Арцыбіскуп Кандрусевіч на Гродзеншчыне ў Папяльцовую сераду: «Час — не вораг, а магчымасць збаўлення»
- 18 лютага, 2026
- Фота: кс. Павел Эйсмант, Ян Ненартовіч // Catholicminsk.by
18 лютага прыпадае Папяльцовая серада – дзень, якім распачынаецца літургічны перыяд Вялікага посту. У гэты дзень у касцёл сваёй роднай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Захад) завітаў арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, дзе узначаліў святую Імшу. Увечары ён аказаўся ў Гродне, дзе ў новазбудаваным касцёле Святога Духа ў мікрарёне Альшанка таксама ўзначаліў Эўхарыстыю.
У гаміліі, задаючы прысутным пытанне «Якая гадзіна?», ён аднёсся да праблемы часу і яго выкарыстання. Задаючы гэта пытанне, чалавек хоча атрымаць адказ — ужо 10-я ці 12-я гадзіна, ці ўжо «пара ісці», а можа «яшчэ не спяшацца, бо маем шмат часу» і г. д. Але часам такое пытанне можа несці ў сабе тэрміновасць, пагрозу ці трывогу: «Хадзем, мы спазняемся!», ці «час скончваецца…» і інш.
«Але найважнейшае ў тым, што яно пераносіць нас у працягласць нашага жыцця, — растлумачыў арцыпастыр. — І хоць час выдаецца бясконцым, тым не менш, у жыцці чалавека ён абмежаваны, бо распачынаецца нараджэннем і завяршаецца смерцю».
Адсюль паўстае лагічнае пытанне: «Час — гэта наш вораг ці благаслаўленне?» На першы погляд — вораг, бо кожная яго хвіліна набліжае нас да завяршэння зямнога жыцця. Але адначасова, як адзначыў іерарх, час вядзе да вечнасці. На плошчах старых гарадоў можна спаткаць сонечны гадзіннік, які працуе, калі цень стрыжня (гнамона — грэч. паказальніка), што знаходзіцца на ім, паказвае гадзіну. Пад старадаўнімі гадзіннікамі нярэдка змяшчаўся напіс: «Час уцякае, але вечнасць чакае».
Таму пытанне: «Якая гадзіна?», паводле прамоўцы, заклікае чалавека задумацца, як ён выкарыстоўвае час свайго жыцця ў вонкавым і ўнутраным яго аспектах.
— сцвердзіў арцыбіскуп.

«У Папяльцовую сераду надыходзіць гадзіна распачацця Вялікага посту, які заклікае нас да новага разумення часу праз прызму вучэння Хрыста, — сказаў галоўны цэлебрант. — Таму незалежна ад таго, якая цяпер гадзіна, гэта заўсёды гадзіна Хрыста».
Знакам распачацця гэтага новага часу з’яўляецца пасыпанне галоў попелам са словамі: «Кайцеся і верце ў Евангелле» (пар. Мк 1, 15) або «Памятай, што ты пыл і ў пыл вернешся».
Далей прамоўца распавёў слухачам, што попел атрымліваецца пры спальванні дрэва ці вугля. «Звычайна мы яго выкідываем, бо ён нам не патрэбны. Але не сёння, бо у Папяльцовую сераду ён становіцца сімвалам праўды пра нас саміх, створаных з пылу зямлі, якія калісьці зноў станемся пылам. Попел, нагадваючы пра смяротнасць, адначасова задае пытанне: ці існуе нясмяротнасць? Ён кажа нам, што такое сапраўдная каштоўнасць і на чым мы павінны будаваць сваё жыццё. Ён заклікае да пакаяння і з’яўляецца знакам новага пачатку», — пераконваў арцыпастыр. —

Іерарх нагадаў, што дапамогай на гэтым шляху з’яўляецца малітва, пост і міласціна:
- «Дзякуючы малітве Бог знаходзіцца ў цэнтры нашага жыцця. Малітва — гэта подых душы. Як без паветра мы паміраем фізічна, так і без малітвы паміраем духоўна».
- «Пост — гэта ўстрыманне ад спакусаў сучаснай свецка-спажывецкай культуры і заклік адмовіцца ад злых, грэшных звычак і ўсяго таго, што крадзе наш час, асабліва забаў і празмернага карыстання з камп’ютара і смартфона».
- «Міласціна павінна нам нагадваць пра “дзве лепты ўдавы” (пар. Мк 12, 41-44), якія знаходзяцца ў цэнтры спраў міласэрнасці і дабрачыннай дзейнасці. Таму трэба прасіць Бога аб дары бачання патрабуючых з мэтай дапамогі ім».
У завяршэнні гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў слухачам, каб велікапосныя практыкі пасыпання галоў попелам, малітвы, устрымання ад мясных страваў, забаў і празмернага выкарыстання сродкаў масавай камунікацыі, якое «крадзе» ў іх час, а таксама міласціны дапамаглі ім зразумець, што «час — гэта не вораг, а магчымасць збаўлення», каб яны яго выкарысталі згодна з Божай воляй і дасягнулі радасці неба.

Пасля гаміліі арцыпастыр прамовіў малітву благаслаўлення попелу для пасыпання галоваў вернікаў. Паводле старадаўняга звычаю, яго атрымліваюць, спальваючы леташнія пальмовыя і вербныя галінкі, якія захоўваюцца з Пальмовай нядзелі. Затым святары пасыпаюць гэтым попелам галовы сабе і вернікам на знак распачацця велікапоснага перыяду пакаяння і навяртання.






































