Арцыбіскуп Кандрусевіч у Івянцы да ўдзельнікаў пілігрымкі Баранавічы-Будслаў: «Не паддавайцеся спакусе новых выклікаў і заставайцеся вернымі Хрысту і сваёй веры!»
- 1 ліпеня, 2025
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Святлана Лабковіч, кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by

У панядзелак 30 чэрвеня ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Івянцы (Валожынскі дэканат), дзе нясуць служэнне айцы францішкане, адбылася святая Імша для ўдзельнікаў самай працяглай у Беларусі па адлегласці каталіцкай пілігрымкі Баранавічы-Будслаў, якая трывае ажно 9 дзён.
Святую Імшу для пілігрымаў у пяты дзень іх падарожжа ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
На пачатку эўхарыстычнай сустрэчы дастойнага іерарха, які прыбыў у Івянец па запрашэнні дырэктара пілігрымкі Баранавічы-Будслаў ксяндза Паўла Рудзьмана, прывітаў пробашч парафіі айцец Павел Раманчук OFMConv. Ён пажадаў пілігрымам добрага шляху і духоўных плёнаў.

На пачатку гаміліі арцыпастыр падкрэсліў духоўнае значэнне пілігрымкі: гэта падарожжа да святога месца, якое ажыццяўляецца з малітвай, разважаннем, пакаяннем і магчымасцю атрымання адпусту. Звычайна яна скіроўваецца ў санктуарый, які з’яўляецца месцам пакланення, куды пілігрымуюць вернікі. Паміж пілігрымкай і санктуарыем існуе цесная сувязь.
— адзначыў іерарх.

Далей у сваіх разважаннях арцыпастыр аднёсся да літургічнага ўспаміну бягучага дня — святых Рымскіх першамучанікаў, якія ў часы імператара Нерона аддалі сваё жыццё за веру ў Хрыста. Паводле яго слоў, вера гэтых мучанікаў натхніла многіх хрысціян і спрыяла росту маладога Касцёла. Іх мучаніцтва — гэта сведчанне непахіснай веры, якая паказвае сілу перад абліччам цярпенняў.
«Уся гісторыя хрысціянства пазначана крывёю мучанікаў. Аднак, мучаніцтва для вернікаў не азначала ні лёс, які стаў непазбежным у пэўныя гістарычныя перыяды, ні выпрабаванні бессэнсоўнымі пакутамі, якія нікому не прынеслі б карысці. Яно разумелася як радыкальная магчымасць наследавання Хрыста», — патлумачыў арцыбіскуп.
Ён падкрэсліў, што такое разуменне мучаніцтва суправаджала таксама мучанікаў нашай зямлі, асабліва Пінскай дыяцэзіі, якая ў гэтым годзе адзначае юбілей 100-годдзя свайго заснавання.
— сказаў арцыпастыр.

Іерарх выразіў перакананне, што іх лёс, сведчанне веры і мучаніцтва цесна перапляліся з гісторыяй каталіцызму ў нашай Бацькаўшчыне. Гісторыі іх служэння і жыцця, а таксама прынесенай ахвяры — гэта не проста набор правілаў і традыцый каталіцкай веры, а сустрэча з Хрыстом, адзіным Збаўцам свету.
Паводле меркавання арцыбіскупа, праслаўленне мучанікаў, асабліва новамучанікаў часоў атэізму, мае экуменічнае вымярэнне, бо іх сведчанне веры і крыві стала агульным здабыткам усіх хрысціян. Таму можна казаць пра экуменізм святых мучанікаў, голас якіх мацнейшы за ўсе падзелы.
«Гісторыя — маці і настаўніца. У тых, хто забываецца пра сваю гісторыю, няма будучыні. Мы павінны памятаць пра яе і вучыцца на ёй. Адраджэнне Касцёла ў Беларусіі пачалося не на пустым месцы. Яно было вымалена, выпакутавана і здзейснена на фундаменце, закладзеным мучанікамі і сведкамі веры. Яшчэ Тэртуліян казаў, што кроў мучанікаў — гэта насенне хрысціянаў», — нагадаў словы раннехрысціянскага пісьменніка іерарх.
Арцыбіскуп адзначыў, што праслаўленне мучанікаў мае вялікае значэнне для захавання і ўмацавання веры ў наш час, калі ўзмацняюцца працэсы секулярызацыі і маральнага рэлятывізму. Іх прыклад павінен натхняць сучаснага чалавека заставацца верным свайму хрысціянскаму пакліканню і сведчыць пра яго ў наш час, калі людзі жывуць так, як быццам Бог не існуе. Мучанікі веры ў неймаверных умовах пераследу не адракліся ад Хрыста, але засталіся Яму верныя да канца. Святы Ян Павел ІІ вучыць, што мучанікі паказваюць усемагутную прысутнасць Адкупіцеля ў веры, надзеі і любові сярод тых, хто наследуе Хрыста.
— узнёсла прамовіў арцыпастыр.

Завяршаючы гамілію, арцыбіскуп Кандрусевіч заахвоціў пілігрымаў браць прыклад з мучанікаў, каб яны сталі для іх новай «надзеяй насуперак надзеі» (пар. Рым 4, 18), як вучыць святы апостал Павел, і дапамаглі выпрасіць у Бога патрэбныя дары і ласкі ў зямной пілігрымцы да нябеснай Айчыны.
Напрыканцы святой Імшы дырэктар пілігрымкі ад імя ўсіх пілігрымаў падзякаваў дастойнаму госцю за прысутнасць і прамоўленае Божае слова і падараваў яму кепку, цішотку, бэйджык і хустачку ў колерах баранавіцкай пілігрымкі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў аб’яўлены ганаровым пілігрымам пешай пілігрымкі Баранавічы-Будслаў. Арцыпастыр удзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне.

Арцыбіскуп Кандрусевіч, апрануўшы цішотку і кепку пілігрыма, з бэйджыкам на грудзях і хустачкай у руцэ праводзіў у далейшы шлях удзельнікаў пілігрымкі. Іерарх пажадаў ім шчаслівай дарогі і хуткай сустрэчы ў Будславе перад выявай Нябеснай Маці.
































