Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч падчас Літургіі Мукі Пана ў Новай Баравой: Мы павінны ведаць, каго шукаем у Касцёле

18 красавіка
  • 19 красавіка, 2025
  • Фота: Аляксандр Алісейка // Catholicminsk.by

У другі дзень Велікоднага трыдуума — Вялікую пятніцу — калі ў Касцёле не цэлебруецца святая Імша, у парафіі святога Францішка ў Копішчы (мікрараён Новая Баравая) каля Мінска (дэканат Мінск-Усход), якой апякуюцца браты капуцыны, адбылася Літургія Мукі Пана, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку набажэнства святары, выйшаўшы перад алтар, укленчылі разам з вернікамі, а галоўны цэлебрант у гэты момант ўпаў на твар.

Пасля прамоўленай арцыбіскупам малітвы першай часткай набажэнства Вялікай пятніцы стала Літургія слова.

Падчас прамоўленай гаміліі ганаровы іерарх узгадаў усім добра вядомы фільм Мэла Гібсана «Пакуты Хрыстовы», у якім адлюстраваны жорсткія катаванні і ўкрыжаванне Езуса. Паводле слоў арцыпастыра, фільм стаў сапраўдным крыкам праўды аб нашым збаўленні ў мітусні сучаснага свету. «Гэта была, рэалізаваная ў наш час адыходу ад Бога, Кальварыя, на якой з любові да грэшнага чалавека паміраў Езус», — сцвердзіў іерарх.

На пытанне, якое часта ставяць людзі: «Чаму Езус павінен быў памерці на крыжы?», арцыбіскуп Кандрусевіч адказаў наступным чынам: чалавек сам не можа знішчыць свой грэх супраць Божай справядлівасці. Пры гэтым іерарх падкрэсліў, што Бог адначасова справядлівы і міласэрны. Таму Божая любоў жадае задаволіць патрабаванні Яго справядлівасці.

«Гэта мог учыніць толькі Бога-Чалавек — Езус Хрыстус. Кіруючыся бязмежнай любоўю да чалавецтва, Ён узяў на сябе нашае пакаранне. Такім чынам, доўг чалавецтва перад Богам быў сплочаны крыжовай смерцю Хрыста, дзякуючы чаму мы атрымалі дар збаўлення», — нагадаў прысутным арцыпастыр.

Далей арцыбіскуп Тадэвуш засяродзіў увагу на набажэнстве Вялікай пятніцы, якое, паволе яго слоў, падкрэслівае асобу Езуса і Яго Крыж. Езус пытаецца рымскіх жаўнераў: «Каго шукаеце?». Яны адказалі: «Езуса з Назарэта», на што Ён сказаў: «Гэта Я». Гэтым самым Ён прызнаў сябе Езусам з Назарэта і адначасова пацвердзіў, што з’яўляецца Сынам Божым, Які прышоў у гэты свет, каб яго збавіць.

«Сёння Касцёл задае нам пытанне: “Каго мы шукаем у Касцёле?” Езуса, Які аздараўляў хворых, карміў галодных, ажыўляў мёртвых і суцяшаў церпячых? Ці таго, які з’яўляецца нашым Збаўцам?» — задаўся пытаннем іерарх.

«Напэўна, добра шукаць Езуса, Які нам дапамагае. Але сутнасць хрысціянскай рэлігіі — у спатканні з асобай Езуса Хрыста. Таму мы павінны ведаць, каго шукаем. Калі шукаем Езуса як Сына Божага і Збаўцу, то ніхто не вырве нас з Яго рук»,

— сцвердзіў арцыпастыр.

Іерарх нагадаў, што крыж — гэты сімвал нашай хрысціянскай веры і перамогі дабра над злом — у часы Езуса быў сімвалам жудасных цярпенняў і выкарыстоўваўся для пакарання злачынцаў і бунтаўшчыкоў. Але пасля ўкрыжавання Езуса крыж стаў сімвалам Яго збаўчай ахвяры.

Адзін фільм прадстаўляе шторм на моры, падчас якога тоне драўляны карабель. Людзі кідаюцца ў ваду і стараюцца ўхапіцца за кавалкі дрэва, якія засталіся ад карабля, каб выратавацца.

«Мы знаходзімся на ўзбураных хвалях амаральнага мора ХХІ стагоддзя, якія імкнуцца нас затапіць. У чым наша надзея? У дрэве крыжа, за які мы павінны ўхапіцца, каб не патануць»,

— усклікнуў арцыпастыр.

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў у юбілейным годзе надзеі, будучы «пілігрымамі надзеі», не адмаўляцца ад крыжа і абняць яго прамаўляючы словы святога апостала Андрэя: «Вітай, Крыж, адзіная мая надзея!»

Пасля гаміліі было праспявана 10 заклікаў Малітвы вернікаў, якая ў гэты дзень асабліва разбудаваная і ахоплівае сабой усіх людзей на зямлі.

Падчас наступнай часткі набажэнства — Адарацыі Крыжа — міністранты прынеслі вялікі па памерах крыж, з якога галоўны цэлебрант зняў палатно, якое яго накрывала, са спевам: «Вось дрэва крыжа, на якім памёр Збаўца свету». Пасля гэтага вернікі падыходзілі і пацалункам ушаноўвалі крыж.

Падчас Літургіі Эўхарыстыі — трэцяй часткі набажэнства — вернікам была раздадзена святая Камунія, якая была кансэкравана напярэдадні падчас Імшы Вячэры Пана.

Напрыканцы набажэнства Вялікай пятніцы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў выстаўлены на алтары, а затым перанесены ў адмысловае месца для адарацыі — прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу Пана.

Завяршаючай часткай цэлебрацыі Вялікай пятніцы стаў Крыжовы шлях вакол касцёла, разважанні да якога падрыхтаваў рух «Сужэнскія сустрэчы».