Skip to main content

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB правёў велікапосныя рэкалекцыі ў Гомелі

З 26 лютага па 1 сакавіка
  • 2 сакавіка, 2026
  • Тэкст: кс. Юрый Дрозд / Фота: кс. Юрый Дрозд, Аляксандра Ячэнка
  • Паводле Kasciolhomiel.by

З 26 лютага па 1 сакавіка ў гомельскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адбыліся велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў Яго Эксцэленцыя дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Пастыр з Магілёва ўпершыню наведаў горад над Сожам. Парафіяльная супольнасць разам з душпастырамі, ксяндзом пробашчам Аляксандрам Канановічам і ксяндзом вікарыем Юрыем Драздом, пад кіраўніцтвам рэкалекцыяніста засяродзілася над некаторымі пытаннямі веры, каб больш глыбока ўвайсці ў час Вялікага посту і духоўна аднавіцца.

Біскуп Аляксандр у першы дзень рэкалекцый запрасіў кожнага прыйсці да Крыжа Пана, заўважыўшы, што казанне без крыжа было б толькі лекцыяй па рэлігіязнаўстве. Хрыстовы Крыж — гэта знак Божай хвалы. Пры канфрантацыі з гэтай думкай, можа ўзнікнуць заканамернае пытанне: як жа Крыж можа сведчыць аб хвале? Гэта, хутчэй, знак ганьбы і паразы. Рэкалекцыяніст прывёў шэраг яскравых фактаў са старажытнай гісторыі, калі не аднаму злачынцу ці бунтаўніку давялося быць пакараным праз укрыжаванне. Як правіла, людзі антычнай эпохі нічога хвалебнага ў гэтым не бачылі.

Езус таксама быў укрыжаваны. Але менавіта Яго Крыж стаў знакам аб’яўлення Божай хвалы, паколькі яна акурат і праяўляецца ў любові, мудрасці і пакоры Бога.

Тэма Божай любові была дапоўнена разважаннямі Крыжовага шляху, які біскуп правёў вечарам у пятніцу.

Езус памёр на Крыжы выключна з любові да чалавека і будучы цалкам паслухмяным Айцу. Крыжам былі пераможаны грэх і смерць. Езус дае нам магчымасць спазнаць гэту перамогу ў нашым жыцці дзякуючы сакрамэнту пакаяння і паяднання. Таму ў другі дзень удзельнікі рэкалекцый разважалі пра споведзь і тое, якім чынам спавядацца.

Яго Эксцэленцыя на пытанне, якой павінна быць споведзь, адказаў вельмі канкрэтна: такой, як быццам бы ты ведаў, што яна будзе апошняй у жыцці. Біскуп Аляксандр не ўваходзіў у тэарэтызацыю наконт пакаяння, але перадусім нагадаў слухачам, як перажыць яго па-хрысціянску.

Паводле слоў прапаведніка, прынцыпова важна «не прыводзіць у сваю споведзь іншых асобаў», гэта значыць не распавядаць пра недахопы мужа, жонкі, родных, суседзяў, калег па працы і г. д. Пенітэнт — не сведка чужых грахоў, а абвінавачаны. Суд заўсёды належыць Богу. Але судзіць Бог міласэрны, які праз дар споведзі вяртае грэшніку магчымасць вярнуцца дамоў, у абдымкі любячага Айца.

У трэці дзень рэкалекцый, які акурат прыйшоўся на суботу, нельга было не звярнуцца да прыкладу і заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі. Яна да канца была з Езусам пад Крыжам. Яна — найлепшая настаўніца жыцця з Богам.

Разважаючы пра Марыю і Яе разнастайныя цноты, біскуп асаблівым чынам падкрэсліў тры адметныя рысы Божай Маці: поўная згода з Божай воляй, пакора і вернасць.

Асаблівы каларыт гомельскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі надаюць нэакатэхуменальныя супольнасці, якія дзейнічаюць тут яшчэ з пачатку 1990-х гадоў. У суботу ўвечары падчас урачыстай Эўхарыстыі з удзельнікамі нэакатэхуменальнага шляху, адносячыся да тэкстаў біблійных чытанняў ІІ Нядзелі Вялікага посту, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB ў сваёй гаміліі адзначыў, што Бог не кліча нас быць проста добрымі людзьмі. Гэтага было б недастаткова. Бог кліча нас стаць новымі, перамененымі людзьмі. А дзеля гэтага трэба быць гатовымі пакінуць зону свайго камфорту і, падобна біблійнаму Абраму, ісці шляхам веры.

Кульмінацыяй святых рэкалекцый стала нядзеля. Разважанне сканцэнтравалася вакол таямніцы Найсвяцейшай Эўхарыстыі. «Без яе Касцёл перастаў бы дыхаць», — сказаў пастыр.

Падкрэсліваючы багацце гэтага дару для Касцёла, і закранаючы таксама некаторыя аспекты гісторыі эўхарыстычнага культу, біскуп паказаў Эўхарыстыю як лек для душы хрысціяніна і заклікаў імкнуцца да яе ўсім сэрцам, а таксама заўсёды пабожна ўдзельнічаць у святой Імшы.

Падчас прабывання ў Гомелі біскуп Аляксандр маліўся і за нядаўна спачылага біскупа Казіміра Велікасельца OP. Прыклад яго жыцця і аўтэнтычная пабожнасць назаўсёды застануцца ў памяці вернікаў і духавенства.