Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі скіраваў віншаванні з нагоды 25-гадовага юбілею Віцебскай дыяцэзіі

  • 20 жніўня, 2024
  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Ваша Эксцэленцыя біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, духавенства, дарагія браты і сёстры ў Хрысце, якія ўтвараеце Касцёл Віцебскай дыяцэзіі, ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ад сябе асабіста вітаю вас і жадаю супакою Хрыстовага ў дзень, калі ваша дыяцэзія адзначае 25-годдзе з часу свайго заснавання.

Сёння мы разам з вамі дзякуем Найвышэйшаму Богу які учыніў «вялікія справы» супольнасці мясцовага Віцебскага Касцёла праз паслугу святога Папы Яна Паўла ІІ, які ў 1999 годзе стварыў новую дыяцэзію на Беларусі і менаваў яе першага ардынарыя ў асобе біскупа Уладзіслава Бліна.

Мінулыя 25 гадоў для маладой Віцебскай дыяцэзіі былі падарожжам з Богам. Сёння можна з гонарам пералічыць шмат добрага, што адбылося ў дыяцэзіі за гэтую чвэрць стагоддзя, але і пакорліва прызнаць, што ёсць тое, што не атрымалася. Аднак перш за ўсё мы хочам разам са святым апосталам Паўлам усвядоміць, што ўсё, што мы перажылі, нейкім чынам змяніла нас, таму што «ўсё служыць на карысць тым, хто любіць Бога» (пар. Рым 8, 28). Таму мы павінны працягваць шлях перамянення. Перш за ўсё гэта дзеянне Духа Святога, які пастаянна аднаўляе Касцёл. Гэтак як Пётр, які, шкадуючы аб сваім адрачэнні, зразумеў, наколькі ён слабы, і падчас сустрэчы з уваскрослым Хрыстом прызнаўся: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе» (Ян 21, 17).

Таму нам трэба пастаянна аднаўляць сувязь з Хрыстом. Ён — самае вялікае багацце чалавека. Ён — найвялікшы дар, які мы атрымалі і які павінны перадаць. Ён хоча быць з намі ва ўсе дні ажно да сканчэння свету (пар. Мц 28, 20). каб пастаянна перамяняць нас як асобаў, але таксама як супольнасць. Толькі так жыццё можа быць багатым на плёны Божага Валадарства.

Ваша Эксцэленцыя, браты і сёстры, мы яднаемся сёння з вамі спяваючы разам гімн «Цябе, Бога, праслаўляем». Малітоўна яднаемся ў прыняцці новых выклікаў у жыцці дыяцэзіі і просім для вас дапамогі Божай, апекі Маці Божай Браслаўскай, заступніцтва святога Язафата Кунцэвіча, Апекуна дыяцэзіі, святых і благаслаўлёных зямлі беларускай Азёрнага краю.

Няхай вас падбадзёрваюць словы Папы Яна Паўла ІІ, заснавальніка вашай дыяцэзіі, каб вернасць Хрысту і Касцёлу і сумленнае хрысціянскае жыццё і надалей былі святлом і сілай для ўсіх, хто жыве ў вашым мясцовым Касцёле. Святы Ян Павел ІІ, які паклікаў да жыцця вашу дыяцэзіяльную супольнасць, няхай благаслаўляе вас як тады з базылікі святога Пятра, а сёння з Дома Айца Нябеснага і спадарожнічае вам у рэалізацыі місіі Віцебскага Касцёла ў сучасным свеце ў час, у які Бог выбраў вас.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Віцебск 1999 – Браслаў 2024