Skip to main content

Ад «горкага да салодкага»: валанцёры Caritas разважалі пра радасць служэння на велікапоснай сустрэчы

28 лютага
  • 3 сакавіка, 2026
  • Тэкст: Ірына Фаміна / Фота: удзельнікі рэкалекцый // Catholicminsk.by

28 лютага, у першыя дні Вялікага посту, Дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр святога Лукі ў Ляскоўцы стаў месцам цішыні, малітвы і глыбокіх разважанняў. Тут прайшла велікапосная рэкалекцыйная сустрэча для валанцёраў парафіяльных суполак Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на тэму «Радасць служэння: францішканскі шлях для сучаснага валанцёра».

Тэма сустрэчы была абраная невыпадкова. Увесь Касцёл рыхтуецца да 800-й гадавіны смерці святога Францішка Асізскага ў 2026 годзе, і гэты час з’яўляецца выдатнай нагодай, каб зноў адкрыць для сябе духоўнасць Бедняка з Асізі — духоўнасць радаснага і бескарыслівага служэння.

Удзел у духоўных практыкаваннях узялі валанцёры, якія актыўна вядуць дабрачынную дзейнасць у парафіях Мінска (архікатэдра), Маладзечна, Будслава і Стоўбцаў. Правесці гэты дзень разам з імі прыехаў капуцын брат Сяргей Гусар OFMCap.

Сустрэча распачалася з канферэнцыі на тэму:  «Вітай, спадарыня Беднасць».

У яе аснове ляжаў досвед святога Францішка, які сам апісаў пачатак свайго навяртання словамі:

«Калі я быў у грахах, мне здавалася вельмі горкім бачыць пракажоных; і сам Пан прывёў мяне да іх, і я ўчыніў ім міласэрнасць. І калі я адышоў ад іх, тое, што здавалася мне горкім, перамянілася для мяне ў салодкасць душы і цела».

Тэарэтычныя разважанні перайшлі ў час асабістай малітвы падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

У цішыні перад Езусам валанцёры шукалі адказы на важныя пытанні:

  • У якой сітуацыі я зразумеў(-ла), што хачу быць валанцёрам? Што было маёй іскрай?
  • Якія цяжкасці я спазнаю ў валанцёрскім служэнні?
  • Якія радасці мне прыносіць служэнне валанцёра?
Другая канферэнцыя была прысвечана тэме «Дасканалай радасці» — уменню знаходзіць сапраўдную радасць у служэнні людзям нават тады, калі гэта цяжка.

Пасля разважанняў валанцёры працягнулі працу ў групах, дзе маглі падзяліцца сваім досведам, цяжкасцямі і радасцямі, умацоўваючы адзін аднаго. Бо, як падкрэсліў брат Сяргей, «ізаляваны валанцёр згасае, а валанцёр у жывой супольнасці — квітнее».

Кульмінацыяй і падсумаваннем гэтага дня духоўнага аднаўлення стала святая Імша.

РА «ДКРМ Карытас ММА» запрашае ўсіх ахвотных, хто мае жаданне рабіць дабро і дапамагаць людзям, стаць валанцёрскім лідэрам Сaritas у сваёй парафіі.

Для гэтага неабходна запоўніць анкету па спасылцы ТУТ>>>