Адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Піо з П’етрэльчыны з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адбылася ў Маладзечне
- 26 верасня, 2024
- Тэкст: Кацярына Савянок, фота: Эрык Савянок // Catholicminsk.by
У панядзелак, 23 верасня, у дзень успаміну святога Піо з П’етрэльчыны, тытул якога носіць касцёл у Маладзечне, адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Ва ўрачыстасці, апрача братоў капуцынаў, якія служаць у парафіі, прынялі ўдзел ксёндз Уладзімір Русак, віцэ-дэкан Маладзечненскага дэканату, ксёндз канонік Сяргей Бараўнёў, пробашч парафій Беразінскае і Палачаны, ксёндз Юрый Бараўнёў з Віцебскай дыяцэзіі і ксёндз Павел Эйсмант, асабісты сакратар арцыбіскупа Кандрусевіча.
Брат Андрэй Жылевіч OFMCap ад імя братоў капуцынаў і вернікаў парафіі выказаў радасць вітаць арцыбіскупа Тадэвуша як пастыра, а таксама як сведку веры і сапраўднага хрысціянскага жыцця. Брат Андрэй адзначыў, што ў хуткім часе, а менавіта 20 кастрычніка, іерарх будзе адзначаць 35-гадовы юбілей біскупскай кансэкрацыі, якую атрымаў з рук святога папы Яна Паўла ІІ, і дадаў: “Можна сказаць, што сёння мы распачынаем святкаванне ў гонар святога айца Піо разам з Вашым юбілеем і дзякуем Богу за Вас”.
Арцыбіскуп Тадэвуш падчас гаміліі скіраваў да шматлікіх сабраных вернікаў пастырскае слова, у якім нагадаў пра асаблівыя дары, удзеленыя Богам айцу Піо, чалавеку-легендзе і, верагодна, найбольш папулярнаму з сучасных святых. Дзякуючы дадзенай яму Божай ласцы, ён рабіў тое, што супрацьстаіць законам фізікі: так, ён мог знаходзіцца адначасова ў розных месцах (дар білакацыі), мог узнімацца над зямлёй (дар левітацыі). Святы Піо меў таксама дар бачання сэрцаў людзей, іх грахоў, і дар прадказання будучых падзей. Так, яшчэ ў 1947 годзе, ён прадказаў маладому святару Каралю Вайтыле, што той стане Папам. Прадказанне споўнілася праз 30 гадоў. Святога Піо называюць вязнем канфесіяналу, бо ён мог спавядаць па 19 гадзін у дзень. Таксама яго называюць чалавекам адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
У гэтым годзе 20 верасня споўнілася 106 год з моманту, калі айцец Піо атрымаў дар стыгматаў. На працягу 50 год жыцця, да самай сваёй смерці, ён наследаваў Хрыста ў крыжовых пакутах праз раны на сваім целе. Гэта сведчыць аб глыбокай еднасці святога са Збаўцам, аб вялікай яго любові да Хрыста. Арцыбіскуп Тадэвуш падкрэсліў, што сваім жыццём гэты капуцын увасобіў словы святога Апостала Паўла: “(…) для мяне жыццё – гэта Хрыстус” (Флп 1,21), “… я вырашыў не ведаць нічога, (…) апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага” (1 Кар 2,2).
Пастыр Касцёла падкрэсліў таксама ролю сям’і ў духоўным жыцці айца Піо і фармаванні яго паклікання. Ён узгадаў, што Франчэска Фарджонэ, будучы святы Піо, нарадзіўся ў беднай, шматдзетнай і вельмі пабожнай сям’і, члены якой мелі звычай, калі толькі дазваляла магчымасць, штодзённа прымаць удзел у святой Імшы, часта спавядацца і прымаць Святую Камунію, а вечарам збіраліся на супольную малітву ружанца. Выхаваны ў такіх умовах, Франчэска вельмі любіў Бога і Касцёл, таму вырашыў прысвяціць сябе служэнню Богу ў харызме святога Францішка ў ордэне Братоў меншых капуцынаў. Айца Піо, якога бацькі назвалі ў гонар святога Францішка, можна лічыць духоўным сынам гэтага вялікага святога.
Іерарх падзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання кляштара ў Сан-Джаванні-Ратонда, дзе айцец Піо правёў найбольшую частку свайго жыцця: “Сапраўды адчуваецца малітоўны дух – спадчына яго малітвы і цярпенняў, яго ахвяры. З гэтага месца чалавек выходзіць іншым, адноўленым.”
