Арцыбіскуп Станеўскі скіраваў пажаданні біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю з нагоды яго ўступлення на пасаду
- 30 верасня, 2024
- Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Ваша Эксцэленцыя, паважаны біскуп Уладзімір,
Паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі з інфармацыяй аб тым, што Святы Айцец Папа Францішак прыняў адмову ад пасады Дыяцэзіяльнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыі Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з дасягненнем ім 75-гадовага ўзросту, згодна з нормамі Кананічнага права і зместам паведамлення азначае, што яго наступнікам на гэтай пасадзе становіцеся Вы, Ваша Эксцэленцыя, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
З гэтай нагоды ад свайго імя і ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі жадаю выказаць самыя цёплыя пажаданні і запэўніць Вас у малітве.
У паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Pastores gregis святы Ян Павел ІІ пісаў: «Біскуп мае асаблівае заданне быць прарокам, сведкам і слугой надзеі. Ён павінен выклікаць у кожнага давер і апраўдаць хрысціянскую надзею (пар. 1 П 3, 15)».
Жадаю Вашай Эксцэленцыі, каб у выкананні Вашага служэння ў якасці пастыра Гродзенскай дыяцэзіі Вы былі адважным, настойлівым, пераканаўчым і заўсёды здольным аддаць сваё жыццё як прарок, сведка і слуга надзеі, укаранёнай у Езусе Хрысце.
Няхай уласны досвед прысутнасці і блізкасці Бога на жыццёвых дарогах Вашай Эксцэленцыі стане крыніцай сілы і нязгаснай надзеі ў выкананні нялёгкай службы дыяцэзіяльнага біскупа для вечнага і часовага дабра народа Божага Гродзенскай дыяцэзіі і тых хто шукае праўды.
Даручаю Вашае жыццё і служэнне біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Кангрэгацкай, просячы заступніцтва святых апекуноў дыяцэзіі, святога Казіміра і святога Максімільяна Кольбэ.
З пашанай, Ваш брат у пастырскім служэнні
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі