчэ большую ласку: яна першая пазнала Езуса Хрыста пасля Яго Уваскрасення”.

На думку біскупа Яшэўскага, прыклад Марыі Магдалены паказвае, як Пан узнагароджвае тых, хто чыніць пакаянне, і тых, хто аплаквае свае грахі.
Супрацьлеглы прыклад – святы Францішак Асізскі, які не вёў распуснага жыцця. Ён дапамагаў бацьку ў яго справе, але баяўся, што пошук грошай і іншых дабротаў гэтага свету загубіць яго душу.

“Менавіта ў гэтым мы слабыя. Наступствы першароднага граху па-ранейшаму ўпісаны ў нашы сэрцы, у нашы душы, як раны; мы хворыя і патрабуем вылячэння. Каб вылечыцца, мы таксама павінны чыніць пакаянне, каб аднавіць парадак у сабе. І гэта тое, што хацеў зрабіць святы Францішак Асізскі”.
Як падкрэсліў іерарх, на прыкладзе святога Францішка Асізскага мы бачым, як Бог узнагароджвае тых, хто чыніць пакаянне, уліваючы ў іх душу дасканалую любоў да нашага Пана Езуса Хрыста.
І, нарэшце, Панна Марыя, якая не мела прычын, каб чыніць пакаянне, бо не зграшыла. Паколькі Яна не ведала першароднага граху, не ведала таксама ні яго наступстваў, ні яго хвароб.
“І гэта трэцяя, самая высакародная для нас прычына чыніць пакаянне: далучыцца да справы Адкуплення, якую здзейсніў Яе Боскі Сын. Калі Езус, Той, хто з’яўляецца Богам, Той, хто не ведае граху, хацеў праліць сваю Кроў, каб адкупіць нас, таксама і Дзева Марыя, якая не ведала граху, хацела далучыцца да Яго болю”.
Напрыканцы свайго казання біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў прысутных вернікаў прымаць не толькі тое пакаянне, якое самі накладаем на сябе, але і тое, што Бог накладае на нас праз свой Провід.
“Пакаянне ў цяжкасцях са здароўем, якія мы можам мець; у цяжкасцях выканання нашых абавязкаў; колькі выпрабаванняў у нашых сем’ях, у нашых знаёмых, у нашых сябрах, ва ўсім, што нас акружае; які боль, якія пакуты. Прымем гэтыя пакуты ў еднасці з пакутамі нашага Езуса Хрыста дзеля адкуплення душ”.
На завяршэнне святой Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі здзейсніў традыцыйны для гэтага дня абрад – пасыпанне галоў вернікаў попелам.
