Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у святкаванні юбілею біскупскага і святарскага пасвячэння расійскага дапаможнага біскупа Мікалая Дубініна
- 6 кастрычніка, 2025
- Фота: Міхаіл Фацееў, Арцём Паўлаў // Catholicminsk.by
4 кастрычніка ва ўспамін святога Францішка Асізскага ў прокатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу дапаможны біскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Мікалай Дубінін OFMConv адзначаў срэбны юбілей святарства і пяцігоддзе біскупскай сакры. На святой Імшы, якую ўзначаліў сам юбіляр, прысутнічалі арцыбіскуп Павел Пэццы, ардынарый архідыяцэзіі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі з усяго горада, а таксама лютэранскі біскуп і праваслаўны святар.
Маліцца і дзякаваць Богу за дар святарства біскупа Мікалая Дубініна OFMConv дапамагаў спеў хору прокатэдральнай парафіі.
Гамілію падчас Імшы прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які, па прызнанні юбіляра, сваім казаннем у свой час так паўплываў на яго, што ён са студэнта філалагічнага факультэта Растоўскага ўніверсітэта стаў семінарыстам. 25 гадоў таму беларускі дастойны іерарх удзяліў яму святарскае пасвячэнне.

У гаміліі арцыпастыр падкрэсліў, што Хрыстус «таямнічым чынам кліча, а мы павінны даць адказ». Біскуп Мікалай, паводле іерарха, «даў яго на берагах паўнаводнага Дона, падобна таму, як на берагах Галілейскага возера яго далі апосталы».

Як францішканін, айцец Мікалай Дубінін OFMConv верна выконваў свае манаскія і святарскія абавязкі, што было заўважана Апостальскім Пасадам, які пяць год таму прызначыў святара біскупам.
Па словах беларускага іерарха, юбілей святарства і біскупскай кансэкрацыі ― гэта добрая нагода прыгледзецца да Божага дзеяння ў жыцці святара і біскупа. Арцыбіскуп Тадэвуш прасачыў, як вылучаныя апосталам Паўлам тры цноты хрысціянскага жыцця ― вера, надзея і любоў ― фармавалі жыццё і служэнне біскупа Мікалая, а таксама адзначыў, што рэлігійнае лідарства заключаецца не ў тым, каб весці іншых да сябе, але да Бога.
― падкрэсліў прамоўца.

Адзначыўшы падабенства крызісу ў Касцёле ў часы святога Францішка і расійскіх рэалій, дзе «ганенні цягам трох пакаленняў учынілі з Касцёла руіны», арцыпастыр рэзюмаваў, што пасля трох дзесяцігоддзяў адраджэння неабходна чарговае аднаўленне згодна з выклікамі часу. Каб Касцёл нязменна заставаўся сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, Хрыстус заклікае біскупа як гледзячага наперад стражніка веры абнавіць і ўмацаваць яго вучэннем Евангелля, праверанай часам Традыцыяй, сучаснымі дасягненнямі эклезіялогіі і пастырскага служэння.
Беларускі іерарх пажадаў юбіляру быць зоркай у грахоўнай цемры сучаснасці і Божага благаслаўлення на далейшыя гады.

Пасля Імшы было зробленае супольнае фота іерархаў і духавенства. Урачыстасць завяршылася фуршэтам у дольным памяшканні касцёльнага будынка.
























