Зварот Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ва ўспамін святога Крыштафа
- 24 ліпеня, 2026
- Выява ілюстрацыйная // Паводле
- Catholic.by
Ва ўспамін святога Крыштафа, апекуна кіроўцаў і ўсіх тых, хто знаходзіцца ў дарозе, які адзначаецца 25 ліпеня, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звяртаецца да кіроўцаў і ўсіх ўдзельнікаў дарожнага руху.
Любыя браты і сёстры, удзельнікі дарожнага руху.
Мы ведаем, што святы Кшыштаф з’яўляецца апекуном аўтамабілістаў і вандроўнікаў. У гэты дзень, па традыцыі, якая існуе з 1934 года, благаслаўляюцца кіроўцы, асвячаюцца іх аўтамабілі, матацыклы, веласіпеды і іншы транспарт.
— пад такім тытулам падчас пантыфікату папы Бэнэдыкта XVI пад датай 24 мая 2007 года года апублікавана інструкцыя Папскай рады пастырскай апекі мігрантаў і падарожнікаў. Гэты дакумент змяшчае таксама «дэкалог для кіроўцаў». Дакумент, прысвечаны памяці Маці Божай Вулічнай («Мадонна дэла Страда»), быў падпісаны старшынёй рады кардыналам Рэната Марціна і яе сакратаром арцыбіскупам Агасціна Маркета які, дарэчы, быў у свой час Апостальскім нунцыем у Беларусі.
У гонар надыходзячага ўспаміну святога Крыштафа нагадваем «Дэкалог кіроўцы» (узята з арыгінала):
Ты — кіроўца на дарозе, і ты не адзін. Бог твой над усім, таму заўсёды памятай пра гэта:
- Вы не будзеце эгаістамі на дарозе.
- Вы не будзеце рэзкімі ў словах, дзеяннях і жэстах у адносінах да іншых людзей.
- Не забывайце маліцца і шанаваць святога Кшыштафа, калі выбіраецеся ў дарогу, а таксама ведайце, як дзякаваць.
- Паважайце пешаходаў.
- Не забівайце — будзьце цвярозымі.
- Прышпіліце рамень бяспекі — вы будзеце ў бяспецы.
- Не перавышайце хуткасць.
- Не падвяргайце сябе і іншых небяспецы.
- Дапамагайце тым, хто мае патрэбу на дарозе.
- Выконвайце правілы дарожнага руху, паважайце працу нашай паліцыі.
Мае дарагія, кожны, хто просіць аб Божым благаслаўленні для сябе і асвячэнні транспартнага сродку, павінен памятаць, што гэты абрад нагадвае пра адказнасць бяспечнага кіравання ім і пра неабходнасць дакладна выконваць правілы дарожнага руху.
Любая моладзь, дарагія дзеці, звяртаюся асабліва да вас. Часта, адпачываючы на канікулах, вы спяшаецеся хутчэй сесці за руль аўтамабіля ці матацыкла (скутара ці квадрацыкла). Прашу вас: падумайце, ці вы маеце на гэта дазвол і ці гэта бяспечна, не спяшайцеся! Не лётайце навыперадкі з ветрам, не дадавайце сівых валасоў сваім бацькам і іншым удзельнікам руху!
Звяртаюся таксама да бацькоў, якія дораць падарункі дзецям не па іх узросту і магчымасцях. Падарыце ім кнігу, навучыце працаваць, размаўляць з бабулямі і дзядулямі. Больш звяртайце ўвагу на сваіх дзяцей. Яны ў вас вельмі здольныя і таленавітыя, аднак не апярэджвайце жыцця ― на ўсё свой час, на квадрацыкл таксама. Яны «крутыя» не праз тое, што маюць і чым валодаюць, але праз сваё выхаванне.
І прашу: памятайце пра малітву кіроўцы, нават, калі за рулём хтосьці іншы.
З благаслаўленнем на бяспечнае падарожжа,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Малітва кіроўцы
Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе.
Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо калецтва тых, каму Ты даў жыццё.
Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною.
Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці.
Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.