Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у Папяльцовую сераду ў Магілёве: «Разрывайце сэрцы, а не адзенне»
- 19 лютага, 2026
- Аўтар: Ян Багдановіч // Фота: Рыта Ляховіч // Catholicminsk.by
У магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі падчас святой Імшы з абрадам пасыпання галоваў попелам у Папяльцовую сераду 18 лютага Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адказны за Магілёўскі рэгіён, звярнуўся да вернікаў са словам, якое задало тон усяму літургічнаму перыяду: «Гэты час — не пра знешнія жэсты, а пра ўнутраную праўду і навяртанне сэрца».
Разважаючы над словамі прарока Ёэля з першага чытання «Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне» (Ёэл 2,13), біскуп нагадаў, што ў старажытнасці разарванае адзенне было знакам смутку і пакаяння. Але Бог, паводле яго слоў, патрабуе не сімвалаў, а шчырасці.
«Сёння, чалавек таксама здольны “разрываць адзенне” ў сучаснай форме: публікаваць пабожныя пасты ў сацсетках, даваць сабе гучныя абяцанні, рабіць прыгожыя фота з касцёла, выглядаць вернікам звонку, але жыць так, нібы Бог — дадатак да жыцця», — сказаў іерарх.
— падкрэсліў пастыр.
У сваёй гаміліі біскуп Яшэўскі нагадаў словы прарока Ёэля: «Бо Ён ласкавы і міласэрны, доўгацярплівы і шматміласцівы» (Ёэл 2,13). Гэта, паводле яго, не проста апісанне Бога, а Яго абяцанне чалавеку.
«Ён ведае нашу стомленасць, нашы разгубленасці, нашыя раны. І таму кажа: “Звярніцеся да Мяне ўсім сэрцам” (Ёэл 12,2). Не рэшткамі часу, не выпадковай думкай, а ўсёй глыбінёй», — сказаў біскуп.
Ён дадаў, што Бог хоча не «рэшткі», а адносіны; не быць дадаткам, а стаць цэнтрам жыцця.
Біскуп падкрэсліў, што Вялікі пост — гэта не марафон сілы волі і не спроба даказаць сабе, што можна пражыць, напрыклад, без шакаладу. Гэта час, калі чалавек вызваляе месца для Бога.
— адзначыў ён.
Пост, паводле яго слоў, — гэта шлях ад шуму да цішыні, ад хаосу да парадку, ад пустаты да паўнаты.
Асаблівую ўвагу біскуп звярнуў на тое, што Бог праз прарока кліча не аднаго чалавека, а ўвесь народ. Таму Вялікі пост — гэта не індывідуальны праект, а шлях супольнасці.
«Калі сям’я вырашае маліцца разам хаця б раз на тыдзень — гэта ўжо маленькі цуд. Калі парафія збірае ахвяру для тых, хто ў патрэбе — гэта знак Божай прысутнасці», — сказаў іерарх.
Завяршаючы гамілію, біскуп Яшэўскі нагадаў абяцанне са Святога Пісання: «Тады парупіцца Пан аб сваёй зямлі і пашкадуе свой народ» (Ёэл 2, 14). Гэта словы, якія нясуць надзею нават тым, хто адчувае сябе слабым.
— сказаў пастыр.
Звяртаючыся да вернікаў Магілёва, ён дадаў: «Няхай попел, які сёння дакранецца да нашых галоваў, дакранецца і да сэрцаў. Няхай гэты Вялікі пост стане часам, калі мы менш робім выгляд, а больш шукаем праўды; менш гаворым, а больш слухаем Бога; менш жывём паводле руціны, а больш паводле Евангелля».