Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў францішканскі кляштар у Санкт-Пецярбургу
- 6 кастрычніка, 2025
- Фота: Святлана Малініна // Catholicminsk.by
З 3 па 5 кастрычніка арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведваў Санкт-Пецярбург ― горад сваёй студэнцкай маладосці, а таксама адзін з найбуйнейшых цэнтраў каталіцызму ў Расіі. Тут знаходзіцца заснаваная дастойным іерархам Вышэйшая духоўная семінарыя «Марыя ― Каралева апосталаў», афіляваны да Латэранскага ўніверсітэта Тэалагічны інстытут святога Яна Залатавуснага, шэсць парафій, вельмі добра функцыянуючы Caritas, некалькі цэнтраў дапамогі бедным і патрабуючым і інш.
Візіт складаўся з наведвання францішканскага кляштара з нагоды ўрачыстасці святога Францішка Асізскага, удзелу ў святкаванні 25-годдзя святарскага і 5-годдзя біскупскага пасвячэння дапаможнага біскупа архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Мікалая Дубініна і 25-годдзя святарскага пасвячэння пробашча парафіі Маці Божай з Люрда ксяндза Канстанціна Перыдэрыя.
Так, 3 кастрычніка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у традыцыйным францішканскім набажэнстве «Транзітус» і ўзначаліў Імшу ў капліцы францішканскага кляштара ў паўночнай сталіцы Расіі. Кляштар быў заснаваны ў 1995 годзе, калі беларускі дастойны іерарх узначальваў архідыяцэзію ў суседняй дзяржаве.
Арцыбіскуп прызнаўся, што ўпершыню ўдзельнічаў у такім набажэнстве.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр падкрэсліў, што святы Францішак сваёй паслухмянасцю Хрысту, пакорай, служэннем бліжняму і праслаўленнем стварэння перавярнуў свет. Па словах іерарха, у ягонай асобе Бог паклікаў адпаведнага чалавека ў адпаведны час і паставіў у адпаведным месцы з мэтай адказаць на выклікі канца ХІІ — пачатку ХІІІ стагоддзяў у эпоху вялікіх грамадскіх пераменаў, ваенных канфліктаў паміж гарадамі, сацыяльнай несправядлівасці і вялікага крызісу Касцёла.
Цэлебрант нагадаў, што кульмінацыйным пунктам у жыцці Францішка, маладога чалавека з багатай сям’і, які вёў звычайнае свецкае жыццё, была сустрэча з Езусам у напаўразбураным касцёле святога Дам’яна пад Асізі. Тады, схіліўшыся з крыжа, Езус загадаў маладзёну адбудаваць Касцёл. Францішак зразумеў гэты загад літаральна і ўзяўся аднаўляць святыню. Але Езус хацеў рэформы Касцёла знутры, чым пасля будучы святы і заняўся.
— заўважыў арцыпастыр.

Прамоўца адзначыў, што святому ўдалося зрабіць гэта, дзякуючы сустрэчы з абліччам укрыжаванага Езуса, які працягнуў сваю руку і далікатна дакрануўся да болю і замяшання Францішка.
Нягледзячы на тое, што святы бачыў на свае вочы зло, якое выяўлялася ў розных формах: гвалт і войны паміж гарадамі-супернікамі ў Італіі, сквапнасць багатых і эксплуатацыя імі бедных, барацьба паміж Касцёлам і магутнымі гэтага свету за ўплыў, супрацьстаянне арыстакратыі і купецкага класа, ― ён не паддаўся роспачы і не згубіў адчування прысутнасці дабра ў свеце, а, наадварот, здабыў надзею, супакой і радасць, зведаўшы прысутнасць Хрыста.
Сутыкнуўшыся з рознымі складанасцямі, Францішак не спужаўся, не збег ад іх і не схаваўся ад духоўна знявечанага твару чалавецтва. Замест таго, каб адмежавацца ад існуючых праблем, ён вырашыў увайсці ў самае іх сэрца, прапануючы для іх вырашэння любоў, міласэрнасць, спачуванне і надзею гэтак жа, як чыніў Хрыстус.

Арцыпастыр са шкадаваннем адзначыў, што гісторыя паўтараецца, бо ў сучасным свеце ўсё больш праяўляецца культура граху, смерці, абыякавасці, амаральнасці і страты надзеі. Сённяшні чалавек дэтранізаваў Бога і сам заняў яго месца.
― падсумаваў арцыбіскуп.

Напрыканцы Імшы настаяцель супольнасці францішканаў у Пецярбургу падзякаваў дастойнаму іерарху за прысутнасць. Беларускі арцыпастыр пажадаў прысутным вернікам, каб абраны Асізскім бедняком шлях спачування і любові да бліжняга дапамог ім стаць Божымі супрацоўнікамі ў пабудове цывілізацыі жыцця, супакою, любові і ўзаемапаразумення.














