Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі пасвяціў новазбудаваны касцёл у Стоўбцах

31 жніўня
  • 3 верасня, 2024
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Ганна Бычынская // Catholicminsk.by

31 жніўня, у суботу, супольнасць парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах перажывала знакавую падзею – пасвячэнне новазбудаванага парафіяльнага касцёла.

На ўрачыстасці прысутнічалі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які здзейсніў абрад кансэкрацыі касцёла, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама біскуп Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, які ў 90-х гадах ХХ стагоддзя нёс святарскае служэнне супольнасці вернікаў горада Стоўбцы, прыязджаючы да іх з Ішкалдзі. На пасвячэнні касцёла прысутнічалі таксама святары, законныя сёстры, а таксама шматлікія вернікі, якіх не змясціў будынак святыні.

Апоўдні ўдзельнікі ўрачыстасці сабраліся перад галоўным уваходам у святыню. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, прывітаўшы прысутных, прачытаў адмысловую малітву, пасля чаго атрымаў ад парафіянаў сімвалічны ключ, якім некалькі разоў ударыў у галоўныя дзверы касцёла. Затым іерарх узначаліў працэсію, якая прайшла да галоўнага алтара.

Прысутных біскупаў, святароў, манаскіх асоб і вернікаў прывітаў пробашч парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах ксёндз канонік Ігар Лашук.

Святар нагадаў прысутным гісторыю парафіі ў Стоўбцах. У 1623 годзе ўмову на пабудову мураванай святыні ў Стоўбцах айцы дамініканцы падпісалі з мінскім ваяводам Аляксандрам Слушкам. У 1628 годзе будову касцёла распачаў айцец Фабіян Малішоўскі OP, які прыбыў з копіяй абраза Маці Божай Ружанцовай. Да 1640 года быў пабудаваны драўляны кляштар і касцёл у вёсцы Кавалеўшчына. З 1639 года кляштар атрымаў статус канвента. Стаўбцоўская дамініканская місія ўваходзіла ў Рускую правінцыю святога Яцэка з цэнтрам у Львове. Першым прыёрам быў Фабіян Малішоўскі, які памёр у 1644 годзе і быў пахаваны ў капліцы мураванага касцёла. У 1675 годзе адбылося пасвячэнне першага гістарычнага касцёла.

У 1831 годзе Стоўбцы былі канфіскаваныя ў князя Чартарыйскага царскім урадам з-за падтрымкі паўстання 1830–1831 гадоў, кляштар скасаваны, касцёл застаўся парафіяльным, але ў 1870 годзе, пасля паўстання 1863 года, быў ператвораны ў праваслаўную царкву святой Марыі Магдалены і пры гэтым значна перабудаваны. Падчас Першай сусветнай вайны будынак касцёла значна пацярпеў і ў такім стане быў вернуты католікам у 1921 годзе. У 1930 годзе на адной з вежаў касцёла зрабілі надбудову з высокім шпілем.

Падчас Другой сусветнай вайны касцёл быў нязначна пашкоджаны. Тым не менш, ён быў цалкам знішчаны ў 1950-х гадах. Фундамент гэтага касцёла, а таксама яго крыпта да 2022 года знаходзіліся на тэрыторыі стадыёна сярэдняй школы №2 горада Стоўбцы. Цяпер гэтая тэрыторыя перададзена парафіі.

У 2011 годзе на новым месцы распачалося будаўніцтва касцёла па праекце архітэктара Аляксандра Базевіча. Будаўніцтва вяла парафія пад кіраўніцтвам святароў з законніцкай кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і. Былі амаль узведзеныя сцены касцёла. У 2019 годзе будову працягнуў прызначаны пробашчам дыяцэзіяльны святар ксёндз Ігар Лашук, перадаўшы праект архітэктару Аляксею Яроменку.

У галоўным алтары касцёла змешчаны абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які спачатку знаходзіўся ў могілкавай капліцы ў вёсцы Дзераўная, трапіўшы туды з налібоцкага касцёла, які згарэў у 1943 годзе. Абраз, які ксёндз Ігар Лашук назваў “Налібоцкай Мадоннай”, прайшоў рэстаўрацыю і застанецца ў стаўбцоўскім касцёле.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што ў год, калі наша краіна адзначае 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, менавіта новы касцёл стане месцам вызвалення чалавека з духоўнай няволі граху. Таму на знак гэтага вызвалення, якое здзяйсняецца падчас хросту і пакаяння, адбыўся абрад пасвячэння вады, якой былі акропленыя вернікі, а таксама сцены касцёла.

Гамілію падчас Імшы прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Абапіраючыся на шматлікія цытаты са Старога і Новага Запавету, іерарх нагадаў, чым з’яўляецца пасвячэнне Божага дому, якім ёсць касцёл, а таксама растлумачыў, наколькі велічная гэтая падзея, бо ў святыні жыве сапраўдны Бог, Езус Хрыстус, з усёй сваёй моцай і веліччу.

Пасля супольнага вызнання веры прысутныя, стоячы на каленях, маліліся словамі Літаніі да Усіх Святых, якая прамаўляецца ў асаблівыя моманты жыцця і дзейнасці Касцёла.

Затым арцыбіскуп Станеўскі прамовіў доўгую і багатую на біблійную сімволіку малітву пасвячэння касцёла і алтара, пасля чаго старанна намасціў алеем хрызма вуглы алтара. У гэты ж час біскуп Яшэўскі ўзняўся па спецыяльнай лесвіцы, каб гэтым жа алеем намасціць крыжы (так званыя “закхейкі”) на сценах касцёла.

Наступным абрадам было запаленне кадзіла на алтары, дым якога азначае малітвы і ахвяры, якія будуць складацца Богу ў гэтым касцёле. Таксама адбылося акаджэнне галоўнага цэлебранта, вернікаў і святыні. Алтар, накрыты абрусам, стаў месцам здзяйснення эўхарыстычнай ахвяры.

Пасля святой Камуніі біскуп Юрый Касабуцкі прачытаў на лацінскай мове дэкрэт аб пасвячэнні касцёла ў Стоўбцах, пасля чаго пробашч парафіі паказаў дакумент усім прысутным. Арцыбіскуп Станеўскі адзначыў вялікі ўклад вернікаў стаўбцоўскай парафіі ў пабудове новай святыні, уручаючы на рукі пробашча падзячную грамату. Пасля пастырскага благаслаўлення быў зроблены супольны фотаздымак з прысутнымі на ўрачыстасці іерархамі і святарамі.

Пасля святой Імшы праграма святкавання прадугледжвала выступ народных ансамбляў са стаўбцоўскай школы мастацтваў, а таксама спецыяльную праграму для дзяцей.

Увечары на ганку касцёла хрысціянскімі спевамі ўпрыгожыў урачыстасць евангелізацыйны музычны гурт “Рыбы”. А напрыканцы рэлігійнага мерапрыемства тых, хто датрываў да канца, чакаў святочны салют і спеў гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”.