Арцыбіскуп Кандрусевіч памаліўся ў дзвюх парафіях ў расійскім Калінінградзе
18 мая
19 мая, 2025
Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: с. Гізэла Нокі, Вікторыя Бужынская // Catholicminsk.by
18 мая арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, знаходзячыся ў расійскім Калініградзе, дзе па запрашэнні біскупа дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве Клеменса Пікеля ўдзельнічаў у 25-й Пастырскай канферэнцыі, наведаў дзве рымска-каталіцкія парафіі: парафію Святой Сям’і і парафію Святога Адальберта.
У гэты дзень і час у Ватыкане адбывалася святая Імша на распачацце пантыфікату Папы Льва XIV, што было неаднаразова зазначана ў прамовах іерарха.
Вернікі калінінградскай парафіі Святой Сям’і разам са сваім пробашчам ксяндзом Стэфанам Кацінэлем не хавалі ўзрушэння і радасці пры сустрэчы з арцыпастырам, які з 1991 па 2007 год, будучы Мітрапалітам архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, часта наведваў яе. Менавіта ў гэтай парафіі з марскіх кантэйнераў быў пабудаваны самы першы ў Калінінградзе касцёл і парафіяльны цэнтр, якія ўтвараюць незвычайную кампазіцыю невялікага горада на касцёльнай тэрыторыі.
Паўстанне парафіі і касцёла звязана з дзейнасцю сёння ўжо спачылага ксяндза Анупраса Гаўронскаса, які паходзіў з Літвы. Ён прыехаў у Калінінград у канцы 1980-х гадоў з мэтай адраджэння веры на гэтых землях пасля доўгага перыяду атэістычнага пераследу. У святара не было нармальных умоў жыцця, але было жаданне служыць тым, хто прагнуў веры. Дзякуючы яму быў пабудаваны таксама касцёл Уваскрасення Хрыстовага ў Савецку і святыні ў некаторых іншых гарадах Калінінградскай вобласці. Нездарма арцыбіскуп назваў яго «сучасным Адальбертам». Як святы Адальберт нястомна евангелізаваў прускія плямёны і прыняў мучаніцкую смерць з іх рук, так ксёндз Анупрас да канца жыцця нястомна абвяшчаў Хрыста сярод пустыні нявер’я.
Звяртаючыся ў гаміліі да чытанняў з Літургіі слова на дадзены дзень, арцыпастыр падкрэсліў, што іх звязвае тэматыка любові. У Евангеллі выразна гучаць словы Хрыста, скіраваныя да апосталаў: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго» (Ян 13, 34).
Ганаровы іерарх прыпомніў, што ў грэчаскай мове, на якой напісана Евангелле, наша паняцце «любоў» выражаецца пры дапамозе трох слоў:
«эрас» — эратычнае каханне, якое, па словах арцыпастыра, не прыносіць сапраўднага шчасця і вядзе да духоўнага збяднення;
«філія» — гэта любоў бацькоў да сваіх дзяцей, паміж блізкімі сваякамі і г. д.;
«агапэ» — гэта ахвярная любоў, найвышэйшай праявай якой з’яўляецца крыжовая смерць Езуса Хрыста. Менавіта аб гэтай любові кажа Хрыстус, калі заклікае сваіх вучняў любіць адзін аднаго, як Ён палюбіў іх. Гэтая любоў вядзе да адзінства паводле прыкладу адзінства Езуса і Яго нябеснага Айца.
«Таму мы, як вучні Хрыста, павінны выконваць Яго новую запаведзь. Свет нас будзе распазнаваць не столькі па знаку крыжа, колькі па ўзаемнай любові», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч, прывёўшы выраз старажытнага хрысціянскага пісьменніка Тэртуліяна, які сцвярджаў, што язычнікі вельмі паважалі хрысціянскія супольнасці, кажучы: «Глядзіце, як яны любяць адзін аднаго!»
«Новая запаведзь Езуса заклікае да любові без абмежаванняў, умоў і перадумоў. Езус кажа пра любоў, якая патрабуе поўнай адданасці і даверу. Гэта той від любові, якім Бог любіць нас і якая павінна быць узорам нашай любові адзін да аднаго. Гэтая любоў павінна быць большай, чым проста цёплае пачуццё да іншых. Гэта павінен быць спагадлівы дар нас саміх для задавальнення духоўных і цялесных патрэб нашых братоў і сясцёр»,
— сцвердзіў арцыпастыр.
