Адшукаць унутраны супакой. Як малітоўныя сустрэчы ў пабрыгіцкім касцёле змяняюць жыццё — інтэрв’ю з ксяндзом Антоніем Грэмзам
- 2 сакавіка, 2026
- Тэкст: Алена Харольская – Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля / Фота: з архіва аўтара // Catholicminsk.by
Летась студэнты трэцяга курса Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля, якія выбралі напрамак навучання «тэалогія + сродкі масавай камунікацыі», у рамках спецыяльнага навучання распачалі рыхтаваць да публікацыі цікавыя і актуальныя матэрыялы, знаходзячы інфаповады ў розных напрамках дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Цяперашнія трэццякурснікі не сталі выключэннем. Таму ў чарговы раз прадстаўляем вашай увазе шэраг такіх публікацый. Матэрыял да першай з іх падрыхтавала студэнтка каледжа Алена Харольская.
Сярод трывог і мітусні сучаснага свету чалавек усё часцей прагне духоўнага прыстанку, здольнага загаіць глыбокія раны. Месцам такой «тэрапіі» ў Гродне стаў пабрыгіцкі касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, дзе праходзяць малітвы за аздараўленне душы і цела. Пра тое, як такія сустрэчы дапамагаюць пераадольваць выпрабаванні і чаму некаторыя вернікі не адразу разумеюць, што такое харызматычны рух, расказаў каталіцкі святар Антоній Грэмза.
— Хто звычайна прыходзіць на малітоўныя сустрэчы і з якімі праблемамі?
— Гэта людзі, якія адчуваюць стомленасць ад жыццёвых выпрабаванняў: з цялеснымі хваробамі ці духоўнымі ранамі. Іх яднае пошук сапраўдных прычын сваіх пакут і прагненне сустрэчы з Богам. Як казаў Езус: «Не здаровым патрэбны лекар, але хворым» (Мц 9, 12). Гэтыя словы нагадваюць нам, што Хрыстус прыйшоў не да тых, хто лічыць сябе дасканалым, а да грэшнікаў, якія шукаюць ацалення і шчырага пакаяння.
— Чаму мы наогул молімся аб аздараўленні? Хіба Пан, які нас добра ведае, не ведае нашых патрэб?
— Сам Езус паказаў нам гэты шлях. Ён аздараўляў хворых і даручыў сваім вучням працягваць гэтую місію праз веру і ўскладанне рук. Безумоўна, Пан ведае кожнага з нас і нашыя патрэбы яшчэ да таго, як мы адкрыем вусны. Але Яго заклік «прасіце і атрымаеце» — гэта запрашэнне да шчырай размовы. Малітва становіцца той прасторай, дзе нашая нямогласць сустракаецца з Яго ўсемагутнасцю. «Бо дзе ў імя Маё збяруцца двое або трое, там і Я пасярод іх» (Мц 18, 20), — кажа Пан. «Аб чым папросіце ў імя Маё, Я зраблю гэта» (Ян 14, 13–14). Гэтыя словы з Евангелля падкрэсліваюць моц малітвы і веры. Езус абяцае: кожная нашая просьба, скіраваная да Айца ў Яго імя, будзе пачутая. Калі мы просім з верай і ў згодзе з Божай воляй, гэта не толькі змяняе нашае жыццё, але і праслаўляе Бога. Малітва — гэта шлях да пакоры. Праз яе мы прызнаем, што без стваральнай ласкі Пана мы бездапаможныя, і кожны дар у нашым жыцці — гэта Яго бязмежная любоў.
— Чым малітва аб аздараўленні адрозніваецца ад сакрамэнту намашчэння хворых?
