Skip to main content

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сваім інтэрв’ю адкрывае летні «сезон пілігрымак»

26 чэрвеня
  • 26 чэрвеня, 2025
  • Стоп-кадр: Youtube-канал «Радыё Марыя Беларусь» // Catholicminsk.by

4-5 ліпеня адбудуцца галоўныя ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе. Каб трапіць у гэтае святое месца, многія садзяцца ў аўтобус, цягнік, аўтамабіль і праз пэўную колькасць гадзін і хвілін ужо стаяць на каленях перад цудадзейным абразом. Некаторыя, аднак, выбіраюць ўдзел у пешай пілігрымцы, каб яшчэ перад святкаваннем урачыстасці праз малітву, спеў і цяжар шляху падрыхтаваць сваё сэрца да сустрэчы з Нябеснай Матуляй.

26 чэрвеня з Баранавічаў і Ліды пешшу вырушылі ў Будслаў пілігрымы з Пінскай і Гродзенскай дыяцэзіі. Неўзабаве да шляху пілігрымаў далучацца іншыя арганізаваныя групы з розных гарадоў і вёсак нашай радзімы. З нагоды распачацця летняга «сезону пілігрымак» у найбольш вядомыя каталіцкія санктуарыі Беларусі на Youtube-канале «Радыё Марыя Беларусь» пэўны час таму з’явілася інтэрв’ю, якое правяла вядучая Вікторыя Кароль-Маўчанская з арцыбіскупам эмэрытам Тадэвушам Кандрусевічам на тэму пілігрымковага шляху вернікаў.

У юбілейным годзе, які праходзіць пад дэвізам «Пілігрымы надзеі», з’ява пілігрымавання да санктуарыяў, якія адначасова з’яўляюцца юбілейнымі святынямі, надае гэтым словам асаблівы сэнс.

Хто быў першым пілігрымам у гісторыі хрысціянства? Калі арцыбіскуп Кандрусевіч упершыню прыняў удзел у пілігрымцы? Што тагачасны пілігрым мог убачыць у Вільні, чаго зараз ўжо няма? Калі беларускія пілігрымы ўпершыню прыйшлі ў Чэнстахову і як 60 тысяч пілігрымаў з Савецкага Саюза трапілі ў Польшчу на сустрэчу з Папам святым Янам Паўлам II? Куды пілігрымуюць расійскія католікі? Запрашаем вырушыць шляхамі пілігрымак разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам у відэа, якое размешчана ніжэй.