Skip to main content

У дзень імянін арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў мінскай архікатэдры

28 кастрычніка
  • 29 кастрычніка, 2026
  • Фота: Вікторыя Казімірчык // Catholicminsk.by

28 кастрычніка, у дзень сваіх імянін, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас Эўхарыстыі ён разважаў пра місію апосталаў, прыклад святых Сымона і Юды Тадэвуша і выклікі, перад якімі стаяць хрысціяне сёння.


Ахвяраваць святую Камунію за арцыпастыра і павіншаваць яго са святам сабраліся духоўныя асобы, сярод якіх — Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі.

Адметнасцю гэтай урачыстасці была прысутнасць моладзі ў дастаткова вялікай колькасці, што ўскосна паказвае — у 80-гадовага імянінніка, нягледзячы на хваробы і цяжкасці, малады і бадзёры дух, які дазваляе яму ўсталяваць камунікацыю з людзьмі любога ўзросту.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу слухачоў на факт, што галоўным заданнем апосталаў было абвяшчаць Евангелле «аж да краю зямлі». Апосталы і іх наступнікі неслі Добрую Навіну язычніцкім народам, і ў канцы X стагоддзя яна прыйшла на беларускія землі, каб пасеяць тут зерне Божага слова і зрабіць іх хрысціянскімі.

Як адзначыў іерарх, Евангелле захавала няшмат звестак пра апосталаў Сымона і Юду Тадэвуша. Гэта можа здавацца дзіўным, бо людзі часта шукаюць у рэлігіі герояў і цудаў. Аднак Сымон і Юда — «ціхія» постаці сярод апосталаў. Іх прыклад, паводле гаміліі, нагадвае пра важнасць цішыні і вернасці ў час, калі свет заклікае быць «навідавоку» — у медыях, інтэрнэце, сацыяльных сетках, на тэлебачанні і радыё. Сучаснасць патрабуе ад чалавека быць паспяховым, прыкметным і пераканаўчым.

Евангелле называе Сымона «Зілотам», што азначае «руплівы» або «рэўнасны». Гэтая руплівасць была скіраваная не супраць людзей, а на абарону Божага закону і ідэнтычнасці габрэйскага народа.

У сучаснай свецкай культуры рэўнасць можа быць небяспечнай, падкрэсліў пастыр, бо лёгка ператвараецца ў нецярпімасць і жаданне пазбавіцца ад супернікаў, што вядзе да канфліктаў.


«Выклік сучаснасці — дазволіць Хрысту перамяніць рэўнасць да чалавека ў руплівасць у паслухмянасці Божаму закону», — адзначыў ён. Пасля сустрэчы з Езусам Сымон стаў рупліва служыць справе евангелізацыі. Гэта была не рэўнасць супраць кагосьці, а руплівасць дзеля іншых.

Юда Тадэвуш вядомы як апякун у безнадзейных справах. Пандэміі, войны, экалагічныя крызісы, асабістыя трагедыі і страта сэнсу жыцця нагадваюць, што некаторыя сітуацыі надзвычай цяжка, а часам, здаецца, немагчыма вырашыць.

Аднак быць апекуном у безнадзейных справах не азначае быць «спецыялістам па цудах» у магічным сэнсе, патлумачыў арцыбіскуп Тадэвуш. Святы Юда Тадэвуш сведчыць: нават калі чалавечыя магчымасці вычарпаныя, Бог не перастае дзейнічаць.

«Апостал Юда Тадэвуш заклікае нас, людзей XXI стагоддзя, не губляць надзеі, нават калі навакольны свет перакананы, што яе няма. Ён дапамагае паверыць, што Божая любоў мацнейшая за любое безвыходнае становішча, бо наша надзея — у Хрысце»,


— сказаў прамоўца.

Апосталы Сымон і Юда Тадэвуш былі рознымі людзьмі: Сымон — руплівым і блізкім да радыкальных колаў свайго часу, Юда — тым, хто задаваў глыбокія пытанні пра сэнс Божай любові і асабістую сустрэчу з Езусам. Нягледзячы на адрозненні, яны разам ішлі шляхам апостальства, прапаведавалі і, паводле традыцыі, прынялі мучаніцкую смерць.

Іх прыклад паказвае, што Езус кліча вучняў з розных сацыяльных і рэлігійных асяроддзяў. «Яго перадусім цікавяць людзі, а не сацыяльныя катэгорыі ці ярлыкі», — падкрэсліў прамоўца.

Гэтае пасланне асабліва актуальнае сёння, калі свет моцна падзелены, а людзі схільныя гуртавацца са «сваімі» і адштурхоўваць «чужых». Прыклад апосталаў нагадвае: адзінства магчымае не таму, што ўсе падобныя, а таму, што ўсе аб’яднаныя вакол Хрыста. Таму будаваць яго трэба не на аднастайнасці, а на Хрысце, які здольны аб’яднаць нават вельмі розных людзей.

«Святыя Сымон і Юда Тадэвуш не былі “супергероямі” веры. Яны былі звычайнымі людзьмі са сваімі характарамі, страхамі і пытаннямі, але дазволілі Хрысту перамяніць іх», — адзначыў іерарх. Менавіта таму, дадаў ён, яны застаюцца блізкімі людзям XXI стагоддзя.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітвай:

«Святыя Сымон і Юда Тадэвуш, выпрасіце нам у Бога ласку руплівасці і святой рэўнасці, якая будуе, а не разбурае; ласку надзеі, нават тады, калі здаецца, што сітуацыя безнадзейная; ласку адзінства, якое патрабуе адкрытасці да іншага; ласку вернасці хрысціянскаму пакліканню, каб мы сваім жыццём сведчылі пра евангельскія каштоўнасці. Навучыце нас будаваць дом нашага жыцця на непахісным падмурку — Хрысце — і быць сведкамі Яго любові ў сучасным свеце».

Напрыканцы Эўхарыстыі прадстаўнікі катэдральнай парафіі павіншавалі заслужанага іерарха з днём нябеснага заступніка.