Skip to main content

У Мінскім тэалагічным каледжы ў пачатку верасня адбудзецца ўрачыстае распачацце новага навучальнага года

5 верасня
  • 27 жніўня, 2026
  • Фота: firmap.ru, з архіва каледжа і выпускнікоў-2026 // Catholicminsk.by


5 верасня ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля адбудзецца ўрачыстая інаўгурацыя (распачацце) 2026-2027 навучальнага года.

Мерапрыемства распачнецца ў касцёле Святога Духа ў Мінску (праезд Галадзеда, 15В) святой Імшой у 9.00, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля Імшы ў дольным касцёле адбудзецца традыцыйная інаўгурацыйная сустрэча. Цэнтральнымі падзеямі стануць уручэнне дэкрэта новаму выкладчыку і заліковак студэнтам першага курса. У гэтым годзе на першы курс залічаны 21 навучэнец. Новыя студэнты каталіцкай навучальнай установы пасля ўрачыстай часткі змогуць пагутарыць за пачастункам, а пасля прыступіць да першых заняткаў.

Інаўгурацыя ў Мінскім тэалагічным каледжы — гэта не проста пачатак чарговага года навучання, а шматгадовая традыцыя, якая збірае на супольную сустрэчу студэнтаў, іх сем’і і сяброў, пробашчаў парафій, выкладчыкаў і супрацоўнікаў каледжа, а таксама і былых выпускнікоў.

Такім чынам, як ужо не раз адзначыў дырэктар каледжа ксёндз канонік доктар Ян Крэміс, гэтая падзея яднае ўсіх, хто мае дачыненне да жыцця навучальнай установы.

Мінскі тэалагічны каледж заснаваны ў 2010 годзе. Установа рыхтуе свецкіх вернікаў для служэння па розных кірунках: тэалогія, катэхетыка, касцёльны спеў, рэлігійны турызм, супрацоўніцтва ў каталіцкіх сродках масавай камунікацыі, касцёльны сурдапераклад. З 2025 года каледж перайшоў на чатырохгадовую праграму навучання.