Іерархі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прынялі ўдзел ва ўрачыстым заканчэнні Першага Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі
- 16 лістапада, 2026
- Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Аляксандра Шчыглінская, Вольга Сяліцкая – grodnensis.by // Паводле
- Grodnensis.by
14 лістапада ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя адбылася цырымонія заканчэння Першага Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі, які быў скліканы ў 2017 годзе біскупам Аляксандрам Кашкевічам і праходзіў пад дэвізам «Жыць Евангеллем». Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел прадстаўнікі архідыяцэзіі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Генеральны вікарый біскуп Юрый Касабуцкі.
Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй запрасіў на цырымонію ўсіх вернікаў дыяцэзіі, святароў і кансэкраваных асобаў. На запрашэнне адказалі многія, катэдра была напоўнена. Сярод прысутных былі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа і сакратар нунцыятуры ксёндз Чарльз Луанга Ссуна, старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, выкладчыкі і навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі і Тэалагічнага каледжа святога Казіміра ў Гродне, прадстаўнікі Праваслаўнай і Евангелічна-Лютэранскай Цэркваў, свецкіх уладаў.

У пачатку цырымоніі біскуп Гродзенскі падпісаў дэкрэт аб афіцыйным заканчэнні Сіноду.
Генеральны сакратар Сіноду ксёндз канонік Антоні Грэмза распавёў прысутным пра яго дзейнасць, адзначыў, што ў яе ўключылася шмат духоўных і свецкіх асобаў, удзельнічаючы ў апытаннях, выказваючы прапановы і заўвагі. Ксёндз Антоні расказаў аб працы кожнай з сінадальных камісій, іх ідэях і прапановах, якія знайшлі адлюстраванне ў выдадзеных «Статутах Першага Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі».

«Сінод прынёс канкрэтныя плёны»
Ініцыятар склікання Сіноду біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, адзначыў: «Ужо сёння мы можам канстатаваць, што Сінод прынёс канкрэтныя, адчувальныя плёны ў выглядзе распрацаваных прававых нормаў і рашэнняў, дастасаваных да сітуацыі і патрэбаў нашага мясцовага Касцёла. Сінод споўніў свае задачы, і гэты факт схіляе нас да ўдзячнасці Богу і з’яўляецца падставай асабістага задавальнення».
Іерарх падзякаваў свайму наступніку біскупу Уладзіміру Гуляю за тое, што ўзяў на сябе і давёў да канца працу Сіноду, падзякаваў генеральнаму сакратару, членам камісій і ўсім, хто ўдзельнічаў у яго дзейнасці.
Затым адбылася Імша падзякі Богу за дар Сіноду, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі.
«Час выйсці за межы і дзяліцца атрыманымі дарамі»
У пачатку літургіі да прысутных звярнуўся Апостальскі нунцый.
«Сінод адбыўся ў асабліва значны момант, — падкрэсліў нунцый. — Ён быў скліканы не для таго, каб проста адзначыць ужо дасягнутае ці стварыць дакументы для архіваў.

«Слова “сінод” азначае “ісці разам”, — дадаў нунцый. — Аднак сумесны шлях – не столькі арганізацыйны метад, колькі глыбока евангельская рэчаіснасць. Вучні ідуць разам таму, што ідуць за Хрыстом. (…) Таму першая задача кожнага сапраўды сінадальнага шляху — дапамагчы вернікам зноў паставіць Хрыста ў цэнтр свайго жыцця».
«Кожнае сапраўднае хрысціянскае сведчанне ў штодзённым жыцці спрыяе місіі Касцёла і робіць Хрыста прысутным у канкрэтных рэаліях грамадства. У гэтым сэнсе Сінод можна разглядаць не як пункт прыбыцця, а як пункт адпраўлення. Ён завяршае этап слухання і распазнання, але адкрывае новы перыяд касцёльнай суадказнасці. Усе мы пакліканыя ўдзельнічаць у гэтай місіі, — падкрэсліў арцыбіскуп. — Цяпер Пан просіць Гродзенскую дыяцэзію выйсці за ўласныя межы і дзяліцца атрыманымі дарамі з іншымі».
«Тэарэтычны этап Сіноду за намі, наперадзе рэалізацыя»
У гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй назваў гэты Сінод «падзеяй шматвымернай, якая мае вялікае гістарычнае, грамадскае і культурнае значэнне».

