Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч падчас Пасхальнай Вігіліі ў Новай Баравой: Салідарна адказаць на амаральныя выклікі сучаснасці супольным сведчаннем праўды аб Уваскрасенні

19 красавіка
  • 20 красавіка, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота з архіву парафіі св. Францішка ў Новай Баравой // Catholicminsk.by

У трэці дзень Велікоднага трыдуума — Вялікую суботу, — які з’яўляецца днём жалобы, цішыні і чування перад грабніцай нашага Збаўцы Езуса Хрыста, у парафіі святога Францішка ў Копішчы (мікрараён Новая Баравая) каля Мінска (дэканат Мінск-Усход), якой апякуюцца браты капуцыны, позна ўвечары адбылася галоўная цэлебрацыя на працягу літургічнага года — святая Пасхальная Вігілія, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Набажэнства Пасхальнай Вігіліі распачалося абрадам асвячэння агня перад касцёлам.

Затым ганаровы іерарх здзейсніў абрад прыгатавання пасхалу і ад вогнішча запаліў самую вялікую па памерах свечку.

Уваходзячы ў святыню, працэсія, на пачатку якой ішлі міністранты, якія неслі кадзіла, а за імі святар з пасхалам, тройчы затрымлівалася. Пасля закліку Святло Хрыстова прысутныя запальвалі ад яго свае свечкі і дзяліліся святлом з іншымі.

Потым ад амбоны быў заспяваны велічны велічны гімн Exultet, які абвяшчае радасць з Уваскрасення Хрыста.

Падчас Літургіі слова, якая заключала ў сабе некалькі чытанняў са Старога Запавету з псальмамі, апошнія выконваў парафіяльны хор Transitus. Пасля радаснага гімна «Хвала на вышынях Богу» адбыўся пераход да новазапаветных чытанняў — з Паслання апостала Паўла да Рымлянаў і Евангелля.

У гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу прысутных на тое, што прычынай граху першых людзей — Адама і Евы — была не толькі іх непаслухмянасць Богу, але таксама жаданне быць падобнымі да Яго, да чаго падгаворваў іх злы дух. У выніку яны з’елі плод з забароненага дрэва, бо хацелі стаць багамі, хоць на самой справе ўжо былі падобнымі да Бога, які стварыў іх паводле свайго вобразу і падабенства. Плод дрэва пазнання дабра і зла здаваўся салодкім, але на самой справе быў горкім, як сама смерць.

«У выніку першароднага граху Бог выгнаў з раю першых людзей, што з чалавечага пункту гледжання можна лічыць пакараннем. Аднак, паколькі Бог ведае, што такое дабро і зло, то іх выгнанне адначасова было актам Яго міласэрнасці і любові. Бог ведаў, што ў раі знаходзіцца дрэва жыцця, і калі яны з’ядуць яго плод, то нанова атрымаюць ласку вечнага жыцця. Таму Ён не мог дапусціць таго, што чалавек будзе вечна жыць, не пазнаўшы, кім сапраўды з’яўляецца, і паабяцаў паслаць Збаўцу», — адзначыў ганаровы іерарх.

«Аднак, хоць чалавек і ведае, якім таксічным з’яўляецца грэх, ён паддаецца падману злога духа, які абяцае ўчыніць яго падобным да Бога, — звярнуў увагу прысутных арцыпастыр. — Аб гэтым сведчыць уся гісторыя чалавецтва. Нягледзячы на гэта, Бог застаўся верным сваім абяцанням. Калі прыйшла поўня часу, Ён вырашыў зноў адкрыць брамы райскага саду. Для гэтага Ён паслаў Свайго Сына, які дайшоў аж да Дрэва Жыцця — Крыжа, — узышоў на яго і на ім памёр».

«Як жа моцна радаваўся сатана, калі паміраў Езус. Аднак яго радасць была кароткай, бо праз тры дні Езус уваскрос.

Цяпер Збаўца запрашае нас у свой Райскі сад — Божае Валадарства, — да Дрэва жыцця, якім з’яўляецца Крыж Хрыста, каб пакаштаваць яго плён, які дае жыццё вечнае»,

— заўважыў іерарх.

Вось чаму мы святкуем Уваскрасенне Хрыста, калі д’ябал быў пераможаны, а чалавек атрымаў магчымасць жыць Божым жыццём. У гэты дзень, паводле слоў арцыбіскупа Тадэвуша, брамы райскага саду нанова адчыніліся для ўсіх, хто з’яднаны ў сваёй веры з Уваскрослым Езусам.

«На Вялікдзень мы святкуем новае жыццё, якое дае нам Езус. Яно сведчыць аб тым, што матэрыяльныя каштоўнасці не з’яўляюцца нашым валадаром, самарэклама не з’яўляецца нашым каралём, задавальненне не з’яўляецца мэтаю нашага жыцця, а індывідуалізм не можа прынесці шчасце. Новае жыццё Уваскрослага Хрыста з моцай уваходзіць у наш свет і яго немагчыма затрымаць», — усклікнуў арцыпастыр.

«Сёлетняе сумеснае святкаванне Пасхі ўсімі хрысціянскімі канфесіямі заклікае нас салідарна адказаць на амаральныя выклікі сучаснасці супольным сведчаннем праўды аб Уваскрасенні, любові, якая мацнейшая за смерць, і веры ў прадбачлівага Бога, які заўсёды можа вывесці дабро са зла»,

— сцвердзіў іерарх.

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў, каб, умацаваныя гэтай праўдай, яны выйшлі па-за межы матэрыялізму, індывідуалізму і амаральных задавальненняў і сталі сведкамі Евангелля з мэтай пашырэння Божага Валадарства.

Літургія хросту, якая наступіла на змену Літургіі слова, завяршылася аднаўленнем хросных абяцанняў і акрапленнем вернікаў вадой, якая была асвечана ў папярэднім абрадзе.

Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, рэзурэкцыйная працэсія вакол касцёла і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам, папярэджанае хвалебным гімнам Te DeumЦябе, Бога, праслаўляем»).

Напрыканцы набажэнства вернікі падзякавалі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за прысутнасць на працягу трох дзён Пасхальнага трыдууму і павіншавалі яго з Пасхальнымі святамі. Ганаровы іерарх, у сваю чаргу, віншуючы прысутных са святам, пажадаў ім быць людзьмі ўваскрасення.