У Копішчы адбылася Імша за ўдзельнікаў пакутных набажэнстваў у стацыйных касцёлах
- 13 красавіка, 2026
- Тэкст і фота: кс. кан. Юрый Ясевіч // Catholicminsk.by
12 красавіка ў парафіі святога Францішка Асізскага (аграгарадок Копішча) адбылася святая Імша і малітва падзякі за магчымасць удзелу ў адмысловым пакутным набажэнстве «Песні жальбы» у стацыйных касцёлах Мінска і ваколіц.
Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Разам з супольнасцю братоў Ордэна меншых братоў капуцынаў на чале з кусташам братам Алегам Шэндам OFMCap і вернікамі парафіі святога Францішка Асізcкага ва ўрачыстай святой Імшы прынялі ўдзел і асобы, якія наведвалі пакутныя набажэнствы «Песняў жальбы» у так званых стацыйных касцёлах.
Як сведчаць вернікі, якія бралі ўдзел у пакутным набажэнстве і якія ў сваю чаргу належаць да розных парафіяльных супольнасцяў, пакутныя набажэнствы «Песняў жальбы» — гэта добрая нагода і магчымасць пазнаёміцца з новымі асобамі, святарамі, пазнаць новыя касцёлы, каб пасля як адна касцёльная супольнасць, у малітве разважаючы над мукамі і смерцю Езуса Хрыста, выпрошваць для сябе, блізкіх, Касцёла і Айчыны патрэбныя ласкі.