Skip to main content

Адышоў у вечнасць біскуп Казімір Велікаселец — найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі (+праграма пахавання)

8 лютага

Курыя Пінскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што ў нядзелю 8 лютага на 81-м годзе зямнога жыцця, 42-м годзе святарства, 27-м годзе біскупскага служэння адышоў у вечнасць біскуп Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі на пенсіі.

Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 года у вёсцы Стараволя Пружанскага раёна. У 1981 годзе быў прыняты ў Рыжскую духоўную семінарыю. Падчас вучобы ў семінарыі склаў першыя законныя шлюбы ў манаскі ордэн айцоў дамініканаў. Пасля заканчэння Рыжскай семінарыі ў 1984 годзе атрымаў сакрамэнт святарскага пасвячэння з рук кардынала Юліяна Вайвадса. Працаваў у парафіях у Ішкалдзі, Баранавічах, Брэсце, абслугоўваў таксама іншыя касцёлы. 24 чэрвеня 1999 года ў пінскай катэдры адбылося біскупскае пасвячэнне Казіміра Велікасельца, якое здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк.

3 студзеня 2021 года Папа Францішак прызначыў біскупа Казіміра Велікасельца Апостальскім адміністратарм Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ad nutum Sanctae Sedis. Знаходзіўся ён на гэтай пасадзе да 23 кастрычніка 2021 года.

8 лютага 2026 года ў Гомельскім гарадскім кардыялагічным цэнтры біскуп Казімір Велікаселец адышоў у вечнасць. Ён быў найстарэйшым паводле ўзросту беларускім каталіцкім іерархам.

Праграма развітання і пахавання

Увага! Адбыліся змены.

Гомель, 10 лютага, аўторак:

19.00 — святая Імша з Нешпарамі за святой памяці біскупа Казіміра ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі (вул. Савецкая, 118).

Пінск, 11 лютага, серада:

18.30 — святая Імша з Нешпарамі за святой памяці біскупа Казіміра ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску (вул. Леніна, 16).

Пінск, 12 лютага, чацвер:

11.00 — Ютрань за святой памяці біскупа Казіміра ў катэдральным касцёле;

11.30 — пахавальная святая Імша за біскупа Казіміра Велікасельца і абрады пахавання ў Пінскім катэдральным касцёле (вул. Леніна, 16).

Пасля святой Імшы труна з целам біскупа Казіміра будзе перавезена згодна з завяшчаннем у яго родную парафію ў Шэрашаве (Пружанскі р-н), дзе ён будзе пахаваны на мясцовых могілках каля касцёла.

Вечны адпачынак дай яму, Пане…