— Намашчэнне хворых — гэта не проста абрад, а духоўная дапамога, заснаваная на аўтарытэце Новага Запавету. Яшчэ апостал Якуб навучаў: калі нехта хварэе, няхай пакліча святароў, каб яны праз малітву і намашчэнне алеем даручылі яго міласэрнасці Пана. Сёння Касцёл працягвае гэтую місію, удзяляючы сакрамэнт тым, хто сутыкаецца з цяжкімі захворваннямі, рызыкоўнымі аперацыямі ці старэчым бяссіллем, даруючы ім суцяшэнне і ўмацаванне духу. Сакрамэнт можа здзяйсняць толькі святар. Плёнам гэтага сакрамэнту з’яўляецца найперш аздараўленне душы. І толькі калі гэта карысна для душы, можа адбыцца аздараўленне цела. Гэта не сакрамэнт лячэння ад хвароб, але ён умацоўвае хворых у перажыванні хваробы.
Малітва за тых, хто пакутуе, — гэта моцны акт заступніцтва, калі браты і сёстры ў Хрысце нясуць цяжар адзін аднаго. Мы молімся як адзіны Касцёл: ахвяруем святыя Імшы за хворых і звяртаемся да Пана ў асабістых размовах. Асаблівы час — гэта адарацыя, калі мы заклікаем Духа Святога, каб Ён асвятліў прычыны нашых немачаў і даў мудрасць для іх вылячэння. Мы просім, каб гэтая малітва была беражлівай і лагоднай, дапамагаючы чалавеку адкрыць сэрца на дар Божага аздараўлення і духоўнага вызвалення.
— Што рабіць, калі чалавек шмат разоў быў на малітве, але не атрымаў аздараўлення? Ці варта спыніцца, прызнаючы гэта Божай воляй?
— Усё гэта суб’ектыўна адносна кожнага чалавека, бо ўсе мы розныя. Камусьці трэба дзесяць такіх малітваў, другому — больш. А камусьці хопіць і адной. Важна, каб гэта не сталася нейкай звычкай, калі чалавек прыходзіць для нейкага «экшану» і атрымання эмоцый. Трэба тады спыніцца. Але калі чалавек прыходзіць з жывой верай і верыць у тое, што Бог яго паступова аздараўляе, то варта працягваць. Калі чалавек не атрымлівае аздараўлення, трэба аддаць усё Богу і маліцца аб выкананні волі Божай для сябе. Бог заўсёды дае чалавеку сілы і ласку, каб прыняць і перажыць гэтае цярпенне плённа і таксама дзеля збаўлення людзей. Святы Павел кажа пра гэта ў Пасланні да Каласянаў, што праз цярпенне мы дапаўняем недахопы ў сваім целе пакутаў Хрыста за Яго цела, якім з’яўляецца Касцёл (пар. Клс 1, 24). Такім чынам, хвароба можа наблізіць верніка да Укрыжаванага Хрыста і зрабіць яго цярпенні збаўчымі.
— Ці хтосьці з людзей расказваў аб аздараўленні пасля такой малітвы і які ваш досвед у гэтым?
— Многія людзі звярталіся да нас, сведчачы пра сваё выздараўленне ад розных хвароб — сэрца, вачэй, слыху. Яны прыносілі доказы свайго ацалення і дзякавалі за малітву. Аднак, паколькі гэта вельмі асабістыя гісторыі, я не магу агучваць іх без згоды саміх людзей — кожны павінен сам вырашыць, ці гатовы ён сведчыць публічна. Разам з тым, варта памятаць: пасля падобных падзей не трэба рабіць паспешных высноў. Любы цуд патрабуе часу і ўважлівай праверкі.
— Малітва аб аздараўленні часам суправаджаецца падзеннем, якое некаторыя называюць «адпачынкам у Духу Святым». У чым сутнасць гэтага вопыту?
— З’ява адпачынку ў Духу Святым незвычайная. Некаторыя людзі палохаюцца і здзіўляюцца. Кожны чалавек па-рознаму рэагуе на дзеянне Духа Святога — нехта моліцца ў супакоі з глыбокім малітоўным настроем, хтосьці — падзеннем у Духу Святым. Але такое падзенне не галоўнае ў заступніцкай малітве, важнейшае тое, што чалавек сустракаецца з Жывым Богам.
