Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч у свята Хросту Пана ў дзвюх парафіях памаліўся за памерлых святароў і з нагоды юбілею святыні

11 студзеня
  • 12 студзеня, 2026
  • Фота: кс. Павел Эйсмант, сем. Яўген Занеўскі // Catholicminsk.by

11 cтудзеня, у нядзелю Хросту Пана, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў дзве святыя Імшы ў двух касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі.

У марозны ранак ў сваёй роднай парафіі ў Адэльску арцыпастыр узначаліў святую Імшу, ахвяруючы яе ў інтэнцыі памерлых 35 гадоў таму былых пробашчаў гэтай парафіі — ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча і ксяндза Фелікса Сарокі, якія адышлі да Пана ў студзені 1991 года з розніцай у некалькі дзён.

Перад Імшой іерарх разам са святарамі і групай вернікаў адправіўся на мясцовыя могілкі, каб памаліцца за ксяндза Фелікса Сароку, які там пахаваны. Ксёндз Пётр Барташэвіч пахаваны ў Жалудку каля Шчучына. Яго магілу таксама наведае арцыбіскуп.

Адметна, што падчас Эўхарыстыі ў адэльскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі каля нядаўна адноўленай хрысцільні, у якой 80 гадоў таму быў ахрышчаны будучы арцыбіскуп, знаходзіўся запалены пасхал — вялікая свечка, якая сімвалізуе Уваскрослага Хрыста і выкарыстоўваецца падчас хросту.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр падкрэсліў, што хрост Езуса ў Ярдане стаў першым публічным аб’яўленнем трох Асобаў Святой Тройцы: Бога Айца, які сказаў, што Езус — Яго ўмілаваны Сын; Духа Святога, які пад выглядам голуба сышоў на Езуса, і самога Езуса. Гэтая падзея, як нагадаў галоўны цэлебрант, стала пачаткам публічнай дзейнасці Хрыста. «Такім чынам, хоць урачыстасць Хросту Пана завяршае літургічны перыяд Божага Нараджэння, яна прыпамінае нам новы пачатак», — падсумаваў ён.

Ні Ян, ні Езус, паводле прамоўцы, не прыдумалі хросту. Ён быў практыкаваны ў габрэяў як знак ачышчэння з грахоў. Святы Ян Хрысціцель удзяляў яго з мэтай падрыхтоўкі людзей да прыйсця Месіі. Езус перамяніў гэты абрад у сакрамэнт хросту, якім веруючыя ў Яго распачынаюць новае жыццё ў Божай ласцы.

«Хрост Езуса ў Ярдане быў вельмі важнай падзеяй у Яго жыцці, — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Дзякуючы яму Езус атаясаміўся з грэшным чалавекам, бо так як ён прыняў хрост Яна.

Гэты хрост стаў прадвесцем смерці і Уваскрасення Хрыста, бо пагружэнне ў ваду сімвалізуе смерць, а выйсце з яе будучае Уваскрасенне».

Галоўны цэлебрант нагадаў, што падчас хросту Езуса ў Ярдане Бог Айцец аб’явіў Яго сваім узлюбленым Сынам, а Дух Святы сышоў на Яго і даў моц абвяшчэння Евангелля. І, урэшце, сваім хростам у Ярдане Езус распачаў публічную дзейнасць, бо Бог Айцец сказаў людзям слухаць Яго.

«Падобнае адбываецца з чалавекам падчас цэлебрацыі сакрамэнту хросту. Дзякуючы яму мы становімся дзецьмі Божымі і, як удзельнікі агульнага святарства, атрымліваем місію абвяшчэння Евангелля», — сказаў ён.

Далей арцыпастыр узгадаў святароў Пятра Барташэвіча і Фелікса Сароку, якія працавалі ў адэльскай парафіі ў складаныя часы ваяўнічага атэізму.

Ксёндз Барташэвіч прыехаў у Адэльск у 1955 годзе пасля працяглага (ад 1947 года) перыяду адсутнасці пастаяннага святара. Ён адразу звярнуў на сябе ўвагу вернікаў як руплівы пастыр. Падобна як падчас хросту Езуса ў Ярдане, ён хутка атаясаміў сябе з мясцовымі людзьмі і стаў адным з іх.

