Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч прыняў удзел у святкаванні срэбранага юбілею святарства мансеньёра Ігара Чабанава ў Маскве

27 мая
  • 28 мая, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, Вольга Дубягіна / Фота: Вольга Дубягіна, Вольга Хруль // Catholicminsk.by
  • Паводле Cathmos.ru

27 мая ў касцёле святога Людвіка ў Маскве (Расійская Федэрацыя) арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў урачыстую святую Імшу.

Нагодай для прыбыцця арцыпастыра ў Расію быў юбілей 25-годдзя з дня святарскага пасвячэння сакратара Апостальскай нунцыятуры ў Маскве мансеньёра Ігара Чабанава, якому чвэрць стагоддзя таму ён ўдзяліў сакрамэнт пасвячэння.

У Імшы прынялі ўдзел Апостальскі нунцый у Расійскай Федэрацыі арцыбіскуп Джавані Д’Аньела, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі. Літургію ўпрыгожваў спевамі на лацінскай і рускай мовах парафіяльны хор.

На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызнаўся, што з настальгіяй успамінае касцёл святога Людвіка ў Маскве, які, паводле яго слоў, «быў бастыёнам веры ў часы ганенняў і адыграў станоўчую роль у яе адраджэнні». Першы раз ён увайшоў у гэты касцёл у 1968 годзе, калі, як студэнт Ленінградскага палітэхнічнага інстытута, вяртаўся дадому ў Гродна з практыкі на будове Краснаярскай ГЭС. Тады была нядзеля, але Імшы не было, бо святар хварэў. Аднак Божы Провід учыніў, што 28 мая 1991 года менавіта ў гэтым касцёле адбыўся ўрачысты інгрэс (уступленне на пасаду) арцыбіскупа Кандрусевіча як Апостальскага адміністратара для католікаў Еўрапейскай часткі Расіі.

У гаміліі дастойны іерарх коратка прадставіў жыццёвы шлях ксяндза юбіляра Ігара Чабанава. Ён нарадзіўся ў Маскве, закончыў прэстыжны Інстытут Азіі і Афрыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасцях «перакладчык з кітайскай мовы» і «гісторык-усходнявед». Праз пэўны час будучы святар працаваў у кітайскім Шанхаі, дзе таксама меў магчымасць удзельнічаць у нядзельнай святой Імшы. Перад ім адкрывалася багатая свецкая кар’ера.

Аднак Бог умяшаўся ў планы Ігара і кардынальна змяніў яго жыццё. Ён пачуў голас паклікання да святарства і адказаў на яго пазітыўна. Для праходжання святарскай фармацыі арцыбіскуп Кандрусевіч скіраваў яго ў Каледж святога Бэды Вялебнага ў Рыме — месца фарміравання сэрцаў так званых «позніх пакліканняў». Пасля праходжання ім адпаведнай падрыхтоўкі, у 1999 годзе ў Рыме арцыпастыр удзяліў яму дыяканскае, а ў 2000 годзе ў маскоўскай катэдры — святарскае пасвячэнне.

Ксёндз Ігар атрымаў ліцэнзіят па філасофіі ў Папскім Латэранскім універсітэце. Выкладаў філасофію ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу і займаўся пастырскай дзейнасцю ў горадзе на Няве. Святар валодае, апроч рускай, таксама англійскай, італьянскай і кітайскай мовамі. З 2008 года працуе сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Расійскай Федэрацыі і служыць у касцёле святога Людвіка ў Маскве.

Арцыпастыр падкрэсліў, што праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння кандыдат да святарства памазваецца Духам Святым, што дае яму магчымасць выконваць святарскія абавязкі і ахвяраваць Богу бяскроўную ахвяру Хрыста. Місія святара ў жыцці Касцёла вельмі важная і яе нельга дэлегаваць нікому іншаму. Іерарх нагадаў прысутным, што Касцёл вызначае наступныя функцыі святара: навучаць, асвячаць і кіраваць Божым народам.

Функцыя навучання, паводле меркавання арцыпастыра, з’яўляецца асаблівай сярод іншых, бо вера нараджаецца ад слухання.

«Таму, навучаючы людзей, трэба памятаць, што Святое Пісанне нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла. Моц абвяшчэння сыходзіць не з нашых ідэй, але з Божай праўды. Прапанова хрысціянства “па зніжанай цане”, з выкарыстаннем мовы канфармізму — гэта не сапраўдная евангелізацыя, а адаптацыя да густу супольнага меркавання, якое часта кіруецца прынцыпамі паліткарэктнасці ў духоўных справах»,

— папярэдзіў іерарх.

Функцыя асвячэння ажыццяўляецца праз цэлебрацыю сакрамэнтаў паводле ўстаноўленага Касцёлам парадку. Таму так званая «літургічная свабода», паводле думкі арцыпастыра, недапушчальная.

«Функцыя кіравання Божым народам павінна выконваца ў духу служэння. Святар — не гаспадар, а слуга людзей, таму павінен добра ведаць іх духоўны стан і праблемы, з якімі яны сустракаюцца», — сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч з жалем сцвердзіў, што ў наш час Касцёл адчувае вялікі недахоп святароў.

«Грамадству патэрэбныя “духоўныя анэстэзіёлагі” для аблягчэння болю духоўных трагедый людзей, “духоўныя дыетолагі”, каб дапамаць людзям адрозніць здаровую духоўную ежу ад таксічнай, “духоўныя рэабілітолагі”, бо ўсе мы патрабуем духоўнай рэабілітацыі»,

— ужываючы вобразы, узятыя з медыцынскай сферы, прамовіў арцыпастыр.

