Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч падчас Імшы Вячэры Пана ў Новай Баравой: Навесці парадак у душы, каб быць вернымі хрысціянскаму пакліканню

17 красавіка
  • 18 красавіка, 2025
  • Фота: Алена Францкевіч // Catholicminsk.by

17 красавіка, у Вялікі чацвер увечары, на распачацце Велікоднага трыдуума ў парафіі святога Францішка ў Копішчы (мікрараён Новая Баравая) каля Мінска (дэканат Мінск-Усход) адбылася святая Імша Вячэры Пана, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку святой Імшы прадстаўнікі вернікаў маладой парафіі павіншавалі дастойнага іерарха, а таксама братоў капуцынаў, якія служаць тут, з днём устанаўлення сакрамэнту пасвячэння.

У гаміліі арцыпастыр падкрэсліў, што Пасхальны трыдуум, які складаецца з Вялікага Чацвярга, Вялікай Пятніцы і Вялікай Суботы, з’яўляецца кульмінацыйным пунткам усяго літургічгана года і прыпамінае вернікам вялікія падзеі нашага збаўлення.

У Вялікі Чацвер Касцёл успамінае ўстанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння, а таксама абвяшчэнне Езусам новай запаведзі любові.

Першае чытанне з кнігі Зыходу нагадвае пра ўстанаўленне габрэйскага свята Пасхі ў памяць пра цудоўнае вызваленне ізраэльцян з егіпецкай няволі. Святкаванне было папярэджана вячэрай, падчас якой спажывалі баранка.

«Слова “Пасха” паходзіць ад габрэйскага слова “Песах“, што азначае “пераход“. У нашым выпадку пераход з егіпецакага рабства ў Зямлю абецаную. У Новым Запавеце яно мае якасна іншае значэнне. Менавіта пераход з грахоўнага рабства да жыцця ў Божай ласцы», — падкрэсліў іерарх.

У другім чытанні з Першага паслання да Карынцянаў апостал Павел распавядае, як Езус ператварыў традыцыйную габрэйскую пасхальную вячэру ў эўхарыстычную цэлебрацыю, калі перамяніў хлеб у сваё Цела, а віно — у Кроў і ўстанавіў сакрамэнт пасвячэння.

«У Эўхарыстыі Езус становіцца ахвярным баранкам, які бярэ на сябе грахі свету, і хлебам вечнага жыцця. Дзякуючы сакрамэнту пасвячэння цэлебруецца Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты як бачныя знакі нябачнай Божай ласкі, неабходнай для збаўлення», — сцвердзіў арцыпастыр.

Евангелле прадстаўляе ўстанаўленне новай запаведзі любові бліжняга. «Падчас Апошняй Вячэры Езус абмыў ногі апосталам і сказаў, што яны павінны адзін аднаму мыць ногі. На наступны дзень на Галгоце Ён абмыў чалавецтва сваёй Крывёй», — зазначыў арцыпастыр.

«Прыняцце Езуса ў Эўхарыстыі і служэнне любові іншым павінны ісці рука аб руку. І так як мы сілкуемся Целам і Крывёю Езуса, мы таксама пакліканы карміць іншых духоўна і матэрыяльна. Як Цела Езуса пераламляецца дзеля нас, так і мы пакліканы пераламляцца дзеля іншых»,

— з націскам падкрэсліў арцыбіскуп.

«Нашае хрысціянскае жыццё — гэта бясшвовая вопратка, сатканая з Евангелля, літургіі, штодзённага жыцця і асабістага ўзаемадзеяння. Калі мы прымаем удзел у Эўхарыстыі, мы адчуваем, што нам чагосьці не хапае, бо нашае жыццё пазначана індывідуалізмам і эгаізмам. Таксама мы маем адчуванне недахопу чагосьці, калі мы клапоцімся пра іншых, але не прымаем удзел ў Эўхарыстыі, бо тады наша дабрачыннасць становіцца філантропіяй», — сцвердзіў іерарх.

У Эўхарыстыі Езус застаўся з намі на ўсе часы, што, паводле слоў арцыпастыра, важна з пункту гледжання набіраючага моду трэнду кланавання:

«Касцёлу не патрэбны клон Езуса, бо ў Эўхарыстыі Ён застаўся з намі ва ўсе часы як сакрамэнт любові, якая змяняе свет»,

— эмацыйна падкрэсліў іерарх.

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч прыпомніў прысутным гісторыю напісання славутай фрэскі Леанарда Да Вінчы «Апошняя Вячэра». Вобразы Езуса і апосталаў сусветна вядомы мастак маляваў з розных натуршчыкаў. Прыйшла чарга на Юду Іскарыёта. Да Вінчы доўга не мог знайсці адпаведнага чалавека для вобраза апостала-здрадніка. Нарэшце мастак знайшоў яго ў вязніцы. У гэты момант вязень паведаміў мастаку, што ён той самы чалавек, з якого напісаны твар Езуса.       

«Вось што можа зрабіць грэх з чалавекам», — папярэдзіў арцыпастыр.

«Мы радуемся ўстанаўленню сакрамэнту Эўхарыстыі, у якой Езус застаўся з намі ва ўсе часы. Але гэтую радасць памяншае цень нашай грахоўнай здрады.

Вялікі пост і асабліва літургія Пасхальнага трыдуума заклікаюць нас навесці парадак у нашай душы, каб быць вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню»,

— сцвердзіў іерарх.  

Сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў заклікам: «Божа, праз набажэнства Вялікага чацвярга аднаві ў нас пашану да Эўхарыстыі, малітву аб пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця і практыкі любові бліжняга з мэтай нашага духоўнага ўдасканалення і перамены свету на лепшы».

Падчас набажэнства дастойны іерарх па прыкладу Езуса Хрыста абмыў ногі дванаццаці выбраным для гэтага мужчынам.

Пасля святой Імшы Насвяцейшы Сакрамэнт у цішыні быў перанесены ў цямніцу для адарацыі вернікамі.