Падчас падзення чалавек перажывае нешта асабістае, асабістую сустрэчу з Богам, і гэта дае свае плёны. Яго жыццё і ён сам змяняюцца ў лепшы бок. Трэба дзякаваць Богу за гэту ласку, але калі яго няма, гэта не азначае, што Дух Святы не прыходзіць і не дзейнічае. Бог вядзе кожнага чалавека па-рознаму. Калі я пытаўся ў людзей, якія гэта перажылі, яны казалі, што атрымалі глыбокі супакой і глыбокую радасць. Яны атрымалі ўнутранае паяднанне з Богам, вызваленне ад непрабачэння Богу, сабе і сваім крыўдзіцелям.

— У Касцёле ёсць кансерватыўныя людзі, якія негатыўна ставяцца да харызматычных малітваў. Мяркуецца, што гэта з’ява паходзіць ад пратэстанцкіх касцёлаў, што не з’яўляецца натуральным для Каталіцкага Касцёла. Ці ёсць дакументы Сабору, якія апісваюць з’явы, звязаныя з харызматычным рухам?
— Саборы не пералічваюць канкрэтных харызмаў, бо яны вядомыя ўжо са Святога Пісання. Катэхізіс іх згадвае ў кантэксце сакрамэнтальнага жыцця, таксама гаворыць пра іх традыцыя Касцёла. Напрыклад, святы Тамаш Аквінскі падрабязна пісаў пра прароцтва ў сваёй «Суме тэалогіі», абмяркоўваючы gratias gratis datas, што па-нашаму азначае «харызмы». Пытанне пра іншыя мовы, так званыя «гласалаліі», засведчана ў Новым Запавеце. Пра дар моваў спевам праслаўлення, так званыя «юбіляцыі», пісалі Айцы Касцёла, напрыклад святы Аўгустын. У нас ёсць сведчанні пра экстаз і захапленне, падобныя да «супакою ў Духу Святым». Папа святы Павел VI вучыў, што больш патрэбны сведкі веры, чым настаўнікі, і менавіта Дух Святы дае сілу для гэтага сведчання ў штодзённым жыцці, што можа прывесці нават да мучаніцтва.
Святы Ян Павел II у энцыкліцы Tertio millennio adveniente заклікаў вернікаў нанова адкрыць для сябе дзейную прысутнасць Духа Святога ў новым тысячагоддзі. Гэтую думку развіў Бэнэдыкт XVI, падкрэсліваючы, што харызмы — гэта не проста гістарычная спадчына, а жывая і актуальная рэчаіснасць сучаснага Касцёла. Сустракаючыся з удзельнікамі харызматычных рухаў у 2008 годзе, ён назваў іх дзейнасць «прарывам Духа», які прыносіць новыя формы Божай прысутнасці. Гэтае адзінства замацавана ў дакуменце Iuvenescit Ecclesia, дзе сцвярджаецца, што іерархічныя і харызматычныя дары з’яўляюцца «адзінасутнымі» і аднолькава неабходнымі для жыцця Касцёла.
Памылкова лічыць, што харызмы не праяўляліся ад часоў апосталаў да дваццатага стагоддзя. Дух Святы дзейнічаў заўсёды, асабліва ў манаскіх супольнасцях і жыцці святых. Харызматычны досвед — гэта не навіна нашага часу, а пастаянны спадарожнік інтэнсіўнага духоўнага жыцця. І хоць знешнія праявы, як, напрыклад, дар моваў, не заўсёды былі на першым плане, сама сутнасць харызматычнага жыцця заставалася нязменнай праз вякі.
— Калі харызматычныя дары заўсёды былі ў Касцёле, чаму цяпер такое замяшанне сярод тэолагаў?
— Пра харызматычныя дары мы даведваемся яшчэ са старонак Новага Запавету. У Пасланнях да Рымлянаў і Карынцянаў святы Павел канкрэтна пералічвае гэтыя дары, падкрэсліваючы іх галоўную мэту — пабудову Касцёла як Цела Хрыста. Харызмы былі натуральнай часткай жыцця хрысціян з самага пачатку. Па меры таго, як Касцёл фарміраваўся як інстытут, акцэнт паступова пераносіўся на знешнія формы вызнання веры, і харызматычныя праявы адышлі на другі план.
