Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Маці Божай з Люрда ў Санкт-Пецярбургу і павіншаваў яе пробашча з юбілеем святарскага пасвячэння
- 7 кастрычніка, 2025
- Фота: Яўген Мартыновіч // Catholicminsk.by
5 кастрычніка, у 27-ю звычайную нядзелю, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Эўхарыстыю ў касцёле Маці Божай з Люрда ў паўночнай сталіцы Расіі — горадзе Санкт-Пецярбургу.
Пробашчам мясцовай парафіі з’яўляецца ксёндз Канстанцін Перыдэрый, які ў гэтым годзе адзначае срэбны юбілей святарства.

Падчас кожнага візіту ў горад на Няве беларускі іерарх стараецца наведаць гэты касцёл, які быў адзіным дзеючым у часы, калі ён навучаўся ў Політэхнічным інстытуце. Паводле прызнання арцыпастыра, дзякуючы гэтаму касцёлу ён не страціў веру ў перыяд ваяўнічага атэізму.
У гаміліі цэлебрант падкрэсліў, што галоўным пасланнем імшальных чытанняў гэтай нядзелі, асабліва Евангелля, з’яўляецца вера і нашыя адносіны да яе. Апосталы просяць Езуса ўмацаваць іх веру. А Ён адказае, што калі б яны мелі веру з гарчычнае зерне, то маглі б перасадзіць смакоўніцу ў мора.

Арцыпастыр пералічыў шмат характарыстык жыцця сучаснага католіка: «Імша штонядзелю, вера ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі, малітва, фігуркі Найсвяцейшай Панны Марыі і святых у хаце», ― і рэзюмаваў, што, хоць усё гэта важна і значна, але без жывой веры гэтага недастаткова.
У якасці прыкладу таго, чым адрозніваюцца «проста вера» і «жывая вера», арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў цікавы аповед.
У 1859 годзе адзін французскі канатаходзец упершыню прайшоў над Ніягарскім вадападам. Людзі са здзіўленнем апладзіравалі яму. Потым ён перавёз па канаце тачку ― прагучалі яшчэ мацнейшыя апладзісменты. Тады ён спытаў людзей, ці вераць яны ў тое, што ён можа перавезці ў ёй чалавека. Яны адказалі: «Так». Тады ён запрасіў, каб хтосьці сярод іх, адважны, залез у тачку, але такога не знайшлося. Людзі верылі яму, але не хацелі прыняць удзел у гэтай веры.
Кажучы пра юбілей святарскага пасвячэння ксяндза Канстанціна Перыдэрыя, беларускі іерарх апеляваў да словаў апостала Паўла, якімі той заклікаў свайго вучня Цімафея распальваць атрыманы праз ускладанне рук Божы дар, трымацца здаровага вучэння, захоўваць і перадаваць дэпазіт веры.
― падкрэсліў арцыпастыр.

Выкананню менавіта такога задання, па словах іерарха, ксёндз Канстанцін прысвяціў 25 гадоў свайго святарскага служэння, прычым за гэты час ён выконваў розныя функцыі ў Касцёле, з якіх асабліва адказнай была функцыя рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу пад назвай «Марыя ― Каралева апосталаў».
Звярнуўшыся да вобразу Касцёла як карабля, арцыбіскуп распавёў гісторыю пра хлопчыка, які падчас шторму і панікі на караблі не баяўся патануць і захоўваў спакой, бо за штурвалам быў яго тата, якому ён давяраў.
Іерарх падкрэсліў, што ксёндз Канстанцін з’яўляецца капітанам карабля па імені «Парафія Божай Маці з Люрда». Тысячы людзей у сценах гэтай святыні знаходзілі веру і ўмацоўвалі яе ў часы ганенняў, калі рэлігія афіцыйна лічылася «опіумам для народа».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў юбіляру моцна трымаць у руках штурвал гэтага касцёльнага карабля, мудра і мужна весці яго па ўзбураным моры секулярызму, каб шчасліва дасягнуць порта вечнага шчасця.














