Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч падчас юбілею асвячэння катэдральнага касцёла ў Саратаве: У касцёле з чалавечых душаў будуецца жывы Касцёл

11-12 кастрычніка
  • 13 кастрычніка, 2025
  • Фота: з архіва парафіі св. Клімэнта ў Саратаве // Catholicminsk.by

Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч 11 і 12 кастрычніка прыняў удзел у святкаванні 25-годдзя асвячэння катэдры святых апосталаў Пятра і Паўла ў расійскім Саратаве.

Святкаванне распачалося ў суботу 11 кастрычніка. Увечары прайшла юбілейная «музычна-гістарычная экскурсія» — арганны канцэрт твораў такіх вядомых кампазітараў, як І. С. Бах, Д. Букстэхудэ, Н. Брунс і інш., паміж якімі вядучыя распавядалі гісторыю парафіяльнага касцёла ў Саратаве, паказваючы на праекцыйным экране падрыхтаваную прэзентацыю. Прагучалі фрагменты хронік, сведчанні парафіянаў і ўспаміны аб шляху каталіцкай супольнасці Саратава ад першых каланістаў XVIII стагоддзя да асвячэння сучаснай святыні.

Парафіян і гасцей урачыстасці прывітаў ардынарый дыяцэзіі святога Клімэнта ў Саратаве біскуп Клеменс Пікель. Цёплыя словы ў адрас мясцовай каталіцкай супольнасці прагучалі таксама з вуснаў прадстаўнікоў Рускай Праваслаўнай Царквы і гарадской адміністрацыі.

У нядзелю 12 кастрычніка адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды юбілею пасвячэння саратаўскай святыні. Сярод прысутных былі святары, законныя сёстры і вернікі, якія прыбылі з розных парафій дыяцэзіі, часам аддаленых ад цэнтра на адлегласць каля 1000 км, а таксама пастар мясцовай евангеліцка-лютэранскай супольнасці і прадстаўнік губернатара Саратаўскай вобласці.

Узначаліў Эўхарыстыю біскуп Клеменс Пікель, які на яе пачатку запрасіў усіх прысутных да супольнай падзякі Богу за дар юбілею.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён падкрэсліў, што хоць ужо даўно не служыць у Расіі, тым не менш падтрымлівае сувязь з Касцёлам у Расіі і прымае ўдзел у знакавых набажэнствах. Расійскія біскупы, святары і вернікі таксама наведваюць Беларусь, прыкладам чаго быў удзел пастыра дыяцэзіі ў Саратаве з групай святароў, законных сясцёр і вернікаў у сёлетняй пілігрмцы Маладзечна-Будслаў.

Іерарх таксама ўспомніў пра сваю магчымасць упершыню прыехаць у Саратаў яшчэ ў 1978 г. Тады як студэнт Ленінградскага політэхнічнага інстытута ён мог выбраць месца практыкі — на будове Саратаўскай або Краснаярскай гідраэлектрастанцый. «Мог, але не выбраў, — прызнаўся ён. — Прыгожыя краявіды, маляўнічыя горы — такія велічныя слупы… Перамагла рамантыка, я і паехаў у Сібір на Енісей».

Аднак Бог, неспазнаны ў сваім Провідзе, у 1991 годзе праз прызначэнне святым Папам Янам Паўлам ІІ тагачаснага біскупа Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім адмінстратарам для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі прывёў яго ў Саратаў. З таго часу, як прызнаўся арцыпастыр, Паволжа стала для яго блізкім, «бо і тут, на берагах магутнай Волгі, трэба было адраджаць Касцёл».

Далей прамоўца засяродзіўся на гістарычным аспекце ўрачыстасці. Гісторыя Каталіцкага Касцёла на Паволжы багатая і адначасова трагічная. Яна перадусім звязана з нямецкімі вернікамі, якія пачалі прыбываць сюды у 60-х гадах XVIII стагоддзя па запрашэнні імператрыцы Кацярыны ІІ. У 1848 годзе была занавана Херсонская дыяцэзія, якая праз 5 гадоў была пераіменавана ў Ціраспальскую, а яшчэ праз 3 гады яе цэнтрам быў абраны Саратаў. Новаствораная дыяцэзія ўваходзіла тады ў склад Магілёўскай мітраполіі.

У 1856 годзе ў Саратаве была заснавана духоўная кансісторыя, а годам пазней — духоўная семінарыя. У 1881 годзе была збудавана прыгожая катэдра святога Клімэнта — шэдэўр сакральнага дойлідства.

Аднак Касцёл, які дынамічна развіваўся на Паволжы, пасля 1917 года, у часы ганенняў за веру, раздзяліў лёс іншых веравызнанняў. Біскуп Юзаф Кесслер вымушаны быў эміграваць у Германію. Духавенства трапіла пад пераслед. У 1935 годзе катэдра была зачынена і перароблена ў кінатэатр «Піянер». Да 1937 года ўсе каталіцкія святыні дыяцэзіі былі зачынены. «Жыццё католікаў перайшло ў падполле», — з сумам канстатаваў арцыпастыр.

У 1941 годзе нямецкае насельніцтва горада і ваколіц было дэпартавана ў Казахстан і іншыя рэспублікі Сярэдняй Азіі, а таксама ў Сібір.

