35 гадоў спяваць адным сэрцам: хор «Залатая Горка» адзначыў юбілей
- 26 лістапада, 2026
- Тэкст: Жанна Мецеж / Фота: Віктар Ведзень, catholic.by // Catholicminsk.by
22 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, мінская парафія Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы адзначыла 35-годдзе свайго хору. Разам з парафіянамі юбілей святкаваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У гэты дзень гаварылі пра пакліканне, вернасць і Божае Валадарства, а спявалі так, што ўрэшце да хору далучыўся ўвесь касцёл.
Калі ксяндзу каноніку Юрыю Санько, тады яшчэ маладому святару, прапаноўвалі месца служэння на Залатой Горцы, біскуп Юрый Касабуцкі даў яму параду: ніколі не адмаўляцца ад такой магчымасці. Здаецца, ён ведаў, што кажа. Сёння пробашч парафіі можа пацвердзіць: на Залатой Горцы ёсць нешта такое, што робіць яе асаблівым месцам не толькі для тых, хто тут моліцца, але і для тых, хто сюды вяртаецца.
Для самога біскупа Юрыя гэта таксама родная парафія. Таму 22 лістапада ён прыехаў сюды на падвойнае свята: урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету і 35-годдзе хору «Залатая Горка».

За тры з паловай дзесяцігоддзі калектыў стаў сапраўднай музычнай візітоўкай парафіі. Яго ведаюць далёка за межамі не толькі Залатой Горкі, але і Мінска. Парафіяне заўсёды чакаюць выступленняў хору, а яшчэ, здаецца, не было выпадку, каб нехта пайшоў з яго канцэрта ў дрэнным настроі і без усмешкі.
Але пачалося святкаванне не са спеваў, а з пытання пра тое, хто такі сапраўдны Валадар.
Кароль з цярновым вянцом
Падчас гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі прапанаваў параўнаць наша звыклае ўяўленне пра караля з тым, якім паўстае перад намі Езус Хрыстус. Калі мы думаем пра зямнога ўладара, уяўляем палац, дарагія ўборы, слуг і залатую карону. Аднак Хрыстус, Валадар Сусвету, стаіць перад намі на крыжы.
— нагадаў біскуп. У гэтым і заключаецца галоўная розніца паміж зямным і Божым Валадарствам. Усё, што мы маем тут, на зямлі, — часовае: і цяжкасці, і радасці, і нават тое, што сёння здаецца найважнейшым, аднойчы застанецца ў мінулым.

Каб растлумачыць гэта, біскуп расказаў гісторыю пра чалавека, які прыйшоў да мудраца паскардзіцца на жыццё. На працы не шанцавала, заробку не хапала, дома сваркі, жонка незадаволеная, дзеці напружаныя, а цешча таксама не маўчыць. Адным словам — усё адразу.
Мудрэц не стаў даваць складаных парадаў. Ён прапанаваў чалавеку ўзяць аркуш паперы, напісаць на ім два словы — «Гэта пройдзе» — і павесіць на бачным месцы. Калі будзе цяжка, трэба проста паглядзець на запіску і ўспомніць: цяперашнія праблемы не вечныя.
Праз некалькі гадоў чалавек вярнуўся да мудраца ўжо з падзякай. Жыццё наладзілася: знайшлася добрая праца, палепшыўся заробак, дома запанавала згода. Ён хацеў зняць аркуш, бо больш не было патрэбы ў напаміне. Але мудрэц спыніў яго: «Не, не, не, не здымай, няхай вісіць. Бо гэта пройдзе».
Гэтая гісторыя працуе ў абодва бакі: не варта губляць надзею ў цяжкія часы, але і шчасце зямное нельга лічыць вечным. Сапраўднае Валадарства Хрыста — там, дзе чалавеку больш не трэба баяцца, што добрае скончыцца.
— нагадаў біскуп Юрый Касабуцкі.

Пераход гэты не будзе лёгкім, папярэджвае іерарх: «Вось гэтае жыццё тут, на зямлі, даецца нам для таго, каб мы зрабілі свой выбар, ачысціліся». А ўваходзіць у Валадарства Нябеснае мы не будзем проста «як прыйшлі, так і прайшлі». Мы станем перад пэўнай брамай, і там будуць пэўныя пытанні. «Часам квіток у нас могуць папрасіць, часам пропуск, часам яшчэ што-небудзь», — выкарыстоўваючы такія яркія вобразы, растлумачыў душпастыр сутнасць хрысціянскіх абавязкаў. Каб добра прайсці праз гэты іспыт, трэба заўсёды памятаць пра словы нядзельнага чытання:
Таму біскуп перасцерагае: у кожнага будзе свой іспыт, які адносіцца да нашай веры, да нашых учынкаў, да таго, што было ў нашым сэрцы — «пра ўсё тое, праз што мы прайшлі тут, на зямлі, наколькі годна мы прайшлі гэты час выпрабавання».

