Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі ў свята Хросту Пана наведаў магілёўскую конкатэдральную парафію

11 студзеня
  • 14 студзеня, 2026
  • Тэкст: кс. Уладзімір Русак / Фота: кс. Аляксандр Улас // Catholicminsk.by

11 студзеня, у свята Хросту Пана, якое адзначаецца ў першую нядзелю пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве.

Мітрапаліта суправаджалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адказны за Магілёўскі рэгіён, і сакратар арцыбіскупа ксёндз канонік Юрый Ясевіч. Гэтае наведванне, якое адбылося па ініцыятыве біскупа Яшэўскага, стала для мясцовай каталіцкай супольнасці значнай падзеяй, якая падкрэсліла адзінства пастырскага служэння і радасць сакрамэнту хросту.

На пачатку гаміліі, прамоўленай падчас святой Імшы, арцыпастыр звярнуўся да прысутных:

«Дарагія хрысціяне, а значыць, усе тыя, хто ахрышчаны ў імя Езуса Хрыста! Ваша Эксцэленцыя, біскуп Аляксандр, шаноўныя святары Уладзімір і Аляксандр, сёстры законныя, браты і сёстры — бо, як скажа папа Леў XIV, “калі мы з Хрыстом, тады ўсе мы адно”».

Далей арцыбіскуп зазначыў, што «Касцёл і Дзяржава — гэта сям’я сем’яў», і ў магілёўскай конкатэдры ўсе адчуваюць сябе «дома, пад страхой Божага дома». Спасылаючыся на Папу Францішка, іерарх заахвоціў атаясамліваць гэты Божы дом з «бацькаўскім домам, дзе ціха і ўтульна, пахне свежым хлебам і гучыць малітва маці». Перафразуючы святога Яна Паўла ІІ, ён сказаў: тут «усё распачалося, і жыццё, і вера, вучоба і пакліканне». Тут многія хрысціліся, пачаўшы зямное вандраванне як дзеці Божыя.

Мітрапаліт яскрава прыгадаў атмасферу калядных традыцый: белы ільняны абрус з сенам; свечка Caritas як знак гатоўнасці дапамагаць бліжняму; стравы, прыгатаваныя паводле бабулінага рэцэпту згодна з лічбай Апосталаў; ялінка як сімвал вечнасці, упрыгожаная разнастайнымі цацкамі, што азначаюць наш зямны дабрабыт і нябесныя спадзяванні; хатняя батлейка, якую выстругаў з ліпавага дрэва, што расло на нашым полі, дзядуля, і голас нібыта з неба: «На пачатку было Слова, і слова было ў Бога, і Богам было Слова» (Ян 1, 1).

Іерарх запрасіў да духоўнай пілігрымкі ў Бэтлеем, «каб знайсці Немаўля, спавітае і пакладзенае ў яслях (пар. Лк 2, 12), каб разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй і святым Юзафам, а таксама з пастухамі, адараваць Слова, якое сталася целам і пасялілася між намі (пар. Ян 1, 14). (…) Бог стаў маленькім Дзіцяткам, каб мы не баяліся Яго. Бог пажадаў прыйсці да нас Немаўляткам, каб мы маглі наблізіцца і прытуліцца да Яго. (…) Таму ў гэтыя святочныя дні мы зачароўваемся прыгажосцю і прастатой веры Марыі, даверам Юзафа і паслухмянасцю бэтлеемскіх пастухоў. Не разумеючы так шмат рэчаў, яны з прастатой і чысцінёй сэрца прынялі Слова, распазналі Яго як праўду і дазволілі яму кіраваць сабой».

Тлумачачы словы Евангелля, арцыбіскуп Юзаф звярнуў увагу на тое, што «Езус ідзе да тых, што яшчэ поўныя сумніву». Прыгадваючы словы святога Грыгорыя з Назіянзу, іерарх сказаў, што «Езус падыходзіць да Яна Хрысціцеля, каб надзяліць святасцю, каб пахаваць у водах Ярдану ўвесь стары род Абрагама. Адбываецца дыялог Езуса з Янам Хрысціцелем. Гаворыць светач Сонцу; голас Слову, сябра — Абранніку, большы сярод народжаных ад жанчын першаму ўсяго стварэння». А над усім голас з неба: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў» (Мц 3,17).

«У свята Хросту Пана адбылося першае трынітарнае аб’яўленне, гэта значыць Бог адкрыўся чалавецтву як Святая Тройца, як Любоў, якая дапаўняе і ўзбагачае адно аднаго»,

— сцвердзіў прамоўца.

«Што адбылося падчас хросту, які мы прынялі кожны ў свой час?» — запытаўся арцыпастыр. І адказаў: «Глыбока і назаўжды мы паядналіся з Езусам, пагрузіліся ў таямніцу Яго смерці, якая з’яўляецца крыніцай жыцця, каб удзельнічаць у Яго ўваскрасенні, нарадзіліся да новага жыцця. Менавіта гэты цуд паўтараецца кожны раз, калі святар (ці нават свецкі вернік) удзяляе хросту, паліваючы асвечанай вадой і выказваючы формулу хросту: “Я цябе хрышчу ў Імя Айца, і Сына, і Духа Святога”. Такім чынам, ахрышчаны ўваходзіць у непарушныя адносіны з Богам і вызваляецца ад першароднага граху, становіцца жывым членам аднаго цела, якім з’яўляецца Касцёл, здольным у поўнай меры жыць і імкнуцца да святасці, быць “пілігрымам надзеі”, каб атрымаць вечнае жыццё, здабытае для нас праз уваскрасенне Езуса».

Сваю гамілію арцыбіскуп Станеўскі завяршыў даручэннем прысутных заступніцтву Багародзіцы з Назарэта і «Той, што апякуецца нашым краем з Бялыніч».

Напрыканцы літургіі вернікі сардэчна падзякавалі Мітрапаліту за ягоны пастырскі клопат, які праявіўся ва ўмацаванні мясцовай супольнасці праз навучанне і цэлебрацыю Эўхарыстыі.