Skip to main content

«Дыялог, які нас зблізіў»: сведчанне Ані і Андрэя Кудласевічаў аб радасцях і цяжкасцях сямейнага жыцця (+анонс)

23-25 кастрычніка 2026 года
  • 19 верасня, 2026
  • Тэкст і фота: Аня і Андрэй Кудласевічы

Маладыя людзі ўсё часцей звяртаюць увагу на рух «Сужэнскія сустрэчы», які дапамагае будаваць адносіны на надзейнай аснове. Аня і Андрэй Кудласевічы вырашылі падзяліцца ўласнай гісторыяй. Яны расказваюць пра свае ўражанні ад рэкалекцый «Сужэнскіх сустрэч» і пра тое, што гэты досвед прынёс іх сям’і.

Андрэй і Аня ў сужэнстве ўжо 13 гадоў і выхоўваюць дзвюх дачок. Як прызнаюцца сужэнцы, за гэты час яны «перажылі шмат як вельмі радасных момантаў, так і вельмі складаных сітуацый у сваіх адносінах». «І цяпер, праз столькі гадоў, мы з вялікім гонарам глядзім на шлях, які прайшлі разам, і на наша жыццё сёння», — дадаюць яны. Значную ролю ў гэтым адыгралі «Сужэнскія сустрэчы».

Андрэй

На рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч» мы трапілі ў кастрычніку 2023 года. Даведаліся пра іх ад блізкіх сяброў, якія пабывалі на такім уік-эндзе годам раней і так «смачна» пра яго расказвалі, што і нам захацелася самім перажыць гэты досвед.

Аня

На той момант другая дачка была яшчэ зусім маленькая — ёй быў год і дзесяць месяцаў. Паўстала пытанне, дзе і з кім яе пакінуць. Але, відаць, Богу было патрэбна, каб мы апынуліся на гэтым уік-эндзе, і нам удалося ўсё арганізаваць.

Я ехала з чаканнем, што нам удасца пабыць толькі ўдваіх — без бытавых клопатаў, без працоўных спраў.

Андрэй

Сапраўды, на той момант у нашых адносінах не ўсё было проста, і я спадзяваўся, што гэты час удваіх дапаможа нам зблізіцца. Яшчэ мяне вельмі прывабіў сам фармат уік-энду, калі мы можам быць толькі ўдваіх. Такіх момантаў вельмі не хапала ў нашым звычайным штодзённым жыцці.

Аня

Фармат рэкалекцый мне спадабаўся тым, што не трэба было расказваць пра сябе і сваю сям’ю ўсім прысутным, а дыялог адбываўся толькі паміж намі двума.

І ўвогуле менавіта на гэтым уік-эндзе мы пазнаёміліся з самім паняццем дыялогу: як ён будуецца, якія яго асноўныя правілы, як размаўляць адно з адным, калі нешта не задавальняе ў адносінах. І ўсё гэта прапаноўвалася рабіць, абапіраючыся на свае пачуцці, каб не толькі слухаць іншага, але і ЧУЦЬ яго.

Магчыма, упершыню мы змаглі сказаць адно аднаму тое, пра што раней не адважваліся ці баяліся гаварыць. А пра некаторыя рэчы нават не здагадваліся, што пра іх варта пагаварыць.

Андрэй

З таго моманту, як у нашым жыцці з’явіліся «Сужэнскія сустрэчы», я на ўласным досведзе адчуў, як могуць змяняцца адносіны паміж намі.

Ужо цяпер, праз тры гады, я разумею, што рашэнне прыехаць на рэкалекцыі стала адным з самых важных рашэнняў у нашым сужэнскім жыцці. Гэты досвед падарыў нам пачуццё еднасці адно з адным, навучыў мяне дзяліцца сваімі перажываннямі без страху і з павагай да пачуццяў Анюты.

Правілы дыялогу трывала ўвайшлі ў наша жыццё, прычым не толькі ў нашы сужэнскія адносіны, але і ў адносіны з іншымі людзьмі: з дзецьмі, бацькамі, калегамі.

Аня

Рэкалекцыі сталі для нас лячэбнай дозай пад назвай «Любоў» — дозай, дастатковай для аздараўлення нашых адносін.

І хочацца скончыць такой метафарай: калі аднойчы навучыўся ездзіць на веласіпедзе, то ўжо зможаш паехаць на ім у любым узросце. Так і тут: калі хоць аднойчы адчуў, як дыялог можа ўплываць на адносіны, ужо ніколі не забудзеш гэтага стану.

Рух «Сужэнскія сустрэчы» існуе ўжо больш за 20 гадоў, і ўвесь гэты час дапамагае парам і кансэкраваным асобам у пошуку шляхоў умацавання адносін, пераадоленні крызісаў рознай ступені цяжкасці, аднаўленні эмацыйнай блізкасці, цеплыні і ўзаемапаразумення. Асаблівую папулярнасць руху забяспечвае тое, што сустрэчы ладзяцца ў форме рэкалекцый па ўнікальных аўтарскіх праграмах, прычым удзельнікамі могуць быць як сямейныя пары са стажам, так і тыя, хто толькі рыхтуецца да шлюбу, — незалежна ад веравызнаўства. Галоўны сэнс сваёй дзейнасці рух бачыць у клопаце пра тое, каб важнае служэнне магло дасягнуць як мага большай колькасці сем’яў і кансэкраваных асоб.

  • Бліжэйшыя рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч» адбудуцца 23-25 кастрычніка ў Мінску.
  • Запіс і падрабязная інфармацыя па тэлефоне: +375 (29) 652 11 44.