Skip to main content

«Канец свету? Крызісы, адказнасць, надзеі»: распачалася міжнародная канферэнцыя Папскай Акадэміі Жыцця

  • 3 сакавіка, 2025
  • кс. Раман Суша

Сёння, 3 сакавіка, у Папскім інстытуце Аўгустыніянум у Рыме стартуе двухдзённая міжнародная канферэнцыя на тэму «Канец свету? Крызісы, адказнасць, надзеі». Удзельнікі — нобелеўскія лаўрэаты, планетолагі, фізікі, біялогі, палеаантраполагі, тэолагі, гісторыкі — сабраліся з усяго свету, каб абмеркаваць глабальныя выклікі чалавецтва. Галоўным ініцыятарам сустрэчы выступае Папская акадэмія жыцця на чале з арцыбіскупам Вінчэнца Палья.

Сустрэча прысвечана шырокаму колу пытанняў: ад таго, ці магчыма існаванне жыцця ў сусвеце ў незнаёмых нам формах да абмеркавання глабальных змен на Зямлі, якія ўсё часцей называюць «антрапацэнам» (анг. anthropocene).

Тэмы спікераў прысвечаны таксама новым тэхналогіям, напрыклад, геномнаму рэдагаванню і тое, якую ролю адыгрывае вера ў асэнсаванні сутнасці жыцця і магчымых шляхоў яго эвалюцыі.

Не застануцца па-за ўвагай і адукацыйныя пытанні: распрацоўваецца ідэя, што маладых людзей трэба не столькі палохаць магчымымі катаклізмамі ці катастрофамі, колькі натхняць на творчыя ідэі і выхоўваць веру ў тое, што супольная адказнасць і салідарнасць дапамогуць пабудаваць больш справядлівы свет. Істотным момантам для ўдзельнікаў канферэнцыі становіцца разуменне, што чалавек не існуе па-за прыродай, а разам з ёй стварае адзіную суцэльную сістэму, дзе кожны элемент уплывае на астатнія.

Зварот да паняцця «сустварэння» прапануе па-новаму зірнуць на біблійную ідэю адносін паміж чалавекам, Богам і светам, адмаўляючыся ад вузкага індывідуалізму. Па словах арганiзатараў, любая наступная глава ў гісторыі чалавецтва не можа быць напісаная ў адзіноце: толькі праз агульныя высілкі і сумеснае імкненне да дыялогу можна перамагчы крызісы і пабудаваць надзейную аснову для заўтрашняга дня.

Такія сустрэчы пад эгідай Папскай акадэміі жыцця дазваляюць убачыць, як навука і вера могуць узаемна ўзбагачацца, калі разглядаюць чалавека і свет не паасобку, а як адзіную супольнасць, што развіваецца і шукае сэнсу свайго існавання. У гэтым святле канферэнцыя становіцца нагодай для сур’ёзнай дыскусіі і дастатковай падставай, каб кожны задаў сабе пытанне: ці не прыйшоў час змяніць адносіны да прыроды і да бліжняга, каб не баяцца «канца свету», а ствараць умовы для яго новага, адказнага і надзейнага пачатку.