Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі падчас Пасхальнай Вігіліі: «Ты верыш, што мы ўваскрэснем? Падзяліся сваёй верай і надзеяй з іншымі»

19 красавіка
  • 20 красавіка, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Лізавета Бубенька // Catholicminsk.by

Увечары ў Вялікую суботу, якая з’яўляецца часам цішыні і задумы побач з грабніцай Збаўцы нашага Езуса Хрыста, з асвячэння новага агню, які, у сваю чаргу, сваім полымем прагнаўшы змрок, стаў сімвалам святла Уваскрослага Хрыста, што рассеяла цемру граху і смерці, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі распачалася Пасхальная Вігілія. Цэлебрацыю галоўнай хрысціянскай урачыстасці ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Прыгожа заспяваныя іерархам пачатковыя заклікі і малітвы, літургічныя жэсты, напоўненыя спакоем і павагай цэлебрацыі, урэшце прыгатаванае і засыпанае ладанам кадзіла стварылі непаўторную атмасферу Літургіі святла — першай часткі Пасхальнай вігіліі. Урэшце, працэсія з кадзілам і запаленым пасхалам (вялікай свечкай, якая сімвалізуе Уваскрослага Хрыста) вырушыла да галоўнага алтара.

«Святло Хрыстова», — тройчы праспяваў дыякан Аляксандр Шыманскі, узносячы угару запалены пасхал у цёмным касцёле, які неўзабаве асвятліўся сотнямі запаленых ад яго свечак. З гэтымі свечкамі ў руках шматлікія ўдзельнікі Пасхальнай Вігіліі — начнога чування — пазней аднавілі абяцанні святога Хросту, праз які атрымалі ад Уваскрослага Хрыста дараванне грахоў і дар вечнага жыцця.

Прагучалі першыя гукі радаснага пасхальнага гімна ExultetУзрадуйцеся»), які праспяваў ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, пробашч катэдральнай парафіі ў Мінску. Гэты старажытны гімн абвяшчае перамогу Хрыста над смерцю і ўсхваляе Бога за Яго прысутнасць у гісторыі збаўлення чалавека. Асаблівую ўвагу ён надае пасхалу, зробленаму з пчалінага воску, святло якога рассейвае начную цемру і абвяшчае канец грахоўнай няволі.

Літургія слова, якая складаецца з некалькіх чытанняў, узятых са Старога Запавету, з адпаведнымі псальмамі і песнямі пасля іх, праводзіць слухачоў праз тоўшчу гісторыі збаўлення — ад стварэння свету Богам, праз вялікую для Выбранага народа падзею — зыход Ізраэля праз Чырвонае мора з егіпецкай няволі ў накірунку зямлі абяцанай, аж да прадказанага прарокамі прыйсця на зямлю Месіі — Езуса Хрыста, — які ўцелавіўся і аддаў жыццё з любові да чалавечага роду. Пасля кожнага чытання і псальму ці песні галоўны цэлебрант спевам прамаўляў адпаведную заключную малітву.

Серыю чытанняў раптам перарваў радасны гімн «Хвала на вышынях Богу», падчас якога пасля двухдзённага перапынку ізноў пачаў іграць арган, які падтрымлівае спеў вернікаў, а да прыгожых гукаў арганнай мелодыі дадаўся гучны звон усіх касцёльных званочкаў і званоў. Пасля спеву Калекты, якая прамаўляецца падчас кожнай святой Імшы перад чытаннямі, лектар прачытаў чытанне, якое ў літургіі акрэсліваецца як EpistulaПасланне»), таму што ўзята з Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў. Гэтае чытанне выражае пераход ад Старога Запавету да Новага, ад смерці да жыцця, ад граху да валадарання разам з Хрыстом.

Пасля разбудаванага спеву «Аллелюя», што па-габрэйску перакладаецца як «хвала Пану», кульмінацыяй Літургіі слова было Евангелле, якое прачытаў дыякан. Яно абвяшчала Добрую Навіну аб адсутнасці цела Хрыста ў грабніцы, сведкамі чаго сталі жанчыны, якія неслі туды пахучыя алеі. Запэўненыя анёламі, што Увасрасенне Хрыста — гэта праўда, яны прынеслі Добрую Навіну Пятру. Апостал, не паверыўшы жанчынам, уласнымі нагамі дасягнуў грабніцы і сам дакрануўся да цудоўнай праўды.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі заклікаў вернікаў, каб яны, ідучы за ўваскрослым Хрыстом, нягледзячы на шматлікія перашкоды, з якімі сутыкаюцца кожны дзень, былі напоўненыя пазітывам і надзеяй, каб глядзелі ў будучыню з верай, надзеяй і любоўю.

«Папа Францішак кажа сённяшняму чалавеку: “Хрыстус жыве! Ён хоча, каб і ты жыў. Хрыстус з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету. Кожны, хто дазваляе Хрысту дакрануцца да сябе праз слова, святую Камунію, становіцца маладым маладосцю Езуса”»,

— нагадаў словы Папы з апостальскай адгартацыі Christus vivitХрыстус жыве») арцыбіскуп Станеўскі.

Урачыстасць Уваскрасення Пана, паводле слоў арцыпастыра, з’яўляецца вялікім святам для ўсяго чалавецтва, бо як хрысціяне мы верым, што ўсе мы ўваскрэснем на падабенства Хрыста. Таямніца ўваскрасення Сына Божага ахоплівае і наша ўваскрасенне. Святы Павел пісаў да супольнасці Каласянаў: «Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу» (Клс 3, 1-4).

Напрыканцы свайго разважання іерарх, звяртаючыся да кожнага прысутнага верніка з адмысловым пытаннем, заклікаў:

«Ты верыш, што мы ўваскрэснем? Калі так, то падзяліся сваёй верай і надзеяй з іншымі».

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Вялікдзень 2025>>>

Літургія хросту, чарговая частка галоўнай цэлебрацыі года, распачалася Літаніяй да Усіх Святых, заступніцтва якіх Касцёл заклікае заўсёды, а асабліва падчас найбольш важных падзей.

Пасля яе быў прадугледжаны абрад пасвячэння хрысцільнай вады, якой затым будуць абмытыя з першароднага граху будучыя новыя вызнаўцы Хрыста. Такіх падчас святой Імшы было пяцёра. Усе яны атрымалі хрост з рук арцыбіскупа Станеўскага, пасля чаго адразу прынялі чарговы сакрамэнт хрысціянскага ўтаямнічання — канфірмацыю.

Затым вернікі з запаленымі свечкамі ў руках аднавілі абяцанні, якія іх бацькі і хросныя ад іх імя складалі падчас іхняга хросту. Завяршыў гэтую частку літургіі абрад акраплення вернікаў асвечанай вадой. Малітва вернікаў стала працягам цэлебрацыі святой Імшы.

На заканчэнне цэлебрацыі арцыбіскуп павіншаваў з галоўным хрысціянскім святам усіх хрысціянаў, якія святкуюць Вялікдзень у адзін дзень, а асабліва тых вернікаў Касцёла, хто ў юбілейным 2025 годзе падзяляе надзею, падараваную ўваскрослым Хрыстом, і пажадаў на ўзнёслае і радаснае святкаванне Вялікадня, каб Хрыстом «запалалі нашыя сэрцы».

Пры напісанні рэпартажа былі выкарыстаны матэрыялы з партала Catholic.by.