Skip to main content

У Мсцібаве з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча сустрэлі копію абраза Маці Божай Міласэрнасці

17 верасня
  • 18 верасня, 2026
  • Фота: Алена Раманчук // Catholicminsk.by

17 верасня парафію святога Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат) наведала копія абраза Маці Божай Вастрабрамскай у рамках перэгрынацыі з нагоды 35-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі. У гэтай ўрачыстай падзеі прыняў удзел арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Перад распачаццем Эўхарыстыі арцыпастыр разам з пробашчам парафіі ксяндзом Паўлам Безляповічам сустрэлі Маці Божую ў копіі Яе цудатворнай выявы. Затым пробашч прывітаў іерарха і ўсіх прысутных. Распачалася Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Падчас прамоўленай гаміліі арцыпастыр узгадаў словы, якія віднеюцца на франтоне Вострай Брамы ў Вільні: Mater Misericordiae sub tuum praesidium confugimus — «Маці Міласэрнасці, пад тваю абарону прыбягаем». Яны сведчаць аб тым, што культ Маці Божай Вастрабрамскай распаўсюджаны на нашай зямлі. Са свайго досведу арцыбіскуп узгадаў, што яшчэ зусім нядаўна складана было знайсці касцёл ці нават дом, у якім жывуць католікі, дзе не было б абраза Маці Божай Вастрабрамскай, а ў эўхарыстычнай працэсіі неслі «шчыт» з Яе выявай.

Іерарх таксама нагадаў, што Вастрабрамская капліца гістарычна звязана з культам Езуса Міласэрнага, бо менавіта таму 1935 годзе першы арыгінальны абраз Езуса Міласэрнага, які быў намаляваны ў Вільні, быў выстаўлены для публічнага пакланення. «Можна сказаць, што там спаткаўся Езус Міласэрны са сваёй Міласэрнай Маці», — падсумаваў ён.

Божая Міласэрнасць, паводле арцыбіскупа, «з’яўляецца галоўнай характарыстыкай Бога». Таму апостал Павел кажа: «Бог бязмежны ў сваёй міласэрнасці», а папа Францішак дадае: «Імя Бога — міласэрнасць».

Прамоўца нагадаў, што апроч тысяч пілігрымаў, якія штодзённа наведваюць гэтае святое месца, у 1993 годзе капліцу ў Вострай Браме наведаў святы Ян Павел II і звярнуўся да вернікаў Беларусі са словамі падзякі за дар рэлігійнай свабоды пасля доўгіх гадоў вымушанага маўчання пра Бога, а ў 2018 годзе папа Францішак быў там і сказаў, што, нягледзячы на розныя змены, якія адбываюцца ў свеце, Маці Міласэрнасці як знак нязменнай надзеі і суцяшэння няспынна апякуецца сваім народам з Вострай Брамы.

«Нашыя продкі спакон вякоў пілігрымалалі да падножжа гэтага цудадзейнага абраза і выпрошвалі патрэбныя ласкі сабе і свайму народу»,

— падкрэсліў ён і дадаў, што ў часы ганенняў падчас урачыстасцей беларускія святары з вернікамі збіраліся ў санктуарыі, цэлебравалі Імшу, выпрошваючы ласку свабоды веравызнання.

«Бог выслухаў нашыя просьбы і праз Марыю адарыў нас гэтай ласкай. Дзякуючы Яму 35 гадоў таму былі адроджаны нармальныя іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне і была заснавана Гродзенская дыяцэзія», — падкрэсліў ён.

Далей іерарх сцвердзіў, што сёння чалавецтва жыве ў эпоху шматлікіх крызісаў — палітычных, эканамічных, дэмаграфічных, сямейных, грамадскіх і г. д. Паводле яго, іх прычынай з’яўляецца маральны крызіс чалавека, калі ён адкідвае Божы закон і імкнецца жыць паводле сваіх правілаў.