“Да гэтага аднаўлення нашага сэрца павінен імкнуцца кожны з нас, – сцвердзіў арцыпастыр і заахвоціў кожнага з прысутных адказаць на пытанне, з якімі намерамі ён прыйшоў на святую Імшу. – Ці не толькі таму, што сёння свята, ці каб паглядзець на біскупа? Гэтага не дастаткова. Мая вера тады сапраўдная, калі галоўная мэта майго ўдзелу ў святой Імшы – паглядзець на сваё сэрца, пачуць, што Бог хоча ад мяне, жыць гэтым словам і потым быць сведкам свайго хрысціянства.”
Углядаючыся ў графік жыцця айца Піо, яго даволі суровы рэжым дня, арцыпастыр заўважыў, што, нягледзячы на абавязкі законніка і святара – штодзённая святая Імша, душпастырства і споведзь, духоўныя разважанні і брэвіярый – гэты капуцын знаходзіў магчымасць шмат часу праводзіць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, маліцца на ружанцы і шмат якімі іншымі малітвамі, кожны тыдзень спавядацца.
Сучасны чалавек, верагодна, скажа, што гэта не для яго, бо ён не мае столькі часу. “Хуткія цягнікі, хуткія самалёты, інтэрнэт ператварыў вялікія прасторы Зямлі ў маленькую вёску, дзе ўсе аб ўсім імгненна даведваюцца. Здаецца, гэта павінна нам дапамагаць у жыцці, а мы кажам, што няма часу. Мы на ўсё маем час, але не маем часу памаліцца, прыйсці на нядзельную святую Імшу, споведзь, Адарацыю… Гэтую “літанію” духоўных паталогій сучаснага чалавека можна працягваць бясконца. Яна выкрывае тыя хібы, з якімі мы жывём. Мы не маем часу, каб пачуць Бога. А Ён прамаўляе да нас. Яго слова заўсёды дзейснае, яно можа змяніць лёс чалавека,” – зазначыў душпастыр.
Як прыклад таго, што пачутае і ўспрынятае Божае слова можа перамяняць жыццё, іерарх узгадаў галілейскіх рыбакоў, якія пачулі ад Езуса заклік ісці за Ім: “Яны простыя людзі, якія дасканала ведалі, як лавіць рыбу. А стаць тымі, хто будзе будаваць Касцёл, абвяшчаць Евангелле збаўлення, дзейнічаць ад імя Езуса Хрыста – напэўна, такое ніводнаму з іх і ў галаву не прыходзіла. Але Бог гэта ўчыніў! Учыніў праз Сваё слова і даў ім неабходную ласку. Калі Бог кагосьці кліча, то дае яму адпаведную ласку. На жаль, сучасны чалавек не мае на гэта часу…”
Іерарх прыгадаў словы, якія сказаў Папа Францішак: “Заглядай ў Біблію так часта, як ты заглядаеш у смартфон”. “Раніцай прачнуліся – смартфон, ідзем на працу – смартфон, на працы перапынак – смартфон, селі ў транспарт – смартфон. А Біблія? А іншыя рэлігійныя кнігі? Бог прамаўляе да нас…”
Падчас гаміліі арцыпастыр таксама звярнуў увагу на такую памылковую паставу хрысціян, калі яны моляцца аб навяртанні грэшнікаў, але забываюць, што і самі яны таксама з’яўляюцца грэшнікамі і павінны маліцца аб ўласным навяртанні. Святы апостал Ян кажа, што мы, “калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды” (1 Ян 1,8).
Услед за айцом Піо, які тлумачыў сваім духоўным дзецям неабходнасць частай споведзі, прапаведнік падкрэсліў, што нават у зачыненым нежылым памяшканні праз тыдзень на паліраваным стале асядае столькі пылу, што можна пісаць пальцам. Падобна і з сэрцам хоць бы нават самага пабожнага чалавека. Больш за тое, малы грэх можа перайсці ў вялікі, лёгкі – у смяротны, і мы нават можам гэтага не заўважыць.
