Skip to main content

У Багданаве біскуп Уладзімір Гуляй удзяліў канфірмацыю 36 вернікам

18 кастрычніка
  • 4 лістапада, 2026
  • Тэкст і фота: парафіяне касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі // Catholicminsk.by


Упершыню ў Багданаве біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў святую Імшу, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі для вернікаў розных узростаў. Падзея стала ўрачыстым напамінам пра тое, што свядомае ўключэнне ў жыццё Касцёла не абмяжоўваецца ўзростам: дары Духа Святога можна прыняць і ў дарослым жыцці.

18 кастрычніка ў багданаўскай парафіі Святога Міхала Арханёла (Валожынскі дэканат) група вернікаў прыняла сакрамэнт канфірмацыі з рук біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя.

Трыццаць шэсць чалавек, большасць з якіх — моладзь, сабраліся ў святыні, каб праз удзел у сакрамэнце прыняць дары Духа Святога — ласку, якая паглыбляе веру і яднае з Хрыстом. Як адзначыў пробашч, ксёндз канонік Андрэй Яркавец у прывітальным слове напачатку святой Імшы, кандыдаты да канфірмацыі годным чынам прайшлі падрыхтоўку.

Канфірмацыя — адзін з трох сакрамэнтаў увядзення ў хрысціянскае жыццё разам з хростам і Эўхарыстыяй. Яна ўзмацняе дары Духа Святога, глыбей уключае верніка ў Касцёл і дае сілу свядома сведчыць пра Хрыста.

Звычайна гэты сакрамэнт удзяляецца ў юнацкім узросце пасля адпаведнай падрыхтоўкі, аднак тыя, хто з розных прычын не прыняў яго раней, могуць зрабіць гэта ў дарослым узросце — незалежна ад колькасці гадоў.

Вернікі з радасцю віталі біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, які ўпершыню наведаў вёску Багданава. Звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы, іерарх нагадаў, што кандыдаты да сакрамэнту бежмавання выйдуць у гэты дзень з Касцёла перамененымі, несучы з сабой дары Духа Святога.

«Ад гэтага моманту яны дзейнічаюць у вас і праз вас»,

— сказаў іерарх.

Напрыканцы святой Імшы біскуп Уладзімір Гуляй удзяліў усёй парафіі пастырскае благаслаўленне.