Паглыбляючыся ў дадзеную тэматыку, арцыпастыр вывеў прычыну маральнага крызісу чалавека, якая, паводле яго, знаходзіцца ў падмене аб’яўленай Богам праўды меркаваннем людзей. Адну частку гэтай праўды, як, напрыклад, евангельскі аповед пра Божае Нараджэнне, ён прымае, а іншую, якая забараняе амаральнае жыццё — адкідвае. «Але Божы закон нам дадзены не для таго, каб мы падпарадкоўваліся меркаванню людзей і каб мы яго  змянялі, але каб мы падпарадкоўваліся яму і ён змяняў нас. Каб, замест духа свецкасці, мы жылі духам боскасці.

Чалавек створаны Богам і не можа Яго замяніць»,

— акцэтаваў ён.

У апошнія часы, заўважыў арцыбіскуп, усё часцей праяўляецца яшчэ адна тэндэнцыя — рэлігійная абыякавасць. Чалавеку ўсё роўна — ці ёсць Бог, ці Яго няма, ці ёсць Божы закон ці яго няма і г.д. Такім чынам чалавек траціць пачуццё сакральнасці і становіцца на шлях свецкага жыцця. Становіцца зразумела, што гэтыя тэндэнцыі нішчаць духоўнасць чалавека, прыводзячы яго да духоўнай смерці.

«Дзе шукаць паратунку?» — задаўся пытаннем прамоўца. І тады ён узгадаў словы святога Яна Паўла ІІ, што «адзінай надзеяй свету з’яўляецца Божая Міласэрнасць». Паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, яна сыходзіць ад Міласэрнага Езуса, аб чым сведчыць абраз Божай Міласэрнасці. «Але да Езуса вядзе Яго Міласэрная Маці, — заўважыў галоўны цэлебрант. — Яна выпрасіла першы цуд у Кане Галілейскай. Яна паспяшыла з дапамогай міласэрнасці да Альжбеты і ў яе дом прынесла Езуса, які выбавіў ад першароднага граху яшчэ ненароджанага Яна Хрысыціцеля. У 1917 годзе, калі атэістычны рэжым прыйшоў на нашу зямлю, Яна прадказала ўсе яго жахлівыя наступствы і дала надзею на адраджэнне веры, чаго сведкамі і ўдзельнікамі мы з’яўляемся».   

Арцыпастыр выразіў упэўненасць у тым, што сучасны свет патрабуе сведкаў веры, каб паказваць іншым нязменныя евангельскія каштоўнасці Божага Валадарства. Дзякуючы ім, вера можа быць рэалізавана ў штодзённым жыцці. Папа Леў XIV заклікае перайсці ад пасіўнай рэлігійнасці да актыўнай.

«Замест скардзіцца на заняпад веры, хрысціяне пакліканы закасаць рукавы і сваім жыццём змяняць свет»,

— заўважыў іерарх.

Хрысціянскае сведчанне, паводле яго, — гэта не проста пераказ рэлігійных праўдаў, але жывы і дзейсны інструмент пераўтварэння свету. Таму ён заклікаў прысутных, каб, «спалучаючы радасць веры, учынкі міласэрнасці, прыхільнасць да праўды і міру, а таксама сведчанне асабістага навяртання», яны ўносілі свой уклад «у адраджэнне сапраўднай чалавечнасці і маральнасці ў сучасным свеце».

Арцыбіскуп Тадэвуш заўважыў, што сёння «вернікі Мсцібава маюць вялікую ласку і магчымасць аднавіць культ Божай Маці Міласэрнасці». Таму перэгрынацыя копіі Яе абраза, паводле яго, не можа успрымацца імі толькі як чарговая рэлігійная і культурная падзея, але павінна глыбока запасці ў іх сэрцы дзеля ажыўлення іх веры, надзеі і любові.    

Іерарх завяршыў сваю гамілію наступным малітоўным заклікам: «Марыя, якая свеціш у Вострай Браме, як казаў Адам Міцкевіч, прыкладам сваёй згоды з Божай воляй і паслухмянасці Яму асвятляй шлях нашага жыцця, каб мы не заблудзілся і дасягнулі радасці вечнага жыцця ў небе».