Арцыбіскуп Тадэвуш распавёў гісторыю, як адзін бацька ідучы з сынам па лесе, загадаў яму вырваць маленькае дрэўца. Той вырваў. Потым вырваў большае дрэўца. Але было яшчэ большае, якое вырваць ужо не атрымалася. “Падобна і з грахом, – падсумаваў іерарх. – Тое, што мы ахрышчаны, не азначае, што мы бязгрэшныя. Трэба гэта прызнаць. Трэба стаць перад люстэркам Божага закону”. І ўзгадаў, як быў у Рыме праз месяц пасля выбрання Папы Францішка, дзе падчас агульнай аўдыенцыі Папа сказаў такія словы: “Ты, законнік, – грэшнік; ты, святар, – грэшнік; ты, біскуп, – грэшнік; ты, кардынал, – грэшнік і я, Папа, – таксама грэшнік.”
“Трэба памятаць, што д’ябал ніколі не адпускае нас і ўвесь час прыдумвае новыя спосабы спакусіць чалавека”, – папярэдзіў арцыпастыр і прывёў пэўнае апавяданне, у якім галоўны д’ябал збіраўся адправіць на зямлю аднаго з некалькіх д’яблаў, каб спакушаць людзей. Большасць з іх прапанавала казаць, што няма ні Бога, ні граху, ні Неба, ні пекла, што гэта выдумка святароў, што жыццё толькі адно і трэба ад яго браць усё магчымае. Але знайшоўся самы вынаходлівы кандыдат у спакушальнікі, які сказаў: “А вось я буду распавядаць людзям, што ёсць Бог, ёсць Неба, ёсць пекла, што трэба навяртацца, але … заўтра”. “Заўтра азначае ніколі. Заўтра павінна распачынацца сёння!” – сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Напрыканцы казання іерарх нагадаў, што кожны з нас пакліканы да святасці і заахвоціў уявіць сабе, што цяпер сюды ў касцёл прыйшоў айцец Піо, якому дадзена бачыць сэрцы, і глядзіць на кожнага з нас. “Якімі ён нас бачыць? Якія намеры маем? – спытаў арцыпастыр і на завяршэнне гаміліі прамовіў словы малітвы, – Дарагі наш апякуне, стань сёння перад намі, стань перад нашым народам і скажы, якой духоўнай хваробай мы хварэем, які грэх у нас, каб мы яго вызналі і ачысціліся з яго і змаглі будаваць на гэтай зямлі цывілізацыю любові, цывілізацыю жыцця. І потым у вечнасці ўвайшлі ў радасць Неба і занялі там месца побач з табой, нашым апекуном”.
Пасля святой Імшы прадстаўнікі моладзі ад імя парафіі падзякавалі арцыбіскупу Тадэвушу за яго прысутнасць і склалі віншаванні з нагоды 35-годдзя біскупскай кансэкрацыі: “Выказваем Вам вялікую ўдзячнасць за цёплую усмешку, поўную дабрыні і любові, за ўсмешку, якая адлюстроўвае самую глыбіню Вашага сэрца. Дзякуем за Вашу малітву і за Ваш прыклад. Няхай святы айцец Піо выпрошвае ласку здароўя і моцы, і няхай Дух Святы вядзе і ахоўвае Вас.”
Любоў да арцыбіскупа Тадэвуша і ўдзячнасць усіх прысутных вылілася ў доўгія апладысменты. Перад тым, як удзяліць пастырскае благаслаўленне, іерарх падзякаваў за віншаванні і з хваляваннем прыгадаў выпадак з жыцця, звязаны з падрэ Піо: “Цяпер успомніў сваю кансэкрацыю ў Рыме. Там для мяне вёў рэкалекцыі капуцын Антоні Пацыфік Дыдыч, які потым стаў біскупам. Рэкалекцый без споведзі не бывае. І ён тады кажа: “Я вазьму стулу падрэ Піо”. Хоць тады айцец Піо не быў яшчэ святым, але ўжо культ яго развіваўся. На гэты ўспамін мяне навяла стула, якую сёння неслі ў працэсіі з дарамі. Няхай гэтая стула прыпамінае нам, што толькі на споведзі мы можам аддаць свае грахі. Каб напіцца з крынічкі, мы павінны стаць на калені. Гэтак жа і мы павінны укленчыць перад канфесіяналам, перад крыніцай Божай міласэрнасці, сімвалам якой для нас з’яўляецца айцец Піо. Няхай яго прыклад вядзе нас па жыцці да вечнага шчасця ў небе.”