Skip to main content

Біскуп Касабуцкі падчас літургіі Вялікай пятніцы: Крыж Хрыста — гэта прылада Божай міласэрнасці

18 красавіка
  • 19 красавіка, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Віялета Кучынская // Catholicminsk.by

18 красавіка ўвечары ў мінскай архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі літургію Вялікай пятніцы ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Вялікую пятніца — гэта адзіны дзень на працягу года, калі нідзе ў свеце не цэлебруецца святая Імша. У гэты дзень Першасвятар нашага збаўлення Хрыстус, паміраючы на крыжы, прынёс на ім крывавую ахвяру ўміласціўлення Нябеснаму Айцу за грахі ўсіх людзей.

Увечары напярэдадні, пасля Імшы Вячэры Пана, з алтара былі знятыя свечкі і абрус, а Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў сімвалічную цямніцу, дзе Езус, здраджаны адным з апосталаў і ўзяты пад варту, правёў ноч у чаканні суду ў Пілата.

У набажэнстве прынялі ўдзел таксама біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама сем святароў, сярод якіх быў пробашч архікатэдральнай парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, і дыякан Аляксандр Шыманскі.

У поўнай цішыні духоўныя асобы на чале з арцыбіскупам у працэсіі падыші да прэзбітэрыя і ўкленчылі перад раскрытым алтаром і пустым табэрнакулюмам.

Пасля малітвы, якую прамовіў з месца галоўны цэлебрант, адбылася першая частка набажэнства — Літургія слова. Кульмінацыяй яе стала прачытанне апісання Мукі Пана з Евангелля паводле Яна, якое здзейснілі дыякан і лектар.

Гамілію прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі. Напачатку іерарх заахвоціў прысутных да разважання аб тым, чым з’яўляецца крыж у іх жыцці. Будучы ў старажытнасці прыладай ганьбы і жорсткага пакарання злачынцаў, падчас смерці Таго, хто мае ўладу над смерцю, ён стаў прыладай нашага збаўлення.

«Паміраючы на крыжы, Езус Хрыстус вяртае сувязь чалавека з Богам, адкрывае браму Нябеснага Валадарства. Праліваючы сваю найкаштоўнейшую Кроў на крыжы, Ён аказвае яму найвышэйшую праяву любові»,

— сцвердзіў іерарх.

Таму, працягваючы сваю думку, біскуп Касабуцкі заклікаў вернікаў да асаблівага акту падзякі Хрысту за тое, што з-за вялікай любові да чалавека аддаў сваё жыццё на крыжы, каб вярнуць нам нашае жыццё.

Крыж — гэта таксама сімвал жыцця чалавека. Езус сказаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною» (Мк 8, 34). Нашае жыццё, паводле слоў іерарха, — гэта працэс, напоўнены хвілінамі радасці і смутку, здароўя і цярпенняў, поспеху і адчаю. Часта чалавек узбунтаваны перад Богам, бо яму здаецца, што яго крыж занадта цяжкі. У такія моманты біскуп Юрый параіў разважаць стацыі Крыжовага шляху.

«На шляху на Галготу Езус не быў адзін, хоць прысутнасць іншых людзей зусім не аблягчала Яго цяжкае становішча, — працягваў іерарх. — Людзі, якія акружалі Езуса, былі розныя: гандляры — людзі выпадковыя, абыякавыя да Яго; жаўнеры — праціўнікі, якія білі і штурхалі знясіленага Асуджанага. Але былі таксама жанчыны, якія спачувалі Збаўцы, што без сумненняў дало Яму палёгку. Вераніка, выцершы звычайнай хусткай твар Езуса, не зняла з Яго крыжа, але крыху аблегчыла Яго цярпенні. Сымон Кірэнэец, чалавек зусім выпадковы, прымушаны несці крыж Езуса, дапамог Таму, дзякуючы каму існаваў».

«Так і ў нашым жыцці варта бачыць шмат пазітыўнага, бо не ўсё, што адбываецца з намі, дрэннае. Таму, калі сёння пакланяемся Крыжу, папросім Бога: “Пане, дай мне ўбачыць тых, хто мне дапамагае несці крыж” і падзякуем за іх Яму»,

— звярнуў увагу біскуп Юрый.

Наступным чынам, іерарх прапанаваў слухачам уявіць сябе на крыжовым шляху іншых людзей. Калі пыха, зайздрасць, нянавісць ці жаданне помсты закрадаецца ў іх адносіны з бліжнімі, яны могуць адчуваць сябе абыякавымі гандлярамі, якія праходзяць міма, або жорсткімі жаўнерамі, якія задаюць іншым цярпенні. Але нават нязначны добры ўчынак, здзейснены з любові да Езуса: спачуванне, выціранне твару, дапамога — цягне за сабой вялікую ўзнагароду ад Бога. Нават калі нам па нейкіх прычынах не хочацца рабіць дабро, асабліва «цяжкім» бліжнім, то перспектыва вечнай узнагароды павінна нас да гэтага матываваць.

Напрыканцы гаміліі біскуп Касабуцкі прывёў адну думку святога Аўгустына, які, разважаючы пра муку Пана, пісаў, што Езус, які вісіць на крыжы, у сваёй бязмежнай любові хоча абняць кожнага чалавека. Аднак, яму ў гэтым перашкаджаюць цвікі, якімі з’яўляюцца нашыя грахі. Таму, каб вызваліць рукі Езуса, айцец Касцёла заклікае падумаць аб навяртанні і «выманні» са свайго жыцця грахоўных «цвікоў».

«Крыж Хрыста — гэта прылада Божай міласэрнасці. Езус з любові памёр за нас і чакае нашага вяртання»,

— пераканальна прамовіў іерарх.

У завяршэнне гаміліі пастыр заахвоціў прысутных падчас адарацыі Крыжа прамовіць наступныя словы малітвы: «Пане Божа, дазволь мне пражыць маё жыццё так, каб напрыканцы яго я мог пачуць у мой адрас словы Твайго Сына, скіраваныя да добрага злачынца: “Сёння будзеш са Мной у раі…” (Лк 23, 43)».

Пасля доўгай малітвы вернікаў да прэзбітэрыя быў прынесены захінуты ў фіялетавую тканіну крыж. Пад спеў «Вось дрэва крыжа, на якім памёр Збаўца свету», што разам з адказам «Пойдзем з паклонам» паўтараўся тройчы, арцыбіскуп паступова здымаў з крыжа покрыва.

Потым з паклонам да крыжа, ушаноўваючы муку Хрыста, падыходзілі спачатку духоўныя асобы і прыслугоўваючыя пры алтары, а за імі — усе прысутныя ў касцёле вернікі.

Апошняй часткай набажэнства стаў абрад святой Камуніі, якая была кансэкравана напярэдадні.

Пасля яго заканчэння Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў сімвлічную грабніцу, дзе знятае з крыжа цела Езуса спачывала да моманту Яго хвалебнага ўваскрасення. Адарацыя Хрыста ў грабніцы будзе працягвацца да вечара Вялікай суботы, калі аспачнецца святая Пасхальная Вігілія.

Пры напісанні рэпартажа былі выкарыстаны матэрыялы з партала Catholic.by.