Асаблівай апекай святар ахінуў моладзь. Ксёндз Барташэвіч клапаціўся не толькі пра яе хрысціянскую фармацыю маладых людзей, але таксама пра інтэлектуальнае і фізічнае выхаванне: цікавіўся атрыманымі адзнакамі ў школе, гуляў з імі ў футбол і тэніс і г. д.

За такую рэлігійную актыўнасць у часы барацьбы з хрысціянскай верай святар вымушаны быў пераехаць у Жалудок, але разам з тым ён дапамог у вызваленні з хатняга арышту ў Парэччы ксяндза Фелікса Сарокі, які замест яго стаў пробашчам у Адэльску.

Выконваючы святарскія функцыі, ксёндз Фелікс праявіў сябе чалавекам вельмі дакладным у выкананні святарскіх абавязкаў, а таксама сапраўдным прафесіяналам у гаспадарчых справах. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў, як перад яго прэзбітэрскім пасвячэннем ксёндз Фелікс зрабіў яму, дыякану, які ўжо скончыў семінарыю і здаў усе экзамены, дадатковы экзамен па літургіцы — папрасіў паказаць, як цэлебруецца святая Імша.

«Гэтыя два святары шмат учынілі для захавання веры ў часы ганенняў на Касцёл. Яны былі сапраўднымі спецыялістамі ад спаткання чалавека з Богам. Плён іх душпастырскай дзейнасці трывае да сённяшняга дня»,

— сцвердзіў іерарх і прызнаўся, што іх прыклад дапамог яму ў распазнанні паклікання да святарcтва.

Прамоўца таксама звярнуў увагу на сімвалізм малітвы ў інтэнцыях гэтых святароў у свята Хросту Пана: чалавек упершыню сустракаецца са святаром менавіта падчас хросту. Ён выказаў падзяку ксяндзу Пятру і ксяндзу Феліксу за іх ахвярнае служэнне ў складаныя часы.

Гамілію арцыпастыр завяршыў просьбай да міласэрнага Бога, каб праз заступніцтва Марыі адарыў іх радасцю вечнага шчасця ў небе.

Апоўдні іерарх узначаліў Імшу ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў гродзенскім мікрараёне Паўднёвы, які ён кансэкраваў 25 гадоў таму. Пасля цёплых слоў прывітання, якія прагучалі з вуснаў пробашча парафіі ксяндза каноніка Валерыя Быкоўскага, арцыбіскуп прызнаўся, што па прычыне хваробы не змог удзельнічаць у галоўнай урачыстасці, якая адбылася ў снежні мінулага года, аднак цяпер мае магчымасць памаліцца разам са святарамі і парафіяльнай супольнасцю.

У гаміліі арцыпастыр прыгадаў, што ў сакрамэнце хросту чалавек памірае для граху і ўваскрасае да жыцця ў Божай ласцы, становячыся членам Касцёла і ўдзельнікам агульнага святарства Езуса Хрыста, што накладвае на яго абавязак быць місіянерам.

Успамінаючы кансэкрацыю касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, галоўны цэлебрант падкрэсліў, што ў ім абвяшчаецца Божае слова і цэлебруюцца сакрамэнты, дзякуючы чаму чалавек узрастае ў патрэбнай да збаўлення Божай ласцы ў пілігрымцы ў дом нябеснага Айца.

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў вернікам «як мага часцей карыстацца паслугамі касцёла як крыніцы новага жыцця ў Хрысце, у якім наша надзея». Пры гэтым ён дадаў, што калісьці на франтонах касцёлаў пісаліся цытаты са Святога Пісання або нейкія духоўныя думкі. Так, на адным з касцёлаў да сённяшняга дня віднеецца надпіс: «Гэта святыня з’яўляецца брамай неба».

«Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паўднёвым! Будзь такой брамай, у якую мы ўваходзім у сакрамэнце хросту, каб праз яе ісці да нашага духоўнага ўдасканалення і паслядоўна да неба!»

— такім заклікам завяршыў гамілію іерарх.

Перад благаслаўленнем дзеці, апранутыя ў касцюмы біблійных герояў, у вершаванай форме павіншавалі дастойнага юбіляра арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 80-годдзем, якое ён адзначаў 3 студзеня.