Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч падчас парафіяльнай урачыстасці ў Будславе ўзначаліў святую Імшу апоўдні

2 ліпеня
  • 3 ліпеня, 2025
  • Фота: Крысціна Ефімовіч // Catholicminsk.by

Ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай, якая адзначаецца 2 ліпеня ў Будславе як парафіяльная ўрачыстасць, святую Імшу апоўдні ў Нацыянальным санктуарыі ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На святой Імшы прысутнічаў таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, які ўзначаліў ранішнюю Эўхарыстыю ў Нацыянальным санктуарыі, а таксама святары з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і з суседніх парафій Віцебскай дыяцэзіі, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі, якія прыбылі да Маці Божай з розных мясцін Беларусі.

У гаміліі, зыходзячы з дэвізу сёлетніх Будслаўскіх урачыстасцяў: «Міласэрнасць Божая — давяраем Табе», арцыпастыр засяродзіўся на тэме Божай Міласэрнасці і ролі Марыі ў ёй.

«Міласэрнасць з’яўляецца галоўнай прыкметай Бога. З любові да чалавека Бог яго стварыў і калі ён зграшыў, то не заставіў яго самога. Кіруючыся справядлівасцю, Ён выгнаў яго з раю, але кіруючыся міласэрнасцю, паслаў свайго Сына, каб збавіў чалавека. Таму Богу ўласцівая справядлівасць у міласэрнасці», — сказаў ён.

Паводле слоў іерарха, хрысціянства пазначана ідэяй міласэрнасці і любоў з’яўляецца яго візітнай картай. Святы Ян Павел ІІ вучыць, што «канкурэнцыяй» паміж людзьмі можа быць толькі любоў. Таму веруючым людзям неабходна імкнуцца да рэальнага праяўлення міласэрнасці ў нашым жыцці.

Арцыпастыр нагадаў, што сёлета спаўняецца 90 год ад першага публічнага пакланення Езусу Міласэрнаму ў Вострай Браме. Гэтая падзея стала пачаткам культу Божай Міласэрнасці.

Папа-славянін казаў, што адзіная надзея свету — ў Божай Міласэрнасці. «Свет шукае вырашэння сваіх праблем у развіцці навукі, тэхналогіі, медыцыны, культуры, міжасабовых і міжнародных адносін, штучнага інтэлекту і гэтак далей. Аднак далёка не заўсёды гэта прыносіць пажаданы рэзультат. Дэградацыя маральнага жыцця, крызіс сям’і і Божага дару жыцця, сацыяльная несправядлівасць, міжнародная напружанасць, міжрэлігійныя, міжнацыянальныя і збройныя канфлікты, а ў некаторых краінах нават голад, непісьменнасць і адсутнасць медыцынскай дапамогі, — гэта толькі некаторыя паталогіі сучаснасці», — заўважыў іерарх.

«Хто нам дапаможа ў іх вырашэнні? — запытаў іерарх і адразу даў адказ. — Міласэрны Езус».

Арцыбіскуп прывёў словы Папы Льва XIV, які казаў, што Езус з дрэва Крыжа вызваліў сэрцы людзей ад ненавісці, логікі падзелаў і помсты, а таксама адарыў грахоўны свет сваім прабачэннем і надзеяй новага пачатку.

Далей у сваіх разважаннях арцыпастыр засяродзіўся на Маці Божай. Паводле яго слоў, Божая міласэрнасць праяўляецца праз заступніцтва Марыі, аб чым сведчыць цуд у Кане Галілейскай і ўся гісторыя хрысціянства. Марыя таксама вядзе кожнага да Езуса. Божы народ адарыў Марыю рознымі тытуламі, сярод якіх «Маці міласэрнасці», які, на думку іерарха, выдатна адпавядае тэме сёлетніх Будслаўскіх урачастасцяў.