Але як знайсці дарогу ў Валадарства Нябеснае? Біскуп Юрый прапанаваў сучаснае параўнанне. Калі мы едзем на машыне ў незнаёмае месца, то ўключаем навігатар. Ён паказвае маршрут, падказвае, куды павярнуць, і дапамагае не заблукаць.
— патлумачыў іерарх, цытуючы словы з Евангелля: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле» (Мк 16, 15).

Апосталы веры — тыя ж навігатары. Сёння гэтую місію працягваюць святары, біскупы, законныя сёстры і ўсе, хто дапамагае іншым знайсці шлях да Бога і Валадарства Нябеснага.
Вядомы сваім бліскучым пачуццём гумару, біскуп Юрый Касабуцкі расказаў яшчэ адну забаўляльную гісторыю. Аднойчы жанчына прыйшла ў касцёл у новай футравай шубе, нягледзячы на даволі цёплае надвор’е. У святыні таксама было цёпла, але жанчына ўладкавалася зручней і падчас казання задрамала. Аднак на словах святара «Ну, да сустрэчы ў Божым Валадарстве!» яна раптам прачнулася і ўсклікнула: «А не дай Бог, ойчанька!» «Што яна ўбачыла ў сне — я гэтага не ведаю», — з усмешкай заўважыў біскуп.
«Астатняе за намі», — нагадаў іерарх.
Пакліканне не толькі да святарства
Залатая Горка, паводле біскупа Юрыя, мае асаблівае месца ў гісторыі Касцёла ў Беларусі. Ён нават назваў парафію «кузняй кадраў»: тут фармаваліся пакліканні многіх святароў. Сярод тых, хто звязаны з гэтай супольнасцю, — ксяндзы Юрый Быкаў, Канстанцін Анашка, Аляксандр Улас, Мікола Гракаў, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Зусім хутка святарскае пасвячэнне атрымае дыякан Аляксандр Яцэвіч. Да гэтага спісу далучаюцца і кансэкраваныя асобы: «Палова дамініканак з Залатой Горкі прыйшла!» А ў гэтым годзе парафія можа ганарыцца і новым пакліканнем — залатагорац Ян Літвіновіч сёлета стаў навучэнцам духоўнай семінарыі ў Гродне.

Але пакліканне не абмяжоўваецца святарствам. Біскуп нагадаў пра сінадальнасць Касцёла — актыўны ўдзел кожнага верніка ў яго жыцці. Не абавязкова быць святаром, каб абвяшчаць Хрыста — кожны можа служыць тым дарам, які атрымаў ад Бога.
Успамінаючы час свайго служэння на Залатой Горцы, іерарх прывёў прыклад падрыхтоўкі гарадскога Крыжовага шляху. Калі паўстала пытанне, як ажыццявіць задуму, людзі самі прапанавалі дапамогу. Адна дзяўчына сказала, што яны з калегамі могуць узяцца за рэжысуру, моладзь прапанавала ўдзельнічаць у пастаноўцы. Так агульнымі намаганнямі нарадзілася падзея, на якую прыйшоў паглядзець увесь горад.
— падсумаваў біскуп.

У кожнага свой дар. Для кагосьці гэта святарства, для кагосьці — катэхізацыя, для кагосьці — музыка. І калі Бог даў чалавеку голас і слых, не варта пакідаць іх невыкарыстанымі. Тут біскуп прыгадаў словы святога Бэнэдыкта з Нурсіі — Qui cantat, bis orat, або «Хто спявае, той падвойчы моліцца». Біскуп Юрый з добрай усмешкай пажартаваў: «Часам ёсць такі вельмі добры хор, што разам з “Хвала на вышынях Богу!” можна заспяваць: “Хвала на вышынях хору!”»
Менавіта такім служэннем на працягу 35 гадоў займаецца залатагорскі хор. Сваімі талентамі яго ўдзельнікі не толькі ўпрыгожваюць літургію, але і прапаведуюць Хрыста. «Нездарма ў народзе іх даўно называюць “залатымі галасамі Залатой Горкі”», — адзначыў біскуп Юрый.
Калі ўвесь касцёл становіцца хорам
Яшчэ ў анонсе юбілейнага святкавання харысты папярэджвалі: будуць сюрпрызы. І не падманулі.
Пасля Імшы пачалася святочная праграма, якую вёў пробашч Залатой Горкі ксёндз канонік Юрый Санько. Высветлілася, што парафіяне не толькі любяць свой хор, але і добра ведаюць яго гісторыю. На пытанне пра год заснавання калектыву адказалі без ваганняў: 1991-ы. Найбольш вопытнай удзельніцай назвалі Ганну Зелянко, якая спявае з першых гадоў існавання хору.

