Skip to main content

«Пішу — і слёзы на маіх вачах»: пілігрымка да святыняў Францыі 

З 16 па 27 верасня

З 16 па 27 верасня пілігрымская група Viam Dei здзейсніла падарожжа да святыняў Францыі. Пілігрымка толькі што завяршылася, а яе ўдзельнікі ўжо дзеляцца першымі ўражаннямі ў сацсетках і інтэрнэт-старонках. Рэдакцыя Catholicminsk.by асабліва цэніць такія водгукі вернікаў, бо за маршрутамі і кіламетрамі ў іх заўсёды стаіць асабісты досвед сустрэчы з Богам. А калі гэты досвед апісаны настолькі ярка і шчыра, як у нататцы Вольгі Грузд, прайсці міма яго немагчыма. Таму сёння публікуем яе ўражанні, каб пра гэтае падарожжа даведалася як мага больш вернікаў. 

Дарога, якой не было ў планах

Хачу падзяліцца з нашай парафіяльнай супольнасцю момантамі свайго дзіўнага падарожжа па Еўропе. Дзіўнага таму, што пабывала ў сапраўды значных для Каталіцкага Касцёла месцах, а таксама таму, што ніколі нават не марыла туды трапіць, але Бог так пакіраваў. 

12 дзён падарожжа. 6300 км. Некалькі краін і шмат гарадоў. І ўсё гэта дзеля таго, каб трапіць да Маці Божай у Люрд, Францыя. 

Люрд: месца, дзе малітва гучыць на многіх мовах 

Люрд вядомы ва ўсім свеце дзякуючы санктуарыю, які штогод наведваюць некалькі мільёнаў католікаў.  

На яго тэрыторыі знаходзіцца грот Масаб’ель, дзе ў 1858 годзе мясцовай 14-гадовай дзяўчынцы Бэрнадэцце Субіру з’явілася Маці Божая. Бернадэтта спачатку нават не зразумела, што гэта за прыгожая Пані, уся ў белым, з ружамі на ступнях.

Вельмі цікава гэтая гісторыя перадаецца ў фільме «Песня Бэрнадэтты» (1943), які ёсць на YouTube. Раю паглядзець, каб зразумець, чаму столькі пілігрымаў штодня прыбывае ў гэтае святое месца. 

Праўду сказаць, я сама даведалася і пра Бэрнадэтту, і пра святую ваду, і пра грот толькі ў пілігрымцы. Хаця пра Люрд, канешне ж, чула раней. 

Апісаць усе свае пачуцці і ўражанні досыць цяжка. Але магу сказаць, што гэтае месца напаўняе Божай ласкай, дазваляе дакрануцца да тых скалаў, дзе стаяла Маці Божая, і адчуць духоўна неймаверную моц і прысутнасць Духа Святога.
 

Мы наведалі купальню, куды трапілі толькі на другі дзень. Вялікая колькасць людзей стаіць па некалькі гадзін у чарзе, каб апынуцца там. Мамы прыводзяць сваіх немаўлят, валанцёры вязуць у вазочках хворых і старых людзей. 

Ужо падыходзячы бліжэй да купальні, перадаюць мікрафон, каб кожны па чарзе маліўся «Вітай, Марыя» на сваёй роднай мове. Людзі там з усяго свету — Еўропа, Кітай, Карэя, Японія, Бразілія і многія-многія іншыя краіны. 

«Ave, Ave, Ave Maria» — і раптам беларуская мова 

У Люрдзе мы былі два дні. Кожны вечар бліз санктуарыя праводзіцца працэсія з фігуркай Божай Маці Люрдскай. Падчас працэсіі людзі ідуць са свечкамі і пад словы песні «Ave, Ave, Ave Maria» падымаюць свечкі ўгору, нібы факелы, што аж дух захоплівае, і моляцца на ружанцы на розных мовах. 

Мы былі ў захапленні ад святочнай атмасферы, але крыху засмуціліся, што ружанец гучаў на многіх мовах, але беларускай не было. 

Мабыць, Маці Божая пачула наш смутак і зрабіла так, што на наступны дзень беларуская мова ўсё ж загучала — на ўвесь Люрд!
 

Пішу — і слёзы на маіх вачах, бо менавіта мне і яшчэ адной дзяўчыне даручылі прачытаць «Вітай, Марыя» ў мікрафон перад тысячамі і тысячамі прысутных з усяго свету! І гэта падзея, як высветлілася пазней, адбылася тут упершыню! Мы, беларускія пілігрымы, вельмі ганарымся і радуемся, што так сталася, дзякуем Богу за такую магчымасць і з радасцю дзелімся з усімі вамі!

 Дарэчы, праз пару дзён пасля нас у Люрд завітаў Папа Рымскі, але мы з ім крыху размінуліся. 

Ля-Салет: горы, цішыня і месца для малітвы 

У кожным з гарадоў мы па магчымасці наведвалі святыні, слухалі арган, удзельнічалі ў святой Імшы. Але, акрамя Люрда, мяне моцна ўразілі яшчэ дзве мясціны, і гэта нават не гарады. Гэта Ля-Салет і Арс. 

