У Беразіно адбылася парафіяльная ўрачыстасць Маці Божай Міласэрнай і благаслаўленне аргана
- 16 лістапада, 2026
- Тэкст: Аляксандр Жукоўскі // Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by
15 лістапада ў рыма-каталіцкай парафіі Маці Божай Міласэрнай у Беразіно (Барысаўскі дэканат) адбылася парафіяльная ўрачыстасць. Сёлета яна стала асаблівай падзеяй для мясцовай каталіцкай супольнасці: акрамя ўшанавання апякункі парафіі, вернікі сталі сведкамі благаслаўлення і сімвалічнага «абуджэння» аргана.
Парафія рыхтавалася да ўрачыстасці не толькі знешне, але і духоўна. На працягу дзевяці дзён вернікі ўдзельнічалі ў навэнне да Маці Божай Міласэрнай, прыступалі да сакрамэнту пакаяння і паяднання, прымалі Святую Камунію. Парафіяне таксама добраўпарадкавалі касцёл і прылеглую тэрыторыю, рыхтуючы святыню да прыезду гасцей.
Урачыстасць пачалася каля брамы касцёла, дзе вернікі сустрэлі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці Аляксандр і Марына Віктаровічы прывіталі іерарха хлебам-соллю. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта Кацярына Юр’еўна Аўрамчык звярнулася да яго з прывітальным словам і ўручыла кветкі.
Пробашч парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка прывітаў арцыбіскупа, падаў яму крыж для ўшанавання і асвячоную ваду.
Затым адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. На яе пачатку пробашч сардэчна прывітаў парафіянаў, гасцей, прадстаўнікоў мясцовай улады, Мітрапаліта і святароў, якія прыехалі на ўрачыстасць. Ён падзякаваў арцыбіскупу за пастырскую прысутнасць і запрасіў яго ўзначаліць Эўхарыстыю.

Сярод прысутных святароў пробашч асобна прывітаў сакратара Мітрапаліта ксяндза каноніка Юрыя Ясевіча; ксяндза каноніка Віталія Стрыгу, дэкана Барысаўскага дэканата і пробашча парафіі святога Юзафа ў Крупках; ксяндза Сяргея Білдзіса SAC, пробашча парафіі святога Антонія ў Талачыне; ксяндза каноніка Уладзіміра Русака, пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве; а таксама айца Ежы Вешкоўскага CMF, пробашча парафіі святога Антонія ў Магілёве.
Асобна пробашч прывітаў начальніка аддзела ідэалагічнай работы Бярэзінскага райвыканкама Кацярыну Юр’еўну Аўрамчык. Ён падкрэсліў важнасць супольнай павагі да духоўнай і культурнай спадчыны горада і запрасіў усіх да малітвы.
У гаміліі Мітрапаліт звярнуў увагу на вобраз Маці Божай Вастрабрамскай — Маці Міласэрнасці, якую з асаблівай пашанай ушаноўваюць на беларускай зямлі. Арцыбіскуп адзначыў, што Марыя на абразе прадстаўлена без Дзіцятка Езуса на руках, у паставе малітвы і пакоры. Ён таксама прыгадаў словы святога Максімільяна Кольбэ:
Гаворачы пра ролю Найсвяцейшай Панны Марыі ў гісторыі збаўлення, іерарх спаслаўся на навучанне святога Яна Паўла ІІ і Папы Францішка пра Божую міласэрнасць. Ён нагадаў, што Марыя асаблівым чынам спазнала міласэрнасць Бога і стала яе сведкай. Прыгадаўшы словы папы Францішка, які назваў Багародзіцу «Каўчэгам Запавету паміж Богам і людзьмі», Мітрапаліт заахвоціў вернікаў давяраць яе матчынай апецы.

Асобнае месца ў гаміліі заняў заклік ператвараць веру ў канкрэтныя ўчынкі любові. «Міласэрнасць — гэта не проста прыгожае слова з малітоўніка і не абстрактная філасофская ідэя», — падкрэсліў арцыбіскуп. Ён заклікаў наведваць самотных людзей, выбіраць у сям’і цярплівасць і прабачэнне замест папрокаў, уважліва ставіцца да тых, хто просіць дапамогі. Паводле Мітрапаліта, кожны ўчынак дабрыні робіць грамадства больш чалавечным.
Арцыбіскуп падзякаваў парафіянам за веру і працу, дзякуючы якім паўстала новая святыня.
— адзначыў ён.
Мітрапаліт назваў касцёл для моладзі сапраўднай «школай міласэрнасці» і падкрэсліў значэнне парафіяльнага дома для дзяцей, моладзі і дарослых. Ён заклікаў даверыць Маці Божай святыню, сем’і і ўсіх жыхароў Беразіна.
Падчас урачыстасці пробашч Юзаф Сярпейка падзякаваў усім, хто сваёй працай, ахвярнасцю і малітвай дапамог падрыхтаваць святкаванне і добраўпарадкаваць святыню. Асаблівыя словы ўдзячнасці ён скіраваў да жанчын парафіі — маці, жонак і бабуль.
Пробашч адзначыў, што ў папярэднія нядзелі неаднаразова дзякаваў мужчынам за працу пры касцёле, называючы іх па імені. Аднак у дзень ушанавання Маці Божай Міласэрнай, найпрыгажэйшай і найчулейшай з жанчын, важна было падзякаваць і тым, хто падтрымліваў працавітых мужчын.
Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў парафіянам за падрыхтоўку ўрачыстасці і вялікую працу ў касцёле, на парафіяльнай тэрыторыі і пры парафіяльным доме. Ён таксама адзначыў іх ахвярнасць, стараннасць і асабісты ўклад у развіццё супольнасці.

На знак удзячнасці і духоўнай еднасці арцыбіскуп падарыў парафіі Маці Божай Міласэрнай марыйны арнат — літургічнае адзенне для цэлебрацый у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі.
Памятныя падарункі Мітрапаліт падрыхтаваў і для прадстаўнікоў мясцовай улады. Праз Кацярыну Юр’еўну Аўрамчык ён перадаў старшыні Бярэзінскага райвыканкама Андрэю Валянцінавічу Сакалоўскаму, а таксама ёй асабіста кнігі беларускага аўтара Дзмітрыя Ясюкевіча «Каталіцкі Мінск: прастора, традыцыя і тэксты ў XIII–XX стагоддзях».
Выданне прысвечана каталіцкай спадчыне беларускай сталіцы, яе гістарычнай і культурнай прасторы, духоўным традыцыям і архітэктурнай гісторыі. Гэты сімвалічны падарунак стаў яшчэ адным сведчаннем важнасці захавання гістарычнай памяці, культурнай і духоўнай спадчыны беларускага народа.
Канцэрт стаў прыгожым завяршэннем урачыстасці і даў прысутным магчымасць па-новаму адчуць прыгажосць сакральнай музыкі ў прасторы касцёла.
Святкаванне стала для парафіяльнай супольнасці нагодай не толькі для радасці, але і для ўдзячнасці Богу за ўсё, чаго ўдалося дасягнуць супольнымі намаганнямі. Урачыстасць яшчэ раз нагадала, што Касцёл — гэта не толькі святыня, але найперш жывая супольнасць людзей, аб’яднаных верай, малітвай і гатоўнасцю служыць адно аднаму.


















