«У Божым плане збаўлення Марыя займае асаблівае месца і таму мае вельмі важнае значэнне ў нашым рэлігійным жыцці. Справу ажыццяўлення плану збаўлення чалавека Бог усклаў у рукі Марыі. Дзякуючы яе згодзе з Божай воляй, Сын Божы стаўся чалавекам дзеля нашага збаўлення. Будучы нашай духоўнай Маці, Яна з’яўляецца пасрэдніцай усіх ласкаў і таму мы да яе прыбягаем у нашых патрэбах, перадусім у справе нашага навяртання, бо ўсе мы грэшныя», — вучыў ён.

Арцыпастыр са шкадаваннем прызнаў, што сучасны чалавек вельмі часта імкнецца вырашыць маральныя праблемы сваімі сіламі і без Божай дапамогі. Гэтым самым ён адмаўляецца прыняць  адпушчэнне грахоў і вярнуцца ў стан ласкі. «Згода прыняць Божую ласку, пасрэдніцай якой ёсць Марыя, перамяняе серцы. Без Езуса мы нічога не зможам зрабіць. Таму трэба памятаць, што калі подзвіг можа здейсніць чалавек, то перамога паходзіць ад Бога», — сцвердзіў арцыбіскуп.

«У Будслаўскім санктуарыі, з надзеяй і даверам мы становімся перад абліччам нашай духоўнай Маці з асабістымі, сямейнымі і грамадскімі праблемамі. Як прытулак грэшнікаў, Яна вядзе нас да Свайго Сына — Міласэрнага Езуса. Таму Будслаўскі санктуарый з’яўляецца для нас духоўным кіслародным балонам, які ратуе ад пандэміі грахоўнага каронавіруса»,

— з хваляваннем у голасе прамовіў арцыпастыр, нагадваючы вернікам нядаўні цяжкі час эпідэміялагічнага выпрабавання чалавецтва.

Ён падкрэсліў, што Марыя дапамагае нам у нашай духоўнай перамене, што вельмі важна ў пазначаны барацьбой з Богам і маральным законам час, калі адбываецца дэфармацыя духоўных каштоўнасцей, у выніку чаго антыкаштоўнасці займаюць месца евангельскіх.

«У наш час, калі людзі ўсё часцей жывуць так, як быццам Бога няма, перад абліччам зла, якое пануе ў свеце, нам неабходна праз Марыю звяртацца да Божай міласэрнасці як адзінай надзеі свету. Неабходна запрасіць Божую Маці да сябе, каб Яна ўнесла радасць у нашае жыццё і пераменіла яго, як гэта ўчыніла, наведваючы дом Альжбеты», — раіў слухачам прамоўца.

Іерарх прывёў наступны прыклад: «Адзін мудрэц сказаў, што для аднаго чалавека цуд — гэта калі Бог выслухоўвае яго просьбу, а для іншага — калі ён выслухоўвае просьбу Бога. Гэта азначае, што цуд ёсць тады, калі чалавек жыве паводле Божай волі. Гэтага цуду так патрабуе сучасны свет і наша Бацькаўшчына — Беларусь».

Гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў заклікам:

«Марыя — Валадарка Будслаўская, Маці Міласэрнасці! Заступіся за нас перад тваім Сынам i выпрасi нам ласку цуду жыцця паводле Ягонай волi, каб мы маглі быць сапраўднымі “пілігрымамі надзеі” ў Езусе Хрысце — адзіным Збаўцы свету».

Напрыканцы святой Імшы арцыпастыр благаславіў набытыя і прынесеныя ў святыню дэвацыяналіі: крыжыкі, медалікі, ружанцы, выявы Езуса Хрыста і святых. Ксёндз канонік Антоній Клімантовіч, пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі, акрапіў пасвечанай вадой рэлігійныя прадметы вернікаў.

Увечары святую Імшу ўзначаліў новапрэзбітэр ксёндз Аляксандр Шыманскі, вікарый парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, які на завяршэнне эўхарыстычнай сустрэчы ўдзяліў прысутным прыміцыйнае благаслаўленне.