Ля-Салет — горная вёсачка, якая знаходзіцца высока ў Альпах — 1800 м над узроўнем мора.

Падымаліся туды па серпантыне, назіралі і ўміляліся сотнямі авечак, якія пасуцца ў гарах, як калісьці пасвілі іх дзеці — хлопчык і дзяўчынка з бедных сямей, але менавіта іх выбрала Святая Панна і з’явілася перад імі. 

З’яўленняў было некалькі, падчас аднаго з іх Панна Марыя плакала і давала наказ людзям, каб трымаліся Божых запаведзяў, адмовіліся ад працы ў нядзелю, пакаяліся і больш маліліся. 

Мяне вельмі ўразіла, што гэтыя аб’яўленні адбываліся ўсяго 180 гадоў назад, зусім нядаўна.

І хоць Ла-Салет з’яўляецца вёскай, акрамя Нотр-Дам-дэ-ля-Салет і гатэля для прыезджых, там нічога няма. У інтэрнэце пішуць, што насельніцтва вёскі складае каля 68 чалавек, і яны рассыпаныя ў гарах. 

Факел у начной працэсіі 

Таксама ўвечары давялося прыняць удзел у працэсіі са свечкамі, і зноў жа Бог мяне благаславіў, і я нясла вялікі факел напачатку працэсіі з яшчэ двума ўдзельнікамі нашай пілігрымкі. 

У мяне з’явілася мара прыехаць у Ля-Салет калі-небудзь і пабыць там хаця б тыдзень. Горы, цішыня, спакой. Там хочацца проста быць, маліцца, медытаваць, разважаць.
 

Дарэчы, што Люрд, што Ля-Салет цудоўна функцыянуюць дзякуючы валанцёрам з усяго свету. Абсалютна любы католік можа па жаданні прыехаць і застацца на любы перыяд часу, несучы служэнне Богу і людзям. 

У Ля-Салет знаходзіцца магіла святога Яна Берцьера, заснавальніка ордэна Місіянераў Святой Сям’і, да якога належыць наш пробашч ксёндз магістр Дзяніс Шастаковіч MSF.
 

Ён прасіў мяне памаліцца каля магілы святога, што я з радасцю здзейсніла і даслала фотаздымкі. 

Арс: дом, дзе жыў і служыў будучы святы 

Арс — яшчэ адна знакамітая французская вёска. Там жыў і служыў каталіцкі святар Ян Марыя Віянэй. 

Вялікім шчасцем было пабываць у доме, дзе жыў будучы святы, адчуць тую атмасферу, у якой ён служыў і змяняў людзей да лепшага. Вельмі падрабязна і цікава пра яго жыццё распавядаецца ў кнізе «Які перамог д’ябла». Раю пачытаць. 

Што прывезці з пілігрымкі дадому? 

Пра гэту пілігрымку можна гаварыць шмат. Думаю, кожны атрымаў ад яе духоўныя плёны. 

У кожным святым месцы я малілася за нашу парафію, за ксяндза Дзяніса і ўсіх беларускіх святароў. І з радасцю падзялюся святой вадой з Люрда, якую праз тысячы кіламетраў спецыяльна прывезла для нашых фаніпальскіх католікаў. 

І ўсё ж — пра наш Будслаў 

У Люрдзе цудоўна, але не будзем забываць пра святыя месцы, куды не трэба ехаць праз тысячы кіламетраў, напрыклад, пра наш Будслаў! Бо там таксама было аб’яўленне Маці Божай, туды таксама ідуць і едуць пілігрымы, і там таксама неймаверная атмасфера падчас працэсіі са свечкамі… 

Пра аўтарку 

Вольга Грузд — удзельніца пілігрымкі да французскіх святыняў, арганізаванай групай Viam Dei. У сваім Instagram @volhahruzd яна дзеліцца падзеямі свайго жыцця, асабістымі назіраннямі і інсайтамі. У профілі Вольгі можна таксама знайсці яе публікацыі пра нядаўнюю пілігрымку. Вольга — з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі ў Фаніпале, і гэтыя нататкі мы знайшлі менавіта на сайце яе парафіі.  

Дзякуем за вашы гісторыі 

Рэдакцыя Catholicminsk.by дзякуе Вольге Грузд за гэты шчыры і вельмі асабісты тэкст. Такія гісторыі важныя, бо дапамагаюць убачыць пілігрымку не толькі як маршрут да пэўнай святыні, але і як асабісты шлях чалавека, яго малітву, перажыванні і сустрэчы. 

Калі вы таксама нядаўна вярнуліся з пілігрымкі, наведалі святыню або перажылі падзею, якой хочацца падзяліцца з іншымі вернікамі, — пішыце нам. Будзем радыя вашым гісторыям, уражанням і сведчанням. Магчыма, менавіта ваш тэкст стане для кагосьці натхненнем адправіцца ў дарогу, адкрыць для сябе новую святыню або па-новаму паглядзець на ўласную веру.