Асобная размова завязалася пра сямейныя дынастыі. Іх аказалася тры. У адной — тры пакаленні сям’і Зелянко: бабуля, дачка і ўнучка. У другой спяваюць дырыжор і кіраўніца хору Святлана Шэйпа і яе дочкі Яніна і Кацярына. Трэцюю прадстаўляюць ятроўкі Вольга і Ганна Зелянко.
Зрэшты, гісторыя хору — гэта не толькі даты і імёны. Гэта яшчэ і тое, што застаецца ў сэрцах людзей. У рубрыцы «свабодны мікрафон» парафіяне спрабавалі за некалькі секунд адказаць, з чым у іх асацыюецца «Залатая Горка».
«Анёлы», «песня душы», «прыгажосць», «любоў» — гучала з залы. Для кагосьці хор — гэта свята, якое не пакідае чалавека сам-насам з бядой, а для кагосьці — успамін пра пілігрымку ў Будслаў. Адна з парафіянак згадала, як падчас паломніцтва гімн «Вітай, Марыя, поўная ласкі…» у выкананні хору і голас Святланы засталіся з ёй на цэлы год.

А потым адбылося тое, што, напэўна, запомнілася многім: слухачам прапанавалі не проста заставацца слухачамі. Святлана Шэйпа запрасіла ўсіх далучыцца да выканання старажытнага хрысціянскага гімна падзякі — Magnificat («Велічае душа мая…»). Сумеснае спяванне разам з залатагорскім хорам ужо стала фірмовай традыцыяй на канцэртах калектыву.
Спачатку спадарыня Святлана патлумачыла, што такое канон, падзяліла прысутных на дзве часткі і паказала, калі кожнай уступаць. Адным трэба было пачынаць, калі другія ўжо спяваюць, — праз два такты. Пасля кароткай рэпетыцыі пад акампанемент аргана маэстра Віктара Кісценя і яго «прыгожыя фігурацыі», як выразілася Святлана Шэйпа, гімн загучаў на ўвесь касцёл.
Святлана падбадзёрвала ўдзельнікаў, сачыла за тым, каб ніхто не згубіў сваю партыю, а парафіяне з відавочнай радасцю ўключыліся ў музычную прыгоду. «Magnificat, Magnificat, Magnificat anima mea Dominum», — старальна выпявалі госці мерапрыемства.

Не абышлося і без гумару. У гульні «Норм ці стрэм» ксёндз Юрый прапаноўваў харыстам ацаніць розныя сітуацыі з рэпетыцыйнага жыцця. Ці нармальна прыйсці на рэпетыцыю ў тапачках, бо ўсе ж свае? «Норм!» — ахвотна згадзіліся харысты. А забыць ноты дома? Адназначнае «Стрэм!» А калі не ведаеш слоў, спяваць «ла-ла-ла»? Тут галасы раздзяліся — з аднаго боку «стрэм», а з другога «норм»: з кім не бывае? Ці варта перакрываць суседа, калі той памыліўся, — каб ніхто не заўважыў? «Норм-стрэм-норм», — пасыпалась з розных бакоў: сапраўдныя сябры адзін аднаго не выдаюць, але няёмка, калі цябе пакрываюць.
Зразумела, што ні парафіяне, ні харысты не змаглі ўстрымацца ад смеху і апладысментаў. Гэтыя жартаўлівыя пытанні адкрылі тое, што не заўсёды трапляе на канцэртныя фатаграфіі: хор — гэта яшчэ і рэпетыцыі, дробныя няўдачы, узаемная падтрымка і ўменне пасмяяцца з сябе.
Песня, якая злучае пакаленні
Аднак самыя кранальныя хвіліны былі наперадзе. На сцэну запрасілі тых, хто спяваў у «Залатой Горцы» ў розныя гады. Былыя ўдзельнікі выходзілі да сваіх наступнікаў, і ў гэты момант асабліва выразна стала бачна, што за 35 гадоў калектыў не страціў галоўнага — сувязі паміж людзьмі.
Былыя харысты атрымалі сімвалічныя юбілейныя падарункі — цукеркі «35 год», вырабленыя, па словах ксяндза Юрыя, па спецыяльнай замове на фабрыцы «Камунарка» (нават калі ён і пажартаваў, усё раўно прыемна). Але галоўны падарунак тых, хто калісьці свяпаў у хоры — зноў пабыць выканаўцамі. Наступныя хвіліны сталі кульмінацыйнымі — былыя і сённяшнія ўдзельнікі сталі поплеч і разам праспявалі традыцыйны спеў «Дай, добры Божа».