«У сэрцы нараджаецца жаданне дзякаваць Богу за тое, што наш мясцовы Касцёл праявіў немалую адвагу і сталасць, каб стаць на шлях сінадальнасці. Мы пазбеглі спакусы, перад якой нас перасцерагаў Папа Францішак: з-за страху невядомага схавацца за адгаворкамі тыпу “не трэба” i “мы заўсёды рабілі гэта так” (10.10.2021), — адзначыў біскуп. — Гэтая адвага глядзець наперад і шукаць новыя кірункі рэалізацыі сваёй місіі ў зменлівым дынамічным свеце зусім не азначае парывання з традыцыяй ці духоўным набыткам папярэдніх пакаленняў. (…) Недаацэньванне такога цудоўнага скарбу традыцыі або парыванне з ім было б падобным да падпільвання каранёў».
«Мы святкуем заканчэнне Сіноду, але на самой справе толькі распачынаем яго, — падкрэсліў іерарх. — За намі першы этап, больш “тэарэтычны”, які засноўваўся на перыядычных сустрэчах сінадальных камісій і працы па наданні пастановам Сіноду формы прававых актаў. Перад намі “практычны” этап, які засноўваецца на рэалізацыі Сіноду, значыць яго ўвасабленні ў жыццё, дзякуючы чаму мы як супольнасць дыяцэзіяльнага Касцёла яшчэ больш будзем “жыць Евангеллем”, згодна з сінадальным дэвізам».

У канцы літургіі біскуп уручыў дэканам усіх дэканатаў дыяцэзіі і прадстаўнікам вернікаў статуты Сіноду, каб з імі можна было знаёміцца ў парафіях.
«Пасля Сіноду пачынаецца сумеснае дзеянне»
Звяртаючыся да прысутных ад імя епіскапату, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі, назваў заканчэнне Сіноду «сапраўдным адкрыццём новай старонкі ў гісторыі Касцёла на Гродзеншчыне». «Святы Айцец Францішак, тлумачачы сутнасць Сіноду Біскупаў у Ватыкане, часта паўтараў: “Сінод — не парламент, дзе галасуюць за большасць, гэта прастора, дзе дзейнічае Святы Дух”. Вы сабраліся менавіта дзеля таго, каб пачуць голас Святога Духа, і сёння мы бачым, як гэты голас ператвараецца ў канкрэтныя рашэнні для вашай супольнасці, — сказаў арцыбіскуп тым, хто ўдзельнічаў у дзейнасці Сіноду. — Ваш сінадальны шлях стаў адлюстраваннем таго вялікага закліку да супольнасці, удзелу і місіі, з якім жыве зараз увесь Каталіцкі Касцёл».

Арцыбіскуп дадаў, што на плечы сённяшняга пастыра Гродзенскай дыяцэзіі кладзецца «адказная місія — перанесці напісанае на паперы ў рэальнае жыццё парафій, у сэрцы вернікаў». «Словамі Яна Паўла ІІ хачу паўтарыць: “Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!” — менавіта з такой адвагай Вы будзеце весці Касцёл на Гродзеншчыне наперад, увасабляючы сінадальныя пастановы ў жыццё», — сказаў іерарх, звяртаючыся да біскупа Гродзенскага.
«Чаму пастановы гэтага Сіноду такія важныя для Касцёла на Гродзеншчыне? Калісьці я меў магчымасць сказаць гэта і паўтару сёння: “Сінод — не кропка ў гісторыі, а двукроп’е, пасля якога пачынаецца сумеснае дзеянне — адзінства ў разнастайнасці”. Прынятыя пастановы вызначылі кірунак катэхізацыі, літургічнага жыцця, працы з моладдзю і сужэнствамі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Яны дапамогуць быць Касцёлам блізкім, чулым і адкрытым», — патлумачыў арцыбіскуп.

У канцы цырымоніі біскуп Гродзенскі падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у працы Сіноду, рыхтаваў да выдання яго дакументы, браў удзел у апытаннях, дасылаў лісты, падтрымліваў дзейнасць Сіноду малітвай і ахвярай.
«Сінод, бясспрэчна, духоўна ўзбагаціць наш малады Касцёл на Гродзеншчыне і зробіць яго місію яшчэ больш паспяховай», — падкрэсліў біскуп Уладзімір Гуляй.






































