Арцыбіскуп Кандрусевіч у дзень урачыстасці Маці Божай Кангрэгацкай у Гродне: Нельга ігнараваць крызіс веры, трэба жыць ёй канкрэтным чынам
- 6 жніўня, 2025
- Фота: Віктар Салдаценка // Catholicminsk.by
5 жніўня ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя адзначалася ўрачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай. З гэтай нагоды Імшу апоўдні ў межах свякавання адпустовай урачыстасці ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Ікона Маці Божай Кангрэгацкай, якую называюць таксама Студэнцкай, выканана на медным лісце памерамі 22 на 17 см. З’яўляецца барочным спісам з іконы Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Святой Марыі Вялікай. Абраз быў прывезены з Рыма ў першай палове XVII стагоддзя правінцыялам айцоў дамініканаў і пазней падораны канцлеру ВКЛ Альбрэхту Станіславу Радзівілу. Потым быў уласнасцю Войцеха Жэляроўскага, уладальніка сядзібы Кульбакі каля Гродна, які падараваў яе кангрэгацыі студэнтаў пры гродзенскім езуіцкім калегіюме. Са жніўня 1664 года абраз урачыста перанеслі ў гродзенскі езуіцкі касцёл святых Пятра і Паўла. З гэтага часу Маці Божую на абразе сталі называць Кангрэгацкай ці Студэнцкай і лічыць Апякункай студэнцкай моладзі і горада Гродна. У 1686 годзе абраз быў прызнаны цудадзейным. У 1705 годзе ён быў усталяваны ў студэнцкай капліцы новазбудаванага Фарнага касцёла, дзе і знаходзіцца дагэтуль. 28 жніўня 2005 года з дазволу Папы Яна Паўла II абраз быў каранаваны.

На пачатку Эўхарыстыі дастойнага іерарха прывітаў пробашч катэдральнай парафіі ў Гродне ксёндз канонік Ян Кучынскі.
Арцыбіскуп, вітаючы прысутных, успомніў, што калі ён з бацькамі пераехаў з Адэльска каля Гродна ў абласны цэнтр, бацька аднойчы прывёў яго ў гродзенскі фарны касцёл, у які тады не было святара, і сказаў яму стаць на калені перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай, якую называлі таксама Студэнцкай. У той час юнак рыхтаваўся да паступлення ва ўніверсітэт. Бацька сказаў яму тады: «Маці Божая Студэнцкая выпрасіць табе ласку, і ты паступіш, куды захочаш». І так сталася.

У гаміліі, зыходзячы з прыкладу Марыі, арцыпастыр засяродзіўся на значэнні хрысціянскай веры ў гісторыі беларускага народа.
«Уступленне ў хрысціянскую цывілізацыю стала паваротным момантам у нашай гісторыі. Хрысціянства заклікае да міру і прабачэння, ставіць чалавечнасць вышэй за ўсё, разглядае ўладу як служэнне і вучыць, што ўсе роўныя перад маральным законам», — заўважыў ён.
Паводле іерарха, немагчыма зразумець сваю гісторыю без Хрыста: «У часы пераследу веры людзі абаранялі касцёлы, маліліся патаемна, каб толькі захаваць веру. Калі надышоў час свабоды, схаваная пад зямлёй рака веры выйшла на паверхню. Гэта стала магчымым дзякуючы духоўнай сіле, якая перамагае ўсё зло і грэх».
Хрысціянская цывілізацыя, насуперак розным меркаванням, не закамянелая і патрабуе развіцця. Яна патрабуе «не толькі традыцый і каранёў гістарычнага дрэва нашай веры, але новых, маладых, зялёных галін, якія сведчаць што яно не памерла, але жыве у часы новых выклікаў».

«Прычына гэтых амаральных тэндэнцый у тым, што “схаваны вірус” нядаўняга атэістычнага мінулага актывуецца “вірусам” секулярызму, маральнага рэлятывізму і рэлігійнай абыякавасці, што вядзе да страты хрысціянскіх каштоўнасцей, — сцвердзіў прамоўца. — У выніку расце скептыцызм адносна нашай будучыні, і людзі губляюць надзею».
Адно з найважнейшых пытанняў нашага часу, паводле іерарха, — гэта адраджэнне веры сярод сучаснага чалавека, асабліва сярод моладзі.
— з хвалаваннем прамовіў арцыпастыр.
Ён акрэсліў хрысціянства як барацьбу паміж праўдай і хлуснёй, дабром і злом. Каб яе выйграць, па меркаванні арцыпастыра, недастаткова проста верыць у Бога. Неабходна быць сведкамі веры ў часы, калі свет перажывае «беспрэцэдэнтны парадокс»: «У ім шмат прыгожых будынкаў, але мала сямейнага цяпла; шмат амбіцыйных праектаў, але мала часу, каб адчуць тое, што дасягнута; шмат задавальненняў, але мала любові; шмат свабоды, але мала аўтаноміі. Расце колькасць тых, хто трапіў у пастку эгаізму, меланхоліі, разбуральнага гвалту, рабства задавальненняў і ідалаў багацця, як кажа Папа Францішак».
— падкрэсліў арцыбіскуп.

Паводле святога Яна Паўла ІІ вернасць хрысціянскім караням павінна быць творчай, гатовай выплысці на глыбіню, адкрытай на новыя выклікі і чуйнай да знакаў часу. Такая творчая вернасць не можа быць перададзена іншым без Божай дапамогі, прыкладам чаго, паводле слоў іерарха, з’яўляецца Маці Божая.
— запэўніў слухачоў арцыпастыр.
Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, як звычайна, завяршыў кароткай малітвай: «Марыя, у Кангрэгацкай іконе Ты стагоддзямі ахоўваеш жыхароў Гродна і вядзеш іх да свайго Сына. У гэты юбілейны год надзеі праз Цябе мы давяраем сябе і наш народ Хрысту. Выпрасі ў Яго ласку заўсёды заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, быць Яго сведкамі і абараняць духоўныя каштоўнасці. Не дазволь згубіцца ў гэтай барацьбе, бо ўсё ў свеце мінае; застаецца толькі Бог, на чыю міласэрнасць мы ўскладаем сваю надзею».
У рэпартажы выкарыстаны матэрыялы з партала catholic.by.