Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі прыняў удзел у святкаванні 100-годдзя парафіі святога Станіслава Косткі ў Ваўкавыску

18 верасня

18 верасня парафія святога Станіслава Косткі ў Ваўкавыску (Гродзенская дыяцэзія) святкавала стагоддзе свайго існавання. Паколькі ў гэты дзень адзначаецца літургічны ўспамін нябеснага апекуна парафіі, святкаванне юбілею супала з яе адпустовай урачыстасцю.

З каталіцкіх іерархаў гасцямі свята сталі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Сярод запрошаных былі ранейшыя пробашчы парафіі, шматлікія святары Гродзенскай дыяцэзіі, святар Праваслаўнай Царквы. Ад прадстаўнікоў улады прысутнічала дэлегацыя на чале са старшынёй Ваўкавыскага райвыканкама Дзмітрыем Захарчуком. Прысутнічалі шматлікія парафіяне, госці з Ваўкавыска і наваколля.

Галоўнага госця, арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, парафіяне прывіталі на прыступках святыні боханам хлеба. Гэта было асабліва ўрачыстым момантам свята.

Цэнтральнай падзеяй свята стала ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх, як непасрэдны сведка і ўдзельнік жыцця гэтай парафіі, успомніў часы яе адраджэння, падкрэсліў, што вернікі не павінны заставацца толькі гасцямі ў новай парафіяльнай святыні, а павінны стаць сапраўднымі гаспадарамі і будаўнікамі яе духоўнага жыцця.

Парафіяне ў межах літургіі прынеслі да алтара сімвалічныя дары, кожны з якіх быў знакам падзякі Богу і надзеі на будучыню парафіі: палаючую свечку, гадзіннік, ружанец, Біблію, хлеб і віно.

У канцы Імшы ўдзельнікі праспявалі гімн «Цябе, Бога, праслаўляем». Пасля літургіі парафіяне падзякавалі біскупам за прысутнасць, малітву і пастырскае благаслаўленне, уручыўшы як знак удзячнасці ад парафіі сувеніры з лагатыпам юбілею. Падарункі атрымалі прадстаўнікі свецкай улады і ўсе прысутныя святары, якія ўдзельнічалі ў святкаванні.

Па заснаванай сто гадоў таму традыцыі біскупу Гродзенскаму быў падораны гравіраваны паднос з надпісам у гонар юбілею. Найбольш актыўным прадстаўнікам парафіі ад імя пробашча ксяндза Аляксандра Раманоўскага і біскупа Уладзіміра Гуляя былі ўручаны лісты падзякі.

На заканчэнне свята была зроблена агульная фатаграфія. Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў благаслаўленне памятнага знака ў гонар стагоддзя парафіі і мемарыяльнай дошкі ў памяць спачылых святароў: першага пробашча парафіі ксяндза Уладзіслава Маляўскага, дзякуючы якому быў пабудаваны ранейшы, драўляны парафіяльны касцёл, і ксяндза каноніка Алега Дуля, які займаўся будаўніцтвам цяперашняга касцёла.