Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у дзень сваіх імянінаў узначаліў вечаровую святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле
- 29 кастрычніка, 2024
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Дзмітрый Пухаў // Catholicminsk.by
28 кастрычніка ў Касцёле адзначаецца свята святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша. У гэты дзень святой Імшой у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску свяе імяніны адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
На Эўхарыстыі прысутнічалі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, святары і шматлікія вернікі, якія прыйшлі павіншаваць імянінніка і ахвяраваць свае малітвы ў яго інтэнцыі.

На пачатку святой Імшы, падкрэсліваючы ролю Маці Божай у жыцці і місіі апосталаў пасля Уваскрасення Хрыста, арцыбіскуп Станеўскі прывітаў і павіншаваў з імянінамі “Апостала Тадэвуша” (кожны біскуп з’яўляецца наступнікам апосталаў), які нёс і надалей нясе вучэнне Хрыста ў Расіі і Беларусі. Іерарх таксама павіншаваў вернікаў парафіі святых Сымона і Алены, прысутных на святой Імшы, з урачыстасцю тытула касцёла.

Гамілію прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі, які, каментуючы словы Евангелля, паразважаў над выбарам Дванаццаці Апосталаў Езусам Хрыстом. Сярод вучняў, некаторыя з якіх самі пачалі хадзіць за Настаўнікам, а некаторых Ён сам паклікаў, Езус выбраў дванаццаць, якіх назваў апосталамі (“пасланцамі”). Яны атрымалі місію распаўсюджваць Яго вучэнне аж да краю зямлі.

Сярод апосталаў былі Сымон і Юда. Першы з іх, Сымон, вельмі дакладна падыходзіў да выканання сваіх абавязкаў, таму яго празвалі Зілотам (“руплівым”). Другі апостал, Юда, якога ўспамінае літургія разам з Сымонам, у Евангеллі паводле Яна называецца “Юда – не Іскарыёт” (Ян 14,22). Апостал не баяўся выконваць сваё заданне і рашуча абвяшчаў вучэнне Хрыста, за што атрымаў прозвішча Тадэвуш (“адважны”). Ён лічыцца аўтарам паслання, якое ўвайшло ў канон Святога Пісання Новага Запавету.

Абодва апосталы пакінулі межы сваёй радзімы, каб абвяшчаць Евангелле. Абодва спаткалі нямалыя цяжкасці на гэтым шляху, а канец іх жыцця азнаменаваўся хвалебнай мучаніцкай смерцю.
Біскуп Юрый зазначыў, што жыццё сённяшняга “Апостала Тадэвуша” таксама шмат у чым было падобна да жыцця апосталаў.

Арцыбіскуп Тадэвуш стаў першым біскупам у сучаснай Беларусі. Святы папа Ян Павел ІІ зрабіў яго Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Патрэбна было аднаўляць парафіі, шукаць святароў, якія будуць служыць у іх, вяртаць і адбудоўваць святыні. Новы біскуп рупліва і адважна ўзяўся за працу.

Воля Божая, аднак, была іншай. У 1991 годзе папа перанёс іерарха ў Расію, дзе ў часы СССР дзейнічалі толькі два касцёлы на ўсю краіну – у Маскве і Ленінградзе. За час служэння арцыбіскупа ў архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве слова Божае і святыя сакрамэнты пачалі цэлебравацца паўсюды там, дзе згаладалая паства дзесяцігоддзямі чакала Хрыста.
У 2007 годзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, паслухмяны волі папы Бэнэдыкта XVI, вярнуўся на радзіму, каб служыць Божаму народу ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. І нават калі ў 2021 годзе папа Францішак прыняў адмову іерарха ад пасады Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, “Апостал Тадэвуш” надалей рупліва і адважна служыць Касцёлу, пераадольваючы для гэтага часам вельмі вялікія адлегласці.
Напрыканцы гаміліі біскуп Касабуцкі ўзгадаў, што дэвізам свайго біскупскага служэння арцыбіскуп Кандрусевіч выбраў заклік “Quis ut Deus!” (“Хто ж як Бог!”) Але па-чалавечы мы можам сёння таксама ўсклікнуць “Quis ut Thaddaeus!” (“Хто ж як Тадэвуш!”) Бог паслужыўся сваім верным апосталам для здзяйснення таго, аб чым раней нават нельга было падумаць.

Біскуп Касабуцкі пажадаў арцыбіскупу Тадэвушу моцнага здароўя і Божай апекі, каб ён мог надалей рупліва і адважна служыць Богу і людзям.




Напрыканцы Эўхарыстыі прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў з Мінска і Заслаўя павіншавалі Дастойнага Імянінніка са святам.






У сваім заключным слове арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў Богу за дар паклікання і магчымасць служэння. Іерарх падкрэсліў, што дзякуючы Божаму Провіду Касцёл у краінах былога СССР, як птушка фенікс, узняўся з попелу, а цяпер павінен надалей развівацца, ідучы шляхам Божых запаведзяў. Іерарх у малітве даверыў сваё далейшае служэнне апецы Маці Божай.