Іерарх з вышэйсказанага зрабіў тры высновы:
хрысціяне павінны навучыцца любіць саміх сябе, каб навучыцца любіць бліжняга. Гэта можна зрабіць, толькі прызнаючы прысутнасць Бога ў сваіх душах, робячы свае целы «святыняй Духа Святога», каб стварыць «новую зямлю, новае неба і новы Ерузалем»;
яны павінны любіць іншых у сваім паўсядзённым жыцці праз духоўную і матэрыяльную дапамогу;
веруючыя ў Хрыста павінны дэманстраваць сваю любоў да іншых: з радасцю сустракацца з бліжнімі, не шкадаваць ім часу, дараваць тым, хто іх пакрыўдзіў, адным словам, рэалізаваць прынцып «любові ў дзеянні».
Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў спецыяльнае благаслаўленне сужонкам, якіх ён 25 гадоў таму ахрысціў і якім благаславіў сужанскі саюз.
Другая парафія, якую наведаў арцыпастыр, — гэта парафія святога Адальберта ў Калінінградзе, дзе разам з вернікамі і пробашчам ксяндзом Марэкам Каладзейчыкам маліліся біскуп Клеменс Пікель і ўдзельнікі Пастырскай канферэнцыі.
Разважаючы ў гаміліі над запаведдзю любові, якую пакінуў вучням Хрыстус, арцыбіскуп Кандрусевіч задаўся пытаннем: У чым навізна закону Хрыста? Мерай любові, як сцвердзіў іерарх, з’яўляецца не проста прынцып «не шкодзь», а «аддай жыццё». Матыў гэтай любові — гэта не заслуга чалавека, але любоў Хрыста да чалавека: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35).
Прыкладам такой любові могуць служыць вялікія святыя, напрыклад, святая Маці Тэрэза з Калькуты, якая апекавалася найбольш адкінутымі грамадствам людзьмі. Аднак, добрым прыкладам ажыццяўлення любові быў таксама спачылы пробашч парафіі святога Адальберта мансіньёр Ежы Стэцкевіч.
«Ксёндз Ежы быў не толькі таленавітым пастырам, але і цудоўным арганізатарам. Дзякуючы яго намаганням быў пабудаваны комплекс парафіі святога Адальберта ў Калінінградзе, а таксама адкрыты шматлікія святыні і капліцы ў вобласці. Ён заснаваў Дабрачынную арганізацыю Caritas, філіял Маскоўскага каледжа каталіцкай тэалогіі, філасофіі і гісторыі, а таксама Выдавецтва “Адальберцінум“», — пералічыў дасягненні святара арцыпастыр.
Іерарх нагадаў, што ксёндз Ежы Стэцкевіч рупліва выконваў абавязкі біскупскага вікарыя Калінінградскай вобласці, клапаціўся аб пакліканнях да святарства і манаства. «З-пад яго рукі, калі так можна сказаць, выйшла некалькі святароў і кансэкраваных асоб», — сказаў арцыпастыр.
Менавіта па ініцыятыве гэтага святара і яго намаганнямі, па словах іерарха, на беразе Балтыйскага мора быў устаноўлены крыж святога Адальберта на месцы яго мучаніцкай смерці.
«Ксёндз Ежы таксама ўсталяваў вельмі добрыя адносіны з дзяржаўнымі ўладамі і паспяхова развіваў міжканфесійны і міжрэлігійны дыялог. Святар не думаў пра сябе, а пра Касцёл і быў прыкладам плённага супрацоўніцтва з іншымі святарамі і кансэкраванымі асобамі.
Ён заслужана набыў павагу сярод святароў і кансэкраваных асоб, свецкіх вернікаў, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады і розных веравызнанняў. Без перабольшання можна сказаць, што ён стаў душой гэтай зямлі. Яго заслугі былі заўважаны Ватыканам, і ён быў прызначаны Папскім капеланам»,
— падкрэсліў арцыпастыр.
Арцыбіскуп Кандрусевіч узгадаў таксама яшчэ аднаго нядаўна спачылага руплівага святара — ксяндза Пятра Фідэрмака — легендарнага будаўніка мноства святыняў у Расіі і Азербайджане, а таксама новага будынку Апостальскай нунцыятуры ў Мінску. Гэта ён, па словах іерарха, завяршыў будаўніцтва пілігрымкавага цэнтра, размешчанага за касцёлам святога Адальберта ў Калінінградзе, і душпастырскага комплексу ў вёсцы Кулікова, дзе і сёння праводзяцца розныя духоўныя мерапрыемствы.
Сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітвай аб жыцці вечным для спачылых душпастыраў калінінградскай зямлі.