Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч наведаў парафію Няцеч на Гродзеншчыне ва ўрачыстасць яе святога заступніка

28 верасня
  • 29 верасня, 2025
  • Фота: кс. Павел Эйсмант, Ксенія Лукашчук // Catholicminsk.by

28 верасня па запрашэнні ксяндза Андрэя Бурака, пробашча парафіі святога Арханёла Міхала ў вёсцы Няцеч (Лідскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія), арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовае набажэнства, прымеркаванае да свята Святых Арханёлаў (29 верасня), якое з пастырскіх меркаванняў адзначалі напярэдадні ў нядзелю.

Мясцовыя вернікі з вялікай пашанай і радасцю сустрэлі дастойнага іерарха: ля касцёльнай брамы пробашч і парафіяне чакалі з хлебам-соллю, дарога да касцёла была ўсланая кветкамі і дыванамі.

Праходзячы да галоўнага алтара, арцыбіскуп акрапіў асвячонай вадой прысутных у касцёле.

У гаміліі іерарх засяродзіўся на асобе Арханёла Міхала як князя нябесных войскаў, вернага слугі Бога, пераможцы злога духа і правадыра анёлаў.

«Арханёл Міхал разам з Арханёламі Габрыэлем і Рафалам з’яўляецца нашым абаронцам, правадыром і ваяром у барацьбе з сіламі зла, якія узначальвае Люцыфер. Злы дух у сваёй рэўнасці да Бога імкнецца знішчыць чалавека ― вяршыню стварэння»,  ― адзначыў прамоўца.

Арцыпастыр нагадаў сумную гісторыю бунту і падзення анёла Люцыфера, які першапачаткова быў вялікім, магутным і самым прыгожым з усіх анёлаў Божых, але ўпаў у пыху і паўстаў супраць Творцы, хвалячыся, што ў сваёй велічы, славе і сіле ўзнясе свой трон вышэй за Божы і такім чынам будзе кіраваць усімі стварэннямі. Аднак замест гэтага ён быў скінуты ў сораме войскам верных анёлаў на чале з Арханёлам Міхалам.

Кіраўнік анёльскага войска быў так узвышаны не таму, што быў вялікім і магутным, а таму, што цалкам падпарадкоўваўся волі Бога як Яго паслухмяны слуга.

«Святкуючы ў гэтым гістарычным касцёле адпуст святога Арханёла Міхала і ўспамінаючы яго субратоў-Арханёлаў, мы павінны ўсвядоміць сваю слабасць і схільнасць да граху, і наш абавязак прытрымлівацца іх прыкладу, каб весці сваё жыццё да больш цесных адносін з Богам»,

― пакрэсліў іерарх і заахвоціў часта карыстацца плёнамі збаўлення, атрыманага праз Езуса Хрыста, каб быць абароненымі ад уплыву злога духа.

Арцыпастыр нагадаў таксама, што анёлы пастаянна стаяць на варце і бароняць нас ад дэманічных нападаў, але важнае таксама і нашае супрацоўніцтва з імі ў гэтай барацьбе. Цэлебрант спаслаўся на словы святога Аўгустына аб тым, што мы павінны маліцца так, нібы ўсё залежыць ад Бога, а працаваць так, як быццам усё залежыць ад нас.

Іерарх выказаў шкадаванне, што ў сучасным свеце цнота паслухмянасці непапулярная. «Многія кажуць, што яна абмяжоўвае свабоду чалавека. Але гэта не так, і свет патрабуе паслухмянасці, бо інакш у ім будзе панаваць хаос. Папа Леў XIV кажа, што паслухмянасць з’яўляецца школай свабоды ў любові.

Паслухмянасць Божай волі па прыкладзе святога Арханёла Міхала ― гэта адзіны шлях быць сапраўднымі паслядоўнікамі Хрыста і такім чынам атрымаць збаўленне праз Яго»,

― падсумаваў прамоўца.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітвай: «Усемагутны Божа, вядзі нас па нашых жыццёвых шляхах так, каб мы маглі знайсці дарогу да цябе і праз нашае шчырае жаданне зноў з’яднацца з Табой і шукаць Тваёй міласэрнасці і любові, каб з дапамогай Арханёла Міхала маглі дасягнуць збаўлення і вечнага жыцця».

Напрыканцы святой Імшы да арцыпастыра са словамі падзякі за прысутнасць і дарамі звярнуліся прадстаўніцы старэйшага пакалення.

«Калі ў 1989 годзе я быў прызначаны біскупам, трэба было выбраць словы біскупскага закліку. Я выбраў лацінскі выраз Quis ut Deus, які азначае «Хто ж як Бог». Менавіта так перакладаецца з габрэйскай мовы імя Міхал. Гэтым заклікам я хацеў аддаць даніну павагі старэйшаму пакаленню, якое ў часы ганенняў захавала веру і перадало далей. Гэтыя вернікі, як Міхал Арханёл, не пабаяліся супрацьстаяць злу, засведчыўшы, што няма нікога настолькі вялікага, як Бог»,

― адкрыў удзельнікам урачыстасці невялікую таямніцу іерарх, адказваючы на выразы ўдзячнасці.

Пасля Імшы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам была прачытаная літанія да святога Міхала Арханёла з добра ўсім вядомай малітвай аб яго заступніцтве, а эўхарыстычная працэсія сталася маніфестацыяй праўдзівасці слоў «Хто ж як Бог».