Адбылася юбілейная Х Парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Івянцы
- 31 ліпеня, 2026
- Тэкст: удзельнікі парафіяды / Фота: Вікторыя Здановіч // Catholicminsk.by
З 27 па 29 ліпеня ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Івянцы (Валожынскі дэканат) прайшла юбілейная Х Парафіяда дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сустрэчы, якая традыцыйна аб’яднала тры часткі — «святыню, тэатр і стадыён», — прынялі ўдзел каля 50 чалавек з трох парафій.
У панядзелак каманды прыбылі, зарэгістраваліся і размясціліся на тэрыторыі францішканскага кляштара святога Антонія Падуанскага. Праграма распачалася святой Імшой, пасля якой адбыўся вясёлы вечар знаёмстваў з гульнямі і танцамі.
Аўторак быў насычаны спаборніцтвамі: бег на 60/100 м і 300/600 м, эстафета, настольны тэніс, а таксама конкурс біблійных ведаў на падставе Евангелля паводле Лукі. Вечарам каманды спаборнічалі ў конкурсах свецкай і рэлігійнай песні. Асаблівым момантам стала тэатральная пастаноўка, якую для сваіх аднагодкаў падрыхтавала парафія з Івянца. Прайшоў таксама конкурс малюнка, прысвечаны жыццю святога Францішка Асізскага.
У сераду ўсе з асаблівай нецярплівасцю чакалі спаборніцтваў па міні-футболе, якія сталі адной з галоўных падзей дня. Акрамя таго, мясцовыя скаўты падрыхтавалі паласу перашкод, якую з задавальненнем пераадольвалі ўдзельнікі. У вольны час моладзь бавіла час на пляцоўках кляштара.

Фінальным акордам стала святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
У гаміліі іерарх заклікаў моладзь адчуваць сябе камандай, нагадаўшы, што галоўнае — не заўсёды быць на першым месцы, а быць разам. Мітрапаліт адзначыў: важны не толькі асобны гук, а каб усе гучалі разам, ствараючы сімфонію. Ён заклікаў маладых быць адкрытымі на слова Божае, вучыцца прымаць не толькі перамогі, але і цяжкасці, а таксама падкрэсліў, што кожны ўдзельнік з’яўляецца апосталам для сваіх знаёмых.

Пасля ўручэння ўзнагарод і благаслаўлення каманды раз’ехаліся, павёзшы з сабой не толькі прызы, але галоўнае — вопыт адзінства і супольнай радасці.




