Іерарх падкрэсліў, што 25 гадоў служэння ксяндза Ігара пацвердзілі яго вернасць гэтым прынцыпам. «Колькі людзей з яго вуснаў пачула словы праўды веры і надзеі? Колькі адыйшло ад канфесіянала, прымірыўшыся з Богам і бліжнім? Колькі атрымала дар патрэбнай для збаўлення Божай ласкі? Таму святкаванне юбілею таксама павінна заахвоціць маладых людзей да пазітыўнага адказу на пакліканне да служэння Богу, — выразіў перакананне арцыпастыр. — Тым больш, што нова абраны Папа Леў XIV заклікае маладых людзей не баяцца адклікнуцца на голас Хрыста, які кліча іх да святарства, бо Касцёл мае вялікую патрэбу ў святарах».

Ігар Чабанаў стаў святаром у юбілейным годзе, калі адзначалася 2000-годдзе хрысціянства. Свой срэбраны юбілей святар адзначае ізноў у юбілейным 2025 годзе, які ў Касцёле праходзіць пад дэвізам «Пілігрымы надзеі». Будучы пілігрымам, паводле слоў арцыпастыра, ён дапамагае людзям у іх зямной пілігрымцы ў дом нябеснага Айца.

«Будзь духоўным лідарам, настаўляй у час і не ў час, не паддавайся тэндэнцыям секулярызму, маральнага рэлятывізму і рэлігійнай абыякавасці. Няхай Хрыстовае “Так — так” і “не — не” будзе крытэрыем твайго служэння»,

— пажадаў беларускі іерарх юбіляру.

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч прывёў сабраным кітайскую прыказку: «Нават самая высокая гара ніколі не заслоніць сонца». Дастойны іерарх выказаў упэўненасць, што сонца святарскага служэння ксяндза Ігара і надалей будзе моцна свяціць, нягледзячы на шмат высокіх гор сучасных выклікаў.

Ад імя Нунцыятуры ксяндза Ігара павіншаваў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Джавані д’Аньела, які сказаў: «Дарагі мансеньёр Ігар, падчас гэтага набажэнства мы дзякуем Пану за дар твайго святарства і просім Яго, каб Ён працягваў падтрымліваць цябе Сваёй ласкай, адараючы цябе моцай, унутраным спакоем і радасцю бачання плёнаў тваёй місіі».

У сваім слове ксёндз Ігар Чабанаў падзякаваў Богу за дар паклікання і за сваіх бацькоў, «таму што ў сям’і мы атрымліваем менавіта тое, што потым дазваляе Богу над намі працаваць». Дзякуючы арцыбіскупу Тадэвушу, мансеньёр Ігар узгадаў пра сваё знаёмства з ім на пачатку 90-х гадоў: «Я тады быў выключна няўпэўненым у сабе чалавекам, калі трэба было казаць пра тое, што тычыцца паклікання. Я вельмі ўдзячны, што Вы праяўлялі да мяне ўвагу і на працягу доўгага часу (амаль сямі гадоў да майго пасвячэння) ўвесь час аказвалі мне падтрымку. Я мяркую, што ваша сардэчнасць і адкрытасць дапамагла таму, што адбылося адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Расіі. Дзякуй за цеплыню, дзякуй за падтрымку, дзякуй за бацькоўскае стаўленне».

Далей юбіляр звярнуўся са словамі падзякі да Апостальскага нунцыя: «На працягу доўгіх гадоў я працую ў Апостальскай нунцыятуры і таму для мяне вельмі важна тое, што сказаў Апостальскі нунцый, якога я ведаю не толькі як вельмі буйнога дыпламата, але таксама як чалавека, для якога воля Божая і любоў маюць вялікае значэнне».

Ксёндз Ігар таксама падзякаваў арцыбіскупу Паўлу Пеццы, ардынарыю архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, які ў мінулую суботу цэлебраваў святую Імшу падзякі ў Санкт-Пецярбургу, за «яго далікатнае пастырскае навучанне». Словы падзякі прагучалі ў адрас субратоў, якія прысутнічалі на Імшы, і тых, з кім юбіляр служыў у семінарыі. Асаблівае слова падзякі ксёндз Ігар выказаў сёстрам Маці Тэрэзы, з якімі яго звязвае больш за 30-гадовае сяброўства з першага года семінарыі.

«Якую выснову я хачу зрабіць?

Я разумею, што ўсе гэтыя гады я вучуся. І гэтая вучоба адбываецца ў тым ліку тады, калі чалавек сутыкаецца з нейкімі вялікімі праблемамі. І чым далей, тым больш ён пачынае адчуваць дзеянне малітвы як адзінай крыніцы дапамогі. Таму падзяка Богу за тое, што мая ўласная малітва стала лепшай,

— прызнаўся юбіляр. — Я вучуся ў кожнага чалавека ў Касцёле і, думаю, буду працягваць вучыцца столькі гадоў, колькі Пан мне яшчэ дасць. Прашу вас аб малітве і дзякую вам за вашае навучанне».

Завяршылася святая Імша падзякі пастырскім благаслаўленнем, якое ўдзялілі арцыбіскупы Тадэвуш Кандрусевіч і Джавані д’Аньела. Пасля заканчэння набажэнства ва ўсіх яго ўдзельнікаў была магчымасць асабіста павіншаваць юбіляра.