Тым не менш, у вельмі складаных умовах старэйшае пакаленне, дзякуючы «народным» набажэнствам, захавала веру і пераказала яе маладым. Святары, якія вярталіся з лагераў, заставаліся з вернікамі, патаемна падтрымліваючы ў іх агеньчык веры.

На пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя немцы з ссылкі пачалі паволі вяртацца на Паволжа, што аказала вялікі ўплыў на лёс Касцёла на гэтых землях. У 1987 годзе у горад Маркс прыехаў ксёндз Юзаф Верт SJ, сучасны ардынарый дыяцэзіі Перамянення Пана ў Навасібірску. Ён стаў першапраходцам, які заклаў падмурак для адраджэння веры на гэтых землях. 

Пераломным у гісторыі Касцёла ў Расіі і на Паволжы, як адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, стаў 1991 год. Тады Ян Павел ІІ адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Расійскай Федэрацыі на ўзроўні Апостальскіх адміністратур.

Спачатку пастырскай дзейнасцю ў Саратаве займаліся салезіяне. Між іншым, прыгадаў іерарх, некаторы час служыў там сённяшні ксёндз канонік Ігар Лашук, пробашч парафіі ў Стоўбцах. Дзякуючы намаганням салезіянаў у арэндаваным памяшканні была адкрыта і асвячана капліца Маці Божай Фацімскай, што дазволіла нармалізаваць пастырскую дзейнасць у Саратаве і суседнем Энгельсе.

24 лістапада 1996 года ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў пляцоўку пад будаўніцтва новай святыні. Падчас будаўніцтва ў структурах Каталіцкага Касцёла ў Расіі адбыліся фундаментальныя змены. У 1998 годзе пробашч парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў горадзе Марксе ксёндз Клеменс Пікель быў прызначаны біскупам. У наступным годзе была заснавана Апостальская адміністратура Поўдня Еўрапейскай часткі Расіі з цэнтрам у Саратаве, якую ўзначаліў новы біскуп.

У годзе Вялікага юбілею хрысціянства будаўніцтва касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла была завершана. Святыня была асвечана 15 кастрычніка 2000 года.

«Дзень асвячэння Касцёла стаў днём трыўмфу веры. Хрыстус, якога выгналі з горада, у якім знаходзілася біскупская катэдра і духоўная семінарыя, вярнуўся, каб ізноў быць на берагах Волгі, абвяшчаць людзям Божае слова, у сакрамэнтах іх асвячаць і праз учынкі міласэрнасці дапамагаць бедным»,

— сцвердзіў прамоўца.

У 2002 годзе Апостальская адміністратура была пераўтворана ў дыяцэзію святога Клімэнта і новы касцёл стаў катэдрай.

«Катэдральны касцёл — гэта галоўны касцёл дыяцэзіі, дзе знаходзіцца катэдра біскупа, з якой ёй навучае і настаўляе, — навучаў арцыпастыр. — У касцёле мы нараджаемся на новага жыцця. У ім кормімся збаўчай Божай ласкай. Ён адчыняе нам брамы неба».

«Мы будуем касцёлы не толькі для таго, каб упрыгожваць нашыя гарады сакральнай архітэктурай, але перадусім каб у іх з чалавечых душаў будаваць жывы Касцёл як Містычнае Цела Хрыста. У касцёле сустракаецца часовасць з вечнасцю, зямля з небам»,

— заўважыў іерарх і нагадаў, што ўсвядоміць сабе гэта вельмі важна асабліва ў наш час, «калі секулярны свет адракаецца ад Бога, што накладвае на нас абавязак быць сведкамі Хрыста і абвяшчаць праўду аб тым, што дарога без Бога вядзе ў нікуды». У той жа час, паводле слоў арцыпастыра, «Касцёл як сакрамэнт паўсюднага збаўлення вядзе нас да Хрыста, у Якім наша адзіная надзея».

Сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў заклікам: «Саратаўскі катэдральны касцёл святых Пятра і Паўла! Сёння, у юбілейным годзе надзеі, ты распачынаеш пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Як паўнаводнай з’яўляецца Волга, няхай паўнаводнай будзе выплываючая з цябе рака Божай ласкі і новай надзеі. “In nomine Domini” — “У імя Пана” — у новы шлях! Вядзі людзей да Бога і неба! І няхай табе благаславіць Пан на многія і святыя леты!»

Напрыканцы Імшы лютэранскі пастар з Саратава і прадстаўнік губернатара Саратаўскай вобласці выказалі словы віншавання катэдральнай парафіяльнай супольнасці з іх урачыстасцю. Вернікі падзякавалі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за прысутнасць і ўзнёслую гамілію. Супольны спеў гімна юбілейнага 2025 года завяршыў першую, духоўную частку ўрачыстасці.

Другая частка, забаўляльная, падчас якой парафіяне частавалі гасцей смачнымі стравамі, складалася з выступу дзяцей катэдральнай парафіі, віншаванняў, а таксама выступу фокусніка, якім аказаўся мясцовы парафіянін. У гэтай сферы, па яго запрашэнні, спрабавалі сябе нават іерархі: біскуп Клеменс Пікель і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Урачыстасць завяршылася супольнай кароткай малітвай падзякі.