У тыя хвіліны на вачах многіх з тых, хто вярнуўся ў хор, былі слёзы. Эмоцыі не маглі схаваць і самі парафіяне. Было так кранальна, што спеў, які гучыць у сценах Залатагорскага касцёла ўжо 35 гадоў, сабраў разам розныя пакаленні харыстаў.
І гэта, бадай, адзін з самых пераканаўчых адказаў на пытанне, у чым заключаецца сапраўдны поспех калектыву. Не толькі ў майстэрстве і не толькі ў колькасці канцэртаў, а ў тым, што людзі застаюцца часткай гэтай гісторыі нават тады, калі ўжо не стаяць у сённяшнім складзе хору.
Атмасфера, якую нельга сыграць
Віншаванні ў гэты дзень гучалі не толькі ад парафіянаў. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі перадаў хору Ганаровыя граматы, падпісаныя для кожнага ўдзельніка. Іх уручыў біскуп Юрый Касабуцкі. Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас мастацкага кіраўніка Святланы Шэйпа і арганіста Віктара Кісценя.

Харысты, у сваю чаргу, не забыліся пра чалавека, які ўсе гэтыя гады дапамагае ім гучаць адным цэлым. Кіраўніцы хору Святлане Шэйпа ўручылі букет кветак і сказалі шмат цёплых слоў за яе працу, цярпенне, за веру ў кожнага ўдзельніка і ўвесь калектыў.
Біскуп Юрый, які добра ведае гэты хор і яго гісторыю, таксама не шкадаваў слоў удзячнасці. Для яго «Залатая Горка» — не проста калектыў, які прыгожа спявае падчас Імшы.
— сказаў іерарх.

Калісьці адзін чалавек, пачуўшы спевы хору, прызнаўся: «Калі ў Божым Валадарстве так будуць спяваць, то я хачу ў гэтае Валадарства!» Біскуп Юрый назваў гучанне «Залатой Горкі» своеасаблівым «прадвеснікам неба» — магчымасцю ўжо тут, на зямлі, хаця б крыху адчуць прыгажосць таго, што чакае чалавека ў вечнасці.

А ксёндз Юрый Санько падзяліўся яшчэ адной гісторыяй, якая добра паказвае, наколькі асаблівымі сталі адносіны паміж хорам і святарамі. Аказалася, у біскупа Юрыя Касабуцкага ўжо даўно ёсць свая маленькая традыцыя: падчас святой Імшы, калі ён прамаўляе гамілію або перадае знак супакою, абавязкова махае рукой хору.
Таму прыдумаў уласны. Цяпер пасля святой Камуніі, калі харысты прымаюць Цела Хрыста, ксёндз Юрый, удзяляючы благаслаўленне, прамаўляе: «Ідзіце ў супакоі Хрыста!» Залатагорцы адказваюць: «Дзякуем Пану Богу!» А пробашч абавязкова дадае: «І хору «Залатая Горка»!»
І ў гэтым маленькім дадатку, які ўжо стаў часткай парафіяльнага жыцця, ёсць больш за тое, што магла б расказаць доўгая ўрачыстая прамова. Бо быць сям’ёй — гэта не толькі разам спяваць у важныя дні. Гэта памятаць адно пра аднаго нават у самых звычайных момантах.

Парафіяне таксама не шкадавалі слоў удзячнасці. Харыстаў віншавалі, дзякавалі ім за гады служэння, за песні, якія суправаджалі малітву і заставаліся ў памяці. А калі прагучалі гучныя «Брава!», здавалася, што перад прысутнымі не касцёльны хор, а сапраўдныя зоркі вялікай сцэны. І, напэўна, гэтыя апладысменты былі найлепшай узнагародай за 35 гадоў працы.
Гэта пацверджанне таго, што хор «Залатая Горка» — не толькі галасы, якія зладжана гучаць пад скляпеннямі святыні. Гэта людзі, якіх тут любяць, чакаюць і якім заўсёды рады. І калі пробашч пасля кожнай Імшы дадае да падзякі Пану Богу асобную падзяку хору, ён толькі агучвае тое, што ў гэты дзень было сказана апладысментамі ўсяго касцёла.



































