Многія католікі не да канца разумеюць словы святога Паўла аб харызмах. Менавіта з гэтага неразумення часам нараджаецца насцярожанасць ці нават негатыўнае стаўленне да харызматычнага дзеяння Духа Святога. Тым не менш, гэтыя дары застаюцца каштоўным інструментам, дадзеным нам для ажыўлення нашай веры. Аднак Бог дае нам знакі: для абуджэння веры Касцёлу патрэбныя дары Духа Святога. Не варта іх баяцца — трэба вучыцца карыстацца імі адказна, пад кіраўніцтвам душпастыраў і дзеля супольнага дабра.
Галоўным крытэрыем сапраўднасці гэтых дароў заўсёды застаюцца плады хрысціянскага жыцця. Сапраўднае дзеянне Духа Святога — не ў эфектах, а ў любові і глыбокай еднасці з Богам і бліжнімі. Менавіта да жыцця ў любові нас няспынна вядзе Пан.
— Калі вы ўпершыню асабіста пазнаёміліся з харызматычнай малітвай аб аздараўленні і вызваленні? І як пачалося вашае служэнне ў гэтай малітве?
— Маё знаёмства з такой малітвай пачалося адзінаццаць гадоў таму ў Гродне, пры брыгіцкім касцёле, праз евангелізацыйны курс «Альфа». Гэты курс дапамагае кожнаму адкрыць асновы хрысціянства: ад разумення постаці Езуса і важнасці Бібліі да ўмення супрацьстаяць злу. Асаблівае месца ў ім займае семінар, прысвечаны Духу Святому, дзе адбываецца малітва аб Яго дарах, а таксама малітва заступніцтва аб духоўным і фізічным аздараўленні.
Шматгадовая практыка гэтай малітвы навучыла мяне галоўнаму: я — толькі прылада ў руках Бога. Улада аздараўляць належыць выключна Езусу. Чалавек, які моліцца за іншага, не з’яўляецца крыніцай цуду, але як член адзінай Божай сям’і мае права і прывілей заступацца за сваіх братоў і сясцёр, якія церпяць. Менавіта ў гэтым глыбокі сэнс заступніцкай малітвы — быць побач і разам звяртацца да Адзінага Лекара.
— Наколькі я ведаю, часам вы выконваеце экзарцызм вады, солі і аліўкавага алею. Скажыце, для чаго яны патрэбны?
— Гэта старажытная традыцыя Касцёла, якая належыць да сакрамэнталій, калі асвячаюцца вада, соль і масла. Хрысціяне ведалі пра дзеянне злога духа і таму абараняліся ад зла праз малітву і пост. Таксама Касцёл дае такія сакрамэнталіі, як экзарцызмаваная соль, вада і аліўкавы алей. З іх дапамогай можна маліцца аб абароне ад зла. Але важна не трактаваць гэтыя рэчы як нешта магічнае, бо гэта не будзе згодна з хрысціянскай верай, але іх належыць успрымаць як знакі Божай моцы, якія абараняюць нас ад дэманічных сіл. Чаму менавіта соль, вада і алей — яны маюць біблійнае і эклезіяльнае вымярэнне. Соль мае уласцівасць кансервацыі, вада ачышчае, алей выкарыстоўваецца для сакрамэнтаў як сімвал Божай ласкі.
— Што трэба чалавеку, каб падрыхтавацца да такой сустрэчы?
— Сустрэча з Богам пачынаецца са свядомасці, што малітва — гэта не рытуал, а жывая размова з Айцом. Каб яна стала плённай, трэба падрыхтаваць сваю душу праз споведзь: чыстае сэрца лепш чуе голас Творцы. Таксама важна, каб гэта было асабістым, адважным жаданнем самога чалавека, вольным ад страху ці чужога прымусу. Трэба мець веру ў Божую ўсемагутнасць, давяраць Яму сваё жыццё і хваробы, прымаючы Яго святую волю. І заўсёды памятаць: аздараўляе не святар або супольнасць, а толькі Езус.
P. S. Малітоўныя сустрэчы аб аздараўленні душы і цела і вызваленні ад духоўных цярпенняў праходзяць у гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі кожную чацвёртую суботу месяца ў 19.00.