Агульнамінскі Крыжовы шлях: «Духоўнае адраджэнне»
- 2 красавіка, 2026
- Тэкст: Сафія Вітольская, кс. кан. Юрый Санько / Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by
У Вялікую сераду 1 красавіка на цвінтары касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску прайшоў традыцыйны Агульнамінскі Крыжовы шлях.
Чароўныя гукі харавых спеваў чуліся ўвечары на тэрыторыі касцёла, і кожны ахвочы мог зазірнуць у святыню. Моцны і пранізлівы вецер прымушаў апранацца ў цёплую вопратку. Аднак вернікі, нягледзячы на позні час і вячэрнюю стому, уважліва ўдзельнічалі ў набажэнстве.
Нават будаўнічыя працы, грукат і шум навокал не перашкаджалі духоўнай скрусе вернікаў.

Апошні тыдзень посту і смутныя дні Хрыстовай пакуты заклікаюць кожнага паспяшацца да супольнай малітвы. Гэта стала магчымым дзякуючы групе «Альфа-курс» на чале з пробашчам парафіі ксяндзом Юрыем Санько, а таксама іерархам — біскупам Юрыем Касабуцкім.
Сэнс інсцэніроўкі: «Духоўнае адраджэнне» — барацьба святла і цемры.
Удзельнікі «Альфа-курса» прайшлі гэты шлях з фарбамі на руках. Кожны выціраў бруднымі рукамі чыстае палатно, вобраз Хрыстовай вопраткі, пераплятаючы чысціню з брудам нашых грахоў. Было паказана, як няправільна прынятыя рашэнні і складаныя гісторыі нашага жыцця абцяжарваюць Хрыста і прыбіваюць Яго «сваімі цвікамі» да крыжа. Чалавек усведамляе гэта, калі ідзе супраць сумлення, здзяйсняе жудасныя ўчынкі ці паддаецца негатыву.

Дзякуючы глыбокім разважанням над кожнай стацыяй, вернікі плакалі, уважліва сачылі за дзеяй і маліліся. У канцы Крыжовага шляху Хрыстус забірае ўвесь бруд, злосць і цемру, паміраючы на крыжы. Палотны застаюцца ляжаць побач, запэцканыя шматлікімі адбіткамі рук, але гэты бруд больш не мае сілы. Праз смерць Хрыста зло губляе свой уплыў, бо Яго Кроў ачышчае і дае шанс на новае жыццё ў святле.
Нягледзячы на перашкоды, кожны вернік імкнуўся прыняць удзел у гэтай духоўнай практыцы, бо надыход красавіка набліжае нас да Вялікадня.
Пасля Крыжовага шляху адбылася супольная Эўхарыстыя як падзяка Богу за дар жыцця і святла ў нашай штодзеннасці. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, які напрыканцы благаславіў ўсіх на добрае і пленнае перажыванне Святога Пасхальнага